У Глыбокім праходзіў міжнародны семінар “Новыя спосабы паляпшэння жыцця пажылых людзей”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Ён быў арганізаваны ў рамках праекта “Некамерцыйныя арганізацыі для паляпшэння жыцця пажылых  людзей у рэгіёнах Балтыйскага мора”.

DSC_6336

Пілотны праект разлічаны на год і мае на мэце вывучыць магчымасці для таго, каб зрабіць жыццё людзей, што знаходзяцца на заслужаным адпачынку,  творчым, актыўным і максімальна карысным. Праект коштам каля васьмідзесяці тысяч еўра рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Савета Міністраў краін Балтыйскіх і Скандынаўскіх краін. Асноўным  яго партнёрам з’яўляецца Карэльскі рэсурсны цэнтр па рабоце з пажылымі людзьмі,  у ліку партнёраў-саўдзельнікаў – Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт і  “Мясцовы фонд” Цэнтра ўстойлівага развіцця тэрыторыі “Азёрны край”, якім кіруе Міхаіл Арэхаў.

—Праект стартаваў у сакавіку гэтага года. Першае мерапрыемства праходзіла ў Гданьску (Польшча), другое –  пачалося ў Даўгаўпілсе 11 кастрычніка і працягвалася на наступны дзень у Глыбокім. У склад замежнай  дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі  Польшчы, Латвійскага Бюро Еўрарэгіёна “Азёрны край”, гарадской і сельскай Даўгаўпілскай Краёвай Думы, рэсурснага Цэнтра і гарадскога ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне  насельніцтва з Петразаводска (Карэлія), — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Удзел у  рабоце семінара прымалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Сіўцэвіч, дырэктар Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ала Стоцік, прадстаўнікі прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый.

Напачатку госці паглядзелі відэафільм пра Глыбоччыну. Затым прысутных прывітала Галіна Унуковіч. З кароткім дакладам па рабоце з пажылымі грамадзянамі, якая праводзіцца ў  раёне, выступіла Таццяна Тарасевіч.

—Ветэранская арганізацыя Глыбоччыны – гэта 9 648 чалавек, аб’яднаныя ў 32 пярвічныя арганізацыі, якія працуюць на прадпрыемствах і  ў арганізацыях раёна, а таксама 20 аматарскіх аб’яднанняў, што “прыпісаліся” ў клубных установах і актыўна рэалізуюць здольнасці ў фальклорным, тэатральным, вакальным, дэкаратыўна-прыкладным відах дзейнасці. У іх ліку ансамбль “Весялушкі” і клуб народных майстроў “Спадчына” Падсвільскага ДК, народны клуб ветэранаў “Маналіт” Глыбоцкага ДК, фальклорная група вёскі Шо Івесьскага культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра, рэтра-група “Прашкаўчанка”…

У мерапрыемствах, дзе ўдзельнічаюць самабытныя калектывы, заўсёды свой асаблівы каларыт і глыбокая прыгожая душа няўрымслівага чалавека, у якога ніхто ніколі не пытаецца пра ўзрост, — гаварыла Таццяна Леанідаўна.

Апладысменты, уручэнне сувеніраў, сумесны прагляд фотаальбомаў і здымак на памяць – так скончылася тэарэтычная частка семінара.

У другой палове дня для гасцей была арганізавана экскурсія па горадзе. Затым яны наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН. З работай цэнтра і яго аддзяленняў, а таксама з сістэмай  сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту  прысутных пазнаёмілі дырэктар Ала Стоцік і загадчыца аддзялення Вольга Шаўчонак. Пра адзін з рабочых дзён расказала  сацыяльны работнік ТЦСАН Раіса Барткевіч. Супрацоўнікі аддзялення правялі экскурсію, а затым падводзілі вынікі сустрэчы за кубачкам гарбаты.

Госці задавалі шмат пытанняў, цікавіліся пералікам  і коштам аказваемых паслуг, колькасцю замацаваных за сацыяльным работнікам падапечных, лічылі-прыкідвалі і сыходзіліся на тым, што клопат дзяржавы пра пажылых, інвалідаў, нямоглых відавочны, падтрымка адчувальная, а плата – “ніжэй не бывае”. Скончылася праграма візіту наведваннем Дома самастойнага пражывання ў вёсцы Мосар.

У ходзе мерапрыемства  пагаварыла з некаторымі гасцямі.

Наталля Вартанава (Петразаводск, РФ), старшыня праўлення “Карэльскага рэгіянальнага аддзялення агульнарасійскага грамадскага аб’яднання “Саюз пенсіянераў Расіі” “Паўночныя званы”:

–Лічу, што пажылыя людзі – гэта моцная, мудрая, дзеяздольная «армія», сілы якой трэба накіроўваць дзеля вырашэння пастаўленых дзяржавай задач. Мы пераканаліся, што пажылы ўзрост – гэта новая старонка біяграфіі людзей, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб яна была яркай, насычанай і духоўна напоўненай.

Пані Марыя, Гданьск (Польшча), прадстаўляе праграму “Як жывуць старэйшыя людзі”:

– Я прыязджаю ў Беларусь, як на радзіму, бо тут мае карані.  Мама нарадзілася пад Полацкам. Доктар Гушча, які жыў у Патупах, і якога да цяперашняга памятаюць у вашых краях, быў маёй раднёй.  Мне 67 гадоў. На пенсію я пайшла толькі летась, бо любіла і хацела працаваць. Вольнага часу амаль не маю: займаюся падводным плаваннем, чацвёрты год вывучаю англійскую мову, займаюся грамадскай работай. Такія семінары  збліжаюць, даюць магчымасць вучыцца адзін у аднаго, браць усё лепшае, што дасягнута ў нашых краінах.

– Наступнае мерапрыемства, запланаванае ў рамках праекта,  пройдзе  сёлета ў снежні ў адной са скандынаўскіх краін, а заключная канферэнцыя, на якой мы будзем падводзіць вынікі сумеснай работы, — у Петразаводску ў наступным годзе. Плануем да гэтага часу зрабіць фільм, зацвердзіць інфармацыйныя пляцоўкі, дзе будзе знаходзіцца карысная інфармацыя для тых, хто працуе з пажылымі людзьмі, і рухацца далей у абраным накірунку, — сказаў Міхаіл Арэхаў.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

семь − 3 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: