«Залатыя ручкі ў маёй унучкі»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

бачылі б Вы, як свяціліся ад радасці (бы сонейка ў той дзень за акном)  вочы Марыі Уладзіміраўны Пашковіч, калі пра яе ўнучку Леначку гаварылі цёплыя словы калегі  – супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў на ўрачыстым адкрыцці персанальнай выставы.  

DSC_0125


– Восень выткала на дыване з жоўтых лісцяў свае ўзоры, а Алена Міхайлоўская, наш майстар па ткацтве, – свае. Адметныя, непаўторныя… – захаплялася рукадзельніцай і яе творамі загадчык  установы Святлана Скавырка.

DSC_0149
– Я ў захапленні ад людзей, якія займаюцца ткацтвам. Гэтае рамяство – вышэйшая матэматыка для мяне. Усе ўзвышаныя словы адрасую табе, Леначка. Ты, малайчына,  за год пасля выхаду з “дэкрэтнага адпачынку” зрабіла персанальную выставу “Вытканыя ўзоры”, – хваліла кіраўнік народнага клуба майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук.


Алена Міхайлоўская родам з г. п. Падсвілле. Закончыла Віцебскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “тэхналогія вырабу тканіны”. Першае месца працы – Пастаўскі Дом рамёстваў. Праз паўгода ўжо стала працаваць у Глыбоцкім Доме рамёстваў. Сваёй настаўніцай лічыць Веру Васільеўну Байкову. Пад яе кіраўніцтвам авалодала такімі відамі ткацтва як чатырохнітовае, бранае, у тэхніцы “дымка”. Першая персанальная выстава – “Творчыя замалёўкі” (2013 год). Замужам, двое дзетак.


Добрыя словы адрасавала Алене і калега, малодшы супрацоўнік Дома рамёстваў Таццяна Карнеева, дзякуючы якой у майстра па ткацтве з’явілася новая калекцыя – адзенне. На выставе ў тканых уборах “фарсілі» манекены.

– У Алены было тры месяцы, каб падрыхтавацца да конкурсу верхняга касцюма Віцебшчыны, і яна паспела. Спадніцы, фартух, хусткі былі створаны з нуля – закладзена аснова, падабраны ніткі, – гаварыла Таццяна Гардзееўна і нахвальвала калегу за аператыўнасць, хуткасць, адказнасць.

Віншавала з адкрыццём персанальнай выставы маладую ткачыху і яе сяброўка “па кабінеце” – Кацярына Кляпацкая, майстар па валянні з воўны, якая кожны дзень бачыць, як нараджаюцца, дзякуючы карпатлівай працы ўседлівай суседкі, тканыя цуды: габелены з храмамі, птушкамі, дрэвамі…

– Калі Алена перабірала нітачкі, схіліўшыся над распачатым творам, то яна сама расцвітала, – згадвала Кацярына прыемныя моманты работы сваёй суседкі над габеленам “Мелодыя душы”.

– Так, – згаджалася Алена. – Ніткі былі нацягнуты, як струны, і мне хацелася спяваць. Я гаварыла ўсім: “Гэта мая песня!”.

Але як няпроста прыйшлося ствараць гэтую “Мелодыю…”, ведае ўвесь калектыў Дома рамёстваў.

– Гэта сапраўдныя мукі творчасці, – пракаментавала Святлана Скавырка.

– І вельмі доўгія, – зазначыла аўтар. – Па маёй задуме Віктар Баляслававіч Дудкевіч зрабіў эскіз, бо я сама маляваць не вельмі ўмею. Другая справа – ніткі перабіраць, пайграць з колерам. Так атрымалася, што на чатыры з паловай гады я пайшла ў “дэкрэт”. Эскіз адклала ўбок. Пасля працяглага адпачынку свае эмоцыі мне захацелася перанесці менавіта ў гэты габелен, толькі колер (па задуме мастака – ружовы) замяніла на бардовы і зрабіла літаральна сантыметраў пяць. Не спадабалася – зноў адклала работу. Праз колькі часу вырашыла вярнуцца да задуманага Віктарам Баляслававічам колера – ружовага… Бардовы габелен распляла, новыя ніткі заклала і душа заспявала…

Бабуля ўважліва слухала, загадкава ўсміхалася. Яна ж ведала, чаму “залатыя ручкі” мае ўнучка.

– Увесь наш род – краўцы і ткачыхі, – рассказала Марыя Уладзіміраўна. – Габелены ткалі, з саломкі плялі. Мой тата быў кавалём. Мамін родны брат боты, чаравікі шыў. Маміны сёстры ткалі, шылі. Мама сама ўмела ткаць і ў 4 ніты, і ў 8, і ў 10, і ў 20 нітоў. Магла і мужчынскі касцюм саткаць, і жаночы, як цяпер Леначка. І я за мамай з 6 гадоў вучылася ткацтву.

– Тваё ўменне ткаць перадалося на генетычным узроўні, – звярнулася да Алены Міхайлоўскай яе старанная вучаніца, супрацоўніца раённай бібліятэкі Марына Ізаітка. – Але я спадзяюся, што гэтае ўменне перадасца ад цябе, Алена, і мне. Запрашаю ўсіх прысутных на вучобу. Ткацтва – гэта такое цікавае захапленне.  

Уявіце толькі: раней жа ткацтва было жыццёвай неабходнасцю. Адзенне ткалі, а яшчэ дываны, дарожкі, посцілкі, абрусы ў хату, ручнікі па рознай нагодзе… І ў такой дзяўчыны-ўмеліцы, як Алена, жаніхоў чарга стаяла б – яе мужу Сяргею пашчасціла такі скарб знайсці. Бо ўсё, што пералічана вышэй з тканых рэчаў, на выставе Алены ёсць. А яшчэ лялькі, габелены… Усё самае рознае па колерах і па ўзорах. Здаецца, і час тут дзіўным чынам пераплецены: тканая дарожка  – з джынсаў, лялькі ў беларускіх тагачасных уборах – з глыбоцкім арнаментам-вішняй, а побач з габеленам са збаночкамі і дрэвам жыцця – габелен з мядзведзікам…

– Працяг  будзе, – паабяцала на развітанне Алена Міхайлоўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

восемнадцать − 5 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: