Таццяна Працук: «Першыя дні работы маладога спецыяліста павінны быць дакладна распісаны»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

З тым, што не ў кожнай арганізацыі горада і вёскі праводзіцца належная і планамерная работа з маладымі спецыялістамі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук сустракаецца вельмі часта. У чым прычына? У нежаданні старэйшых спецыялістаў навучаць маладых альбо, наадварот, маладыя не імкнуцца працаваць належным чынам. Тым не менш, выпрацаваная і наладжаная сістэма работы з маладымі спецыялістамі ў многіх калектывах дае свой плён. За парадамі, якія спатрэбяцца іншым кіраўнікам спецыялістам, што працуюць з колішнімі выпускнікамі, звяртаемся да Таццяны Віктараўны Працук.

_0005720

– Давайце яшчэ раз патлумачым, у чым жа важнасць сістэмы работы з маладымі спецыялістамі?

– Яна дае магчымасць для паскарэння самарэалізацыі маладых спецыялістаў, удасканалення прафесійных навыкаў, фарміравання з маладога спецыяліста высокакваліфікаванага спецыяліста, планавання і развіцця кар’еры, спрыяе замацаванню маладога спецыяліста на працоўным месцы. Аднак аднаго толькі разумення яе важнасці недастаткова – поспех магчымы толькі пры планаванні, кірунку і каардынацыі гэтай работы ў маштабах усёй арганізацыі.

– У нашым раёне гэтая сістэма замацавана на ўзроўні райвыканкама…

– Так, было распрацавана рашэнне Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта ад 16 мая 2014 г. № 509 “Аб арганізацыі работы па замацаванні і адаптацыі маладых спецыялістаў і маладых рабочых у арганізацыях Глыбоцкага раёна», таксама райвыканкамам на два гады распрацоўваецца план мерапрыемстваў па працы з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на працу ў Глыбоцкі раён. Такі ж план павінен быць і ў кожнай арганізацыі. Адказнымі спецыялістамі распрацоўваецца і падтрымліваецца ў актуальным стане банк дадзеных маладых спецыялістаў арганізацыі, а таксама спецыялістаў, якія засталіся працаваць па месцы размеркавання пасля заканчэння тэрміну абавязковай працы на працягу пяці гадоў. У банку дадзеных утрымліваецца інфармацыя аб месцы працы, пасадзе, адукацыі, забяспечанасці жыллём, выплатах, прычыне і даце звальнення, месцазнаходжанні маладога работніка. У нас практыкуецца правядзенне маніторынгу вынікаў працаўладкавання маладых спецыялістаў.

– Што паказваюць лічбы маніторынгу?

– Больш за 37 працэнтаў маладых спецыялістаў застаецца на сваім першым месцы працы.

– Якія ж арганізацыі лічацца лідарамі па замацаванні спецыялістаў?

– Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, установа аховы здароўя “Глыбоцкая цэнтральная раённая бальніца”. Застаюцца на Глыбоччыне і маладыя спецыялісты, якія працуюць у сферы культуры.

–А гэта значыць, што сістэма работы з навічкамі тут наладжана.

– Было б цудоўна, каб і іншыя арганізацыі перанялі вопыт і працавалі з маладымі спецыялістамі належным чынам. А пачынаць трэба з каледжаў, ВНУ, тэхнікумаў – кадравым службам запрашаць студэнтаў для праходжання вытворчых практык, прадстаўнікам арганізацый выязджаць для сустрэчы са студэнтамі-выпускнікамі і ўдзельнічаць у рабоце камісій па размеркаванні выпускнікоў, складаць дамовы на навучанне з адукацыйнымі ўстановамі.

Першыя дні работы маладога спецыяліста павінны быць дакладна распісаны. Працэдура “Уводзіны ў карпаратыўную культуру” пачынаецца ў першы дзень маладога спецыяліста на працы – з экскурсіі па арганізацыі, падчас якой  знаёмяць з гісторыяй яе развіцця, традыцыямі, з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, сістэмай аплаты працы, арганізацыйнай структурай і кадравай палітыкай, абавязкамі і адказнасцю маладых спецыялістаў. На працягу першага тыдня кіраўніку пажадана штодня бачыцца з работнікам, пазнаваць пра поспехі і дапамагаць ліквідаваць праблемы. Хацелася б нагадаць, што сустрэчы і індывідуальныя гутаркі кіраўнікоў арганізацый з маладымі спецыялістамі па вырашэнні прафесійных, жыллёва-бытавых пытанняў павінны праходзіць не радзей за адзін раз у паўгоддзе.

Сістэма развіцця і навучання таксама ўключае: настаўніцтва, стажыроўку, конкурсы прафесійнага майстэрства, навукова-тэхнічныя конкурсы і канферэнцыі, семінары. Конкурсы прафесійнага майстэрства «Лепшы па прафесіі» – адно з найважнейшых звенняў у сістэме работы з маладымі спецыялістамі.

– І нам ёсць чым пахваліцца…

– На Глыбоччыне арганізавана спаборніцтва сярод маладых хлебаробаў на сяўбе, на жніве, праводзяцца конкурсы «Настаўнік года», «Лепшы па прафесіі» ў сістэме спажыўкааперацыі, сярод маладых аператараў машыннага даення
і іншыя.

Маладыя спецыялісты, якія добра праявілі сябе на практыцы, – асноўная крыніца папаўнення рэзерву кадраў на вылучэнне. Вельмі важна, каб пра магчымую перспектыву службовага росту маладыя спецыялісты ведалі з першых дзён працы ў арганізацыі і імкнуліся выконваць патрабаванні.
Сумесная праца з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі (РГА “Белая Русь”, ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, прафсаюзная арганізацыя і інш.) таксама дазваляе раскрыць патэнцыял маладых спецыялістаў. Сустрэчы моладзі з ветэранамі арганізацый спрыяюць перадачы вопыту, традыцый ад пакалення да пакалення. Цікавая і добра арганізаваная культурна-масавая і адукацыйная праца ў арганізацыі – залог стварэння сяброўскай атмасферы і паспяховага супрацоўніцтва. Спартакіяды, вечары адпачынку, шоў-праграмы, прафесійныя святы, экскурсіі, паходы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, творчыя фестывалі, конкурсы, спартовыя спаборніцтвы, акцыі. У нашым раёне праводзіцца шмат цікавых і разнастайных мерапрыемстваў для моладзі, неабходна толькі даносіць інфармацыю пра гэтыя мерапрыемствы да маладых спецыялістаў.

– Будзем старацца і мы папулярызаваць прафесійныя дасягненні маладых спецыялістаў, расказваць пра іх працоўныя будні, паказваць станоўчыя прыклады работы з маладымі спецыялістамі…

– Наша задача – замацаваць на першым рабочым месцы таленавітых маладых спецыялістаў, а для гэтага арганізацыі, прадпрыемству не варта шкадаваць сродкаў на іх дадатковае навучанне, на дадатковыя льготы ў калектыўных дагаворах, уключэнне ў іх дадатковых сацыяльных гарантый, якія стымулююць жаданне застацца ў арганізацыі пасля адпрацоўкі.

Даведка. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з раённым камітэтам ГА «БРСМ» выпусціў даведнік “Партфель маладога спецыяліста”, у якім змяшчаюцца адказы на пытанні, што хвалююць маладых спецыялістаў: іх правы і абавязкі, пытанні льготнага крэдытавання, дзейнасць маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў, даведачная інфармацыя.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru