Пачалося будаўніцтва новага комплексу

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

На мінулым тыдні на тэрыторыі пастаяннага базіснага лесагадавальніка дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Глыбоцкі доследны лясгас” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае пачатку будаўніцтва новага комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай.

_0006625

З гэтай нагоды быў закладзены памятны камень і дадзены сімвалічны старт будаўнічым работам. Новы, адпавядаючы сучасным тэхналогіям, комплекс ствараецца ў адпаведнасці з галіновай праграмай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця ў рамках рэалізацыі праекта «Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь», пры садзейнічанні органаў выканаўчай улады Віцебскай вобласці і Глыбоцкага раёна.

_0006619

Пачатак рэканструкцыі пастаяннага базіснага ляснога гадавальніка – падзея надзвычай важная і адметная ў жыцці Глыбоччыны. Яна з’яўляецца чарговым пацвярджэннем таго, што наш раён на працягу апошніх сямі гадоў інтэнсіўна развіваецца. Працэс будоўлі тут няспынны. Для гэтага дастаткова нагадаць маштабны праект па каналізаванні горада, рэалізацыя якога неўзабаве завяршаецца. Ці ўзгадаем пра ўзведзены ў нашым раёне адзін з лепшых у рэспубліцы санаторна-аздараўленчы комплекс “Пліса”, пра новы жылы мікрараён шматпавярховай забудовы “Паўночны 1” з усёй сацыяльнай інфраструктурай, пра рэканструкцыю цэхаў малочнакансервавага камбіната і мясакамбіната, рэканструкцыю шэрагу аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, пра будаўніцтва ўнутрыраённых дарог “Глыбокае – Ластавічы” і “Глыбокае – Зарубіна”…

 І вось чарговы маштабны будаўнічы праект. Трэба сказаць, што рэалізуецца ён на Глыбоччыне невыпадкова. Нашы лесаводы, калектыў Глыбоцкага доследнага лясгаса яшчэ з савецкіх часоў знаходзяцца на лідарскіх пазіцыях. Існуючы базісны лесагадавальнік неаднойчы прызнаваўся лепшым у рэспубліцы. Нашы майстры-лесаводы маюць багата эфектыўных напрацовак па ўзнаўленні лясоў. Напрыклад, метад па вырошчванні сеянцаў у папяровых ячэйках “Paperpot”, распрацаваны ў Японіі, быў укаранёны глыбоцкімі лесаводамі ў канцы 70-ых- пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. У 1977 годзе была закуплена і ўстаноўлена лінія “Paperpot” па высеву і вырошчванні пасадачнага матэрыялу. За ўвесь перыяд выкарыстання гэтай лініі было вырашчана больш 20 мільёнаў штук сеянцаў і закладзена на тэрыторыі лясгаса 250 гектараў новых лясоў.

_0006635

У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка нашай дзяржавы па перайманні вопыту фінскіх лесаводаў Мінлясгасам і была распрацавана галіновая праграма па вырошчванні якаснага пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай у лесагадавальніках. Адным з пунктаў гэтай праграмы і значылася стварэнне спецыялізаванай вытворчасці на базе лесагадавальніка Глыбоцкага доследнага лясгаса.

Была праведзена ўся неабходная падрыхтоўчая работа. На тэндарнай аснове выбраны: інжынерная арганізацыя – упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама, праектная арганізацыя – унітарнае прадпрыемства “Інстытут “Віцебскграмадзянпраект”, а пасля і генеральны падрадчык – ААТ “Будаўнік”. Пачаткам будаўніцтва аб’екта “Рэканструкцыя пастаяннага базіснага лесагадавальніка” стаў верасень 2017 года. Здача дадзенага аб’екта – красавік будучага 2018 года. Сума праекта, які, нагадаю, фінансуецца Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, — больш 9 мільёнаў рублёў. Новы комплекс, а гэта 7 цяпліц (кожная з аўтаномным ацяпленнем і метэастанцыяй) і 8 палёў дарошчвання, абсталяваных сістэмай штангавага паліву, лініяй высеву. У распараджэнні спецыялістаў з’явяцца новыя халадзільныя камеры і іншае абсталяванне…

_0006659

Зрэшты, дачакаемся вясны, калі комплекс пачне дзейнічаць, пра ўсё падрабязней тады і раскажам.

А зараз – пра мерапрыемства з нагоды пачатку будаўніцтва. Удзел у ім прымалі прадстаўнікі калектыву доследнага лясгаса і падрадных арганізацый, задзейнічаных у рэалізацыі праекта, і высокія ганаровыя госці старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кулік, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Алег Варша, генеральны дырэктар УП “Белдзяржлес”(з 2001 па 2016 год узначальваў калектыў Глыбоцкага доследнага лясгаса) Андрэй Казак, галоўны ляснічы Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Ліпскі, галоўны інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама Веньямін Барсук, дырэктар ААТ “Будаўнік”, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сазановіч і дырэктар Глыбоцкага доследнага лясгаса Сяргей Гайдук.

Падчас урачыстасці да ўсіх прысутных звяртаўся старшыня райвыканкама Алег Морхат. У сваёй прывітальнай прамове Алег Віктаравіч нагадаў пра тое, што Глыбоччына ў плане вядзення будаўнічых работ крочыць сямімільнымі крокамі.

—Прыемнай стала вестка пра рэканструкцыю пастаяннага базіснага лесагадавальніка, пра будаўніцтва новага комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай, — адзначыў кіраўнік нашага раёна. – Сапраўды лес  — гэта бясцэннае багацце краіны. На 25% тэрыторыі Глыбоцкага раёна ўзрастаюць лясы. Работнікі лясной гаспадаркі, як і сяляне, нястомныя працаўнікі, бо каб вырасціць дрэва, выпеставаць яго, неабходна затраціць шмат сіл і сродкаў.

Новыя тэхналогіі дазваляюць працаваць на апярэджанне, дапамагаюць давесці прыжывальнасць саджанцаў да 100%. І што яшчэ важна: з увядзеннем у строй новага комплексу дазволіць стварыць 15 новых рабочых месцаў. Гэта несумненна радуе.

Алег Віктаравіч пажадаў усім удзельнікам будаўніцтва моцнага здароўя і паспяховай работы.

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кулік, у сваю чаргу, падзякаваў кіраўніцтву раёна за падтрымку ў рэалізацыі праекта, і ў прыватнасці, сказаў: “Нам трэба мець запас пасадачнага матэрыялу выдатнай якасці. Дзеля гэтага і была распрацавана праграма па лесаўзнаўленні, а канкрэтна – па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай… А дзе будаваць, як ні ў Глыбокім. Тут усё для гэтага ёсць: выдатная база, выдатна падрыхтаваныя кадры”.

—Мы працуем на ўзвядзенні многіх важных аб’ектаў, у тым ліку і на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі. Будзем старацца і на Глыбоччыне працаваць шчыра і сумленна, — запэўніў дырэктар генпадраднай арганізацыі ААТ “Будаўнік” Аляксандр Сазановіч. – Аб’ект спецыфічны, высокатэхналагічны. Каля 45%  ад усіх работ складае тэхналогія стварэння цяплічнай гаспадаркі. Дзякуй за давер. Сустрэнемся ў святочнай абстаноўцы вясной, ужо з нагоды ўводу комплексу ў строй.

Важным завяршаючым момантам урачыстасці стала адкрыццё ўстаноўленага з нагоды будаўніцтва комплексу памятнага каменя. Гэтую ганаровую місію выканалі Алег Віктаравіч Морхат, Аляксандр Антонавіч Кулік і Юрый Мікалаевіч Ліпскі. Затым дырэктар Глыбоцкага доследнага лясгаса Сяргей Гайдук даў сімвалічны старт работам на аб’екце. Ганаровыя госці, прадстаўнікі падрадных арганізацый наведалі будаўнічую пляцоўку, падрабязней пазнаёміліся з планам-схемай будучага аб’екта, абмеркавалі важнейшыя пытанні на першапачатковым этапе будаўнічых работ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

девять − 1 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: