Якія прафесіі сёння самыя запатрабаваныя?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Пра прэстыжнасць такой навучальнай установы, як Глыбоцкі прафліцэй, сведчыць наступны факт: сёлета пры плане ў 100 чалавек, набрана 115, і па-за ліцэем засталіся многія выпускнікі школ з іншых раёнаў, якія жадалі вучыцца менавіта ў Глыбокім. Ім прыйшлося падаваць дакументы ў іншыя ўстановы.

Прафліцэй-2017-018

1.
Дырэктар установы Валянціна Шынкевіч у размове не прытойвала задавальнення ад таго, што план набору ў новым навучальным годзе выкананы і перавыкананы, падкрэсліла, што ў гэтым заслуга не толькі работнікаў прафліцэя, але і раённай улады. Старшыня райвыканкама Алег Морхат, які ў свой час узначальваў калектыў прафліцэя, узяў пад пільны кантроль  прафарыентацыйную работу ў школах раёна па папулярызацыі прафесій, звязаных з сельскай гаспадаркай. Гэтае важнае і надзённае пытанне разглядалася і на пасяджэнні райвыканкама. І вось вынік: са 115 юнакоў і дзяўчат, якія паступілі ў гэтым годзе ў прафліцэй, 70 – выпускнікі школ Глыбоцкага раёна.

Выбралі Глыбоцкі прафліцэй для далейшага навучання таксама юнакі і дзяўчаты з Шаркоўшчынскага, Докшыцкага, Пастаўскага, Міёрскага, Браслаўскага, Ушацкага раёнаў.

— На жаль, усіх жадаючых прыняць не змаглі, — гаворыць Валянціна Анатольеўна. – І многім з Глыбокага прыйшлося
ехаць у іншыя навучальныя ўстановы.

Дзясяткі гадоў установа ў Глыбокім лічылася кузняй механізатарскіх кадраў. Многія трактарысты, камбайнеры, якія працуюць сёння на палях Глыбоцкага раёна, суседніх раёнаў, у свой час вучыліся тут.  І гусенічны трактар на п’едэстале на тэрыторыі прафліцэя таксама сведчыць пра асноўную прафесію, якую атрымліваюць навучэнцы.

— І сёння самыя запатрабаваныя прафесіі – слесар, трактарыст, вадзіцель, — развівае тэму Валянціна Анатольеўна. —  Прафесіі ў нас размешчаны блокамі. Так, сёлета праводзіўся набор навучэнцаў па такіх блоках: слесар, трактарыст  (катэгорыя А, B, С, D), вадзіцель  (катэгорыя С); слесар, трактарыст (катэгорыя А, B)  і муляр;   юнакі пасля 11 класаў – вадзіцель (катэгорыя С), электразваршчык ручной зваркі трэцяга разраду. Дзяўчаты набываюць у нас прафесіі прадаўца і повара. Мы ўважліва адсочваем сітуацыю на рынку працы, цікавімся, якія  кадры найбольш патрэбны сельскай гаспадарцы. Выявілі, што сёння не хапае газаэлектразваршчыкаў, што такія спецыялісты  вельмі запатрабаваны. Паколькі для нас прафесія гэтая новая, то набралі групу электразваршчыкаў з перспектывай  у далейшым рыхтаваць газаэлектразваршчыкаў. Такая прафесія патрэбна ва ўсіх арганізацыях, не толькі сельскагаспадарчых. Арганізуем і  завочнае навучанне, набіраем адну групу повараў, таксама рызыкнулі набраць групу аператараў машыннага даення.

—Мяркую, што кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый самі клапоцяцца пра свае механізатарскія кадры і ахвотна даюць выпускнікам мясцовых школ мэтавыя накіраванні ў вашу навучальную ўстанову.

Прафліцэй-2017-026

—На жаль, гэта праблема з праблем: кіраўнікі чамусьці не хочуць даваць мэтавыя накіраванні вучням з такім разлікам, каб яны пасля заканчэння прафліцэя вярнуліся працаваць у родныя гаспадаркі. Можа, па той прычыне, што сёння на палі прыходзіць магутная энерганасычаная тэхніка, на якой працаваць можа як мінімум спецыяліст са спецыяльнай сярэдняй адукацыяй, а то і з вышэйшай. Мы ў прафліцэі ўлічылі і гэты фактар. Таму маем на мэце наладзіць цесны кантакт з інтэграцыйнай структурай, якая ствараецца на базе камбікормавага завода. У структуры сёння шмат новай сучаснай тэхнікі, у тым ліку і імпартнай. І мы хочам дамовіцца з генеральным дырэктарам  ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Мечыславам Віктаравічам Морхатам аб тым, каб вытворчае навучанне будучых механізатараў праходзіла на базе машыннага двара інтэграцыйнай структуры ў вёсцы Зарубіна. Плануем таксама дамовіцца з кіраўніцтвам аграсэрвіса, каб навучэнцы праходзілі вытворчую практыку ў  майстэрнях прадпрыемства.

Пра тое, што са сцен Глыбоцкага прафліцэя выходзяць высокаадукаваныя спецыялісты, сведчыць такі факт: з 93 чалавек, якія закончылі ўстанову ў мінулым навучальным годзе, 3 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы; 25 – у сярэднія спецыяльныя. З іх пераважная большасць – па бесперапыннай сістэме навучання. У ліцэі яны атрымалі працоўныя прафесіі, за скарочаны час вучобы ў каледжах атрымаюць больш высокія, захочацца паступіць у ВНУ – калі ласка. І гэта ўжо будзе спецыяліст ад зямлі: пасля прафліцэя – трактарыст, пасля каледжа – тэхнік-механік, пасля ВНУ – інжынер-механік. Але сапраўдны інжынер, які адолеў, так бы мовіць, усе прыступкі ў сваёй прафесіі.

Задаў я Валянціне Шынкевіч і такое пытанне: “ У прафліцэі ёсць спецыялісты высокага класа, якія могуць наблізіць навучэнцаў да вытворчасці, даць ім добрыя веды, прывіць такія ж практычныя навыкі?”.

—Такія спецыялісты ёсць. Напрыклад, Павел Георгіевіч Шынкевіч, які, папрацаваўшы ў аграсэрвісе, усё ж такі вярнуўся ў прафліцэй. Толькі цёплыя словы магу сказаць пра Міхаіла Георгіевіча Юргеля. На іх раўняюцца іншыя, яны стануць доб-
рымі настаўнікамі для нашых маладых майстроў вытворчага навучання, якія ў новым навучальным годзе ўліліся ў наш калектыў. Гэта тры былыя выпускнікі прафліцэя – Яўген Шчэбет, Аляксандр Філіповіч, Аляксандр Зуеў. Чацвёрты малады спецыяліст – выпускніца Віцебскага дзяржаўнага  ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Вольга Гутар, якая выкладае матэматыку і інфарматыку.

Прафліцэй-2017-042

2.

Хоць і не здоўжылася па часе наша размова, але цікавай інфармацыі я атрымаў шмат. Скажам, спецыялісты прафліцэя ў гарачы час жніва  аказалі паслугі жыхарам вёсак Жабінка, Станулі, Арэхаўна па ўборцы зерневых на прысядзібных участках: убралі 7 гектараў і зарабілі 1400 рублёў. За рулём камбайна – майстар вытворчага навучання, стажор – навучэнец установы.

Пра другасную занятасць – асобная размова. Усё ў тым, што цэнтр занятасці выдзяляе грошы на тое, каб арганізаваць занятасць цяжкіх падлеткаў, сірот, юнакоў і дзяўчат з нядобранадзейных сем’яў. Навучэнцы ўладкоўваюцца на працу (а віды працоўнай дзейнасці могуць  быць самымі рознымі), на іх заводзіцца працоўная кніжка. Прывяду такі прыклад. Ва ўстанове быў арганізаваны гурток, і ліцэісты пад кіраўніцтвам Яніны Антонаўны Судзінко пашылі 96 камплектаў пасцельнай бялізны.  Вядома, за старанную працу зарабілі грошы. Па словах В. А. Шынкевіч, хтось атрымаў 70 рублёў у месяц, а хтось і ўсіх сто.

У размове з дырэктарам прафліцэя, зразумела, я больш акцэнтаваў увагу на вытворчым навучанні, на падрыхтоўцы будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Але не мог не закрануць і іншыя тэмы. Напрыклад,  наколькі глыбока выпускнікі ўстановы будуць ведаць творчасць Купалы, Коласа, Куляшова? Ці старанна рыхтуюцца яны да іншых прадметаў? На гэтыя пытанні Валянціна Анатольеўна дала канкрэтны адказ: “Агульнаадукацыйны кампанент – гэта абавязкова, і ў нас ёсць вопытныя выкладчыкі-прадметнікі. Думаю, што нашы юнакі і дзяўчаты атрымаюць глыбокія веды і па літаратуры, і па ўсіх іншых прадметах”.

Вялі мы размову і пра ўмовы навучання і пражывання ў навучальнай установе, і пра валанцёрскі рух, і пра выступленне агітбрыгады, і пра спартыўныя дасягненні навучэнцаў. Зусім свежая навіна. Юнакі з групы 30 ТЗ  у час летняй практыкі стварылі дваровую каманду па міні-футболе, самі заявіліся на турнір у Докшыцах і прывезлі адтуль Дыплом трэцяй ступені.

Ужо напрыканцы размовы Валянціна Анатольеўна прызналася, што ў яе ёсць мара: “Упэўнена, што наш прафліцэй у бліжэйшым будучым стане каледжам. Ужо сёння мы плануем новыя прафесіі, якія будуць атрымліваць нашы навучэнцы: магчыма, бульдазерыстаў ці спецыялістаў па абслугоўванні халадзільных установак, можа, якія-небудзь іншыя. У прафліцэі паявіўся новы камп’ютарны клас, хочацца штось новенькае прыдумаць і для дзяўчат. Словам, верым у свой заўтрашні дзень”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

восемь − четыре =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: