У Глыбокае на кірмаш

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

На традыцыйным восеньскім кірмашы, які ў мінулую нядзелю прайшоў на Цэнтральнай плошчы горада, ставала ўсяго, чаго душа пажадае, былі б толькі грошы. Можна было і харчовыя запасы на зіму зрабіць, і купіць штосьці смачнае на сённяшні ці заўтрашні дзень. Калі ж улічыць, што на кірмашы свае вырабы выстаўлялі народныя майстры, то дадому можна было прынесці і адмысловы сувенір і ўпрыгожыць ім інтэр’ер  кватэры.

Субота-і-нядзеля-049

Кошт не палохаў

Але ж гэта яшчэ не ўсё, што можна было набыць у гэты дзень. А ўбачыць… Проста вочы разбягаліся ад прыгажосці, шчодра разлітай не толькі на падворках прадпрыемстваў  і сельсаветаў, але і на ўсёй плошчы. Музыка ж і песні гучалі на працягу ўсяго свята.

Субота-і-нядзеля-180
Уладзіміра Хмялеўскага, які ў час, калі працаваў галоўным спецыялістам па закупках і якасці прадукцыі райсельгасхарча, быў адказным за правядзенне ў горадзе восеньскіх кірмашоў, сустрэў ад самай раніцы.

Субота-і-нядзеля-157
—Саджанец агрэсту купіў, — заўважыў ён. – Прайшоўся па ўсёй плошчы і зрабіў выснову: прадпрыемствы і сельскагаспадарчыя арганізацыі падрыхтаваліся да кірмашу належным чынам: ёсць і мясныя вырабы, і зерне, і бульба, і гародніна, і рыба, шмат чаго іншага. І кошты, як кажуць у народзе, прымальныя. Калі працаваў у райсельгасхарчы, кірмашовы дзень быў для мяне самым цяжкім. Ад шасці гадзін раніцы быў ужо на плошчы: трэба ж было ўсё прадугледзець, расставіць машыны, палаткі так, каб пакупнікам было зручна набываць прадукты, тавары. Ведаю, што і сёння адказныя за кірмаш спецыялісты пачалі свой дзень рана-рана.

Субота-і-нядзеля-140
Размова не здоўжылася, і я прайшоў ад пачатку плошчы ў самы канец, каб пацікавіцца, як ідзе гандаль. Ішоў ён бойка, і адразу вылічыў, што найбольшы попыт быў на зерне, бульбу, гародніну, мясныя вырабы. Сярэднія кошты — такія: выразка – 9 рублёў за кілаграм, мяса ў разруб – 5, 5 рубля, фарш, язык – 6, субпрадукты – ад 80 капеек да 2 рублёў за кілаграм; мяшок бульбы (40 кг) каштаваў 14 рублёў, мяшок аўса – 12 рублёў, мяшок пшаніцы – 12 рублёў. Не палохалі кошты на гародніну, на ягады.

Субота-і-нядзеля-138
Глыбоцкі спявак і кампазітар Браніслаў Грамакоўскі ішоў насустрач з добрым настроем.

Субота-і-нядзеля-133
—І бульбу купіў танна, і яшчэ паабяцалі мне даставіць яе на дом, — кінуў на хаду і стаў у чаргу па гародніну і садавіну.

Субота-і-нядзеля-119
Тым часам на плошчы аб’явілі аб  адкрыцці кірмашу.

Субота-і-нядзеля-115
Кірмашовы карагод

Праграма яго ўтрымлівала шмат цікавінак: гэта, акрамя ўсяго,  і конкурс падворкаў сельсаветаў, і атракцыён “Шчаслівы выпадак” (аддаўшы 5 рублёў, можна было выйграць цяля), і вялікая канцэртная праграма. А завёў публіку народны тэатр фальклору “Цярэшка”. Ад  такой музыкі і спеваў ногі самі пайшлі ў скокі.

Субота-і-нядзеля-091
Пасля музычнай запеўкі слова ўзяў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іосіф Пачкоўскі. Шчыра, ад душы павіншаваў усіх са святам, а спевакоў, музыкаў, танцораў – з Днём работнікаў культуры, які прыпаў якраз на мінулую нядзелю.

Субота-і-нядзеля-058
Іосіф Іванавіч нагадаў народную мудрасць: “Не хваліся, калі едзеш на кірмаш, а хваліся, калі едзеш з яго”, і пажадаў усім дабра, бадзёрасці і весялосці  падчас свята, і пасля яго.

Субота-і-нядзеля-050
І яшчэ больш завірыў, зайграў, зазвінеў восеньскі кірмаш!  На святочнай сцэне адзін калектыў змяняўся другім, кожны наступны выканаўца спяваў яшчэ лепш за папярэдняга.

Субота-і-нядзеля-040
І адразу ажывіліся, загаманілі падворкі. Усё ў тым, што журы на чале з Іосіфам Пачкоўскім прыступіла да работы. Калі шчыра, выбраць лепшыя падворкі было не так і проста: усе-ўсе – такая ўжо традыцыя на Глыбоччыне —  рыхтаваліся да конкурсу рупліва, адказна, па-восеньску ярка ўпрыгожвалі свае палаткі,  і  на кожным падворку сталы, вобразна кажучы, ламіліся  ад смачнай ежы і сокаў, і ні на хвіліну не змаўкалі песні і музыка.
Журы, так бы мовіць, “журыла”, а я зноў акунуўся ў кірмашовы вір, у кірмашовы карагод.

І часу ўжо прайшло нямала,  а людзей у чэргах каля гандлёвых палатак перапрацоўчых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый не меншала: мясныя вырабы, зерне, бульба, гародніна, іншая прадукцыя  і тавары ішлі нарасхват. Здзівілі прадстаўнікі сельскагаспадарчага прадпрыемства “Азярцы”: прадавалі такую вялікую рыбу (мне сказалі, што гэта таўсталобік), што ў адной руцэ ўтрымаць яе было вельмі цяжка.
Прыгожым афармленнем прыцягнуў увагу павільён фермерскай гаспадаркі Сяргея Кавалёнка.

—Прывезлі гародніну, бульбу – аж трох сартоў, — заўважыла ў размове Вікторыя Кавалёнак. – Для таго, каб пачаставаць удзельнікаў кірмашу, — салёныя агуркі, квашаную капусту. Усё ў тым, што ў перспектыве плануем адкрыць маленькі цэх па вытворчасці саленняў і сёння хочам праверыць: спадабаюцца  нашы саленні людзям,  будзе на іх попыт  ці не..

—Сёлетні год лічыце ўдалым для бульбы, гародніны?

—Удалым — на клубніцы. Маем спецыяльную машыну з халадзільным абсталяваннем, і ягады вазілі прадаваць у Расію. Попыт быў вялікі. Ёсць для продажу бурачкі, капуста, морква, цыбуля. Самі бачыце: нашу прадукцыю купляюць ахвотна.

К атракцыёну “Шчаслівы выпадак” я так і не прабіўся. Жадаючых купіць білецік, які мог аказацца шчаслівым, было шмат (як даведаўся пазней, найбольш пашанцавала Мікалаю Лобану і Таццяне Завадскай – яны павезлі дамоў па цяляці).

І падворкі бываюць салодкімі

Кульмінацыяй кірмашу стала падвядзенне конкурсу падворкаў. Прыемна здзівілі намінацыі. Так, самым “салодкім” стаў падворак Узрэцкага сельсавета і ААТ “Залатая падкова”, самым “гасцінным” – падворак Празароцкага сельсавета і ААТ “Чарневічы”, самымі  “творчымі” – падворкі Галубіцкага, Абрубскага, Псуеўскага сельсаветаў, самымі “багатымі” – падворкі Азярэцкага і  Карабоўскага сельсаветаў, самым “крэатыўным” – падворак Падсвільскага сельсавета; самымі “ўрадлівымі” — падворак Ломашаўскага сельсавета, прафліцэя і Удзелаўскай СШ. Пераможцам уручаны
ўзнагароды.

І яшчэ доўга пасля цырымоніі ўзнагароджвання гучалі музыка і песні.

Словам, усе, хто ў гэты дзень прыйшоў на святочную плошчу, і пашчыравалі  ад душы – закупілі ўсе неабходнае, —  і ад душы на кірмашы павесяліліся.  І нездарма традыцыйны восеньскі кірмаш у Глыбокім ужо  стаў любімым святам гараджан і гасцей горада.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

двадцать + девять =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: