Школьніца Дар’я Слуцкая з Глыбоцкага раёна стала пераможцай па вучэбным прадмеце “грамадазнаўства”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Дзевяцікласніца Азярэцкай сярэдняй школы Дар’я Слуцкая стала пераможцай самага прэстыжнага сярод школьнікаў рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па вучэбным прадмеце “грамадазнаўства”. Яе навукова-даследчая работа “Роля фермерства ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна на прыкладзе сялянскіх фермерскіх гаспадарак Азярэцкага сельсавета Глыбоцкага раёна” адзначана Дыпломам ІІІ ступені на заключным этапе, які праходзіў у г. Баранавічы. Гэты поспех — раўназначны перамозе на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды – па праву з Дар’яй раздзяляе яе педагог, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Зоя Мацвееўна Рубніковіч.

Выдатнае дасягненне таленавітай вучаніцы і яе навуковага кіраўніка ў чарговы раз пацвердзіла эфектыўнасць створанай у Азярэцкай школе і, у цэлым, у раёне, сістэмы работы па развіцці творчых і навуковых здольнасцей вучняў. У камандзе юных даследчыкаў Віцебскай вобласці Дар’я Слуцкая была ці не адзіная сярод прадстаўнікоў гімназій і ліцэяў. І вельмі ўсцешна, што пры вастрэйшай канкурэнцыі наша юная зямлячка глыбока распрацавала тэму даследчай работы і выдатна прэзентавала яе з дапамогай фотаілюстрацый, складзеных табліц і дыяграм і пры гэтым прадэманстравала найлепшыя якасці даследчыка, уменне разважаць, даказваць і пераконваць. Журы і на абласным конкурсным этапе, і на заключным, рэспубліканскім, адзначылі работу Дар’і як вельмі актуальную, вельмі надзённую.

Безумоўна, за ўсім гэтым крыецца вялікая і напружаная карпатлівая праца вучаніцы і настаўніцы: збор і сістэматызацыя матэрыялу, сустрэчы з фермерамі, гутаркі, шліфоўка кожнай фармуліроўкі, кожнага сказа, афармленне ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі. А яшчэ трэба сказаць, што поспех гэты заканамерны. У Азярэцкай школе вядзецца мэтанакіраваная работа з таленавітымі школьнікамі, якія любяць даследчую працу. Не першы год дзейнічае навуковае таварыства школьнікаў “Пошук”, якім кіруе Зоя Мацвееўна Рубніковіч. І адным з галоўных напрамкаў таварыства з’яўляецца краязнаўча-даследчая дзейнасць. Ёю захоплены многія вучні.

І ў актыве Дар’і Слуцкай ужо не адна перамога ў конкурсах даследчых работ. Летась у раённым конкурсе творчых работ “Мае землякі – мой гонар” у намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны” яна была ўзнагароджана Дыпломам пераможцы. Самую высокую ацэнку атрымалі яе работы: у абласных краязнаўчых чытаннях “Невядомыя вядомыя, альбо Гісторыя ў асобах”, у рэспубліканскім адукацыйна-культурным марафоне «Культ-праСвет» (работа “Вішнёвы фестываль у Глыбокім”), у конкурсе даследчых работ, арганізаваным рэдакцыяй часопіса “Роднае слова” ў намінацыі “З гісторыі родных мясцін” (работа “Аграгарадок Азярцы: мінулае і сучаснае”).

Дар’я Слуцкая – адна з лепшых вучаніц Азярэцкай СШ. Яна – член Маладзёжнай палаты Глыбоцкага раёна, узначальвае школьную пярвічную арганізацыю ГА “БРСМ”. А яшчэ, яна – завадатар, ініцыятар многіх цікавых і карысных спраў. Лідарскія якасці Дар’і самым выдатным чынам праявіліся і падчас адпачынку ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубронак”, дзе яна была прызнана адной з самых крутых вядучых.

Пры сустрэчы Дар’я Слуцкая дзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў рэспубліканскім конкурсе:

—Вельмі рада таму, што нашы з Зояй Мацвееўнай намаганні акупіліся поспехам. Вядома ж, я хвалявалася падчас прэзентацыі сваёй даследчай работы (маёй настаўніцы побач не было). Але паступова хваляванне праходзіла. Успомніла настаўленні Зоі Мацвееўны, дырэктара школы Людмілы Аляксандраўны Лукашэвіч  і намесніка дырэктара Ганны Ігараўны Рэпінскай. Яны ўсе ў школе вельмі за мяне перажывалі. Мы пастаянна знаходзіліся на сувязі. Вельмі ўдзячная маім дарагім настаўнікам.

—Ёсць жаданне ў будучым звязаць свой лёс з навуковай дзейнасцю?

—Мусіць, пакуль рана пра гэта гаварыць. Я вучуся ў 9 класе. Але, упэўнена, усе набытыя ў школе навыкі мне спатрэбяцца ў жыцці.  Будзем з Зояй Мацвееўнай, як кажуць, заглыбляцца ў тэму даследаванняў і ўдзельнічаць у конкурсах.

—У такім разе, поспехаў табе, Дар’я, і новых перамог!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

12 − три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: