На пачатку новага шляху

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 1,00 из 5)
Загрузка...

Да сёлетняга першавераснёўскага свята ў сярэдняй школе №1 імя П. В. Сухога рыхтаваліся з асаблівым стараннем і творчым уздымам. На ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню ведаў, завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Віктаравіч Морхат. І, канешне ж, з падарункамі. Алег Віктаравіч перадаў калектыву ўстановы адукацыі два грашовыя сертыфікаты: адзін на суму 1 тысяча 600 рублёў на набыццё электраабсталявання для школьнай сталовай, а другі на суму 500 рублёў на набыццё неабходных прыбораў для далейшага абсталявання метэаралагічнай пляцоўкі. Дарэчы, тым і адметны пачатак новага навучальнага года для вучняў і педагогаў першай гарадской, што на тэрыторыі школы пабудавана цудоўная, адпавядаючая ўсім неабходным патрабаванням метэаралагічная пляцоўка. Пабудавана па ініцыятыве і пры самай непасрэднай падтрымцы кіраўніка раёна.

_0005350


Ідэя ўзнікла не спакваля, яна выспявала ў дарозе. Справа ў тым, што Алег Віктаравіч кожны дзень ранкам кіруецца на работу пешшу міма СШ №1. Для рэалізацыі ідэі і мясцінка прыглянулася. Старшыня райвыканкама падзяліўся сваім меркаваннем з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццянай Вячаславаўнай Гаўрылавай і дырэктарам установы Інай Леанідаўнай Савуліч.  

_0005375
Далей справа, як кажуць, закруцілася. Кіраўніком раёна былі дадзены адпаведныя даручэнні. У рэалізацыю праекта ўключылася выдатны спецыяліст, заслужаная настаўніца Беларусі Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева. Безумоўна, не засталіся ўбаку педагогі і работнікі школы. Метэаралагічная пляцоўка абсталёўвалася пад пільным кантролем старшыні райвыканкама.

_0005327
На першавераснёўскай урачыстай лінейцы Алег Віктаравіч падарыў школе кнігу з серыі “Займальная метэаралогія” “Калі пойдзе дождж?” з аўтографам і наступным запісам: “З найлепшымі пажаданнямі стваральнікам і даследчыкам метэаралагічнай пляцоўкі ў Дзень першага верасня. Няхай заўсёды на нашай планеце Зямля, у нашай роднай Беларусі, у нашым Глыбоцкім раёне, у кожнай нашай сям’і заўсёды свеціць сонца і будзе добрым надвор’е. Жадаю ўсім вам удачы, поспехаў і моцнага здароўя…”.

_0005315
За актыўны ўдзел у стварэнні вучэбнага аб’екта  Алег Віктаравіч узнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама Лізавету Міхайлаўну Дзмітрыеву і ўручыў Падзяку райвыканкама настаўніку геаграфіі СШ №1 імя П. В. Сухога Андрэю Аляксандравічу Пырхалеву. Падзяка за добрасумленную працу таксама была ўручана і повару школьнай сталовай Наталлі Чаславаўне Арэхавай.

_0005270
Такім чынам, першавераснёўская ўрачыстасць у СШ №1 імя П. В. Сухога была пазначана радаснай падзеяй – адкрыццём новай, адпавядаючай усім сучасным патрабаванням метэаралагічнай пляцоўкі. Але неабходна ўзгадаць і пра тое, што ў традыцыйным сцэнарыі ўрачыстай лінейкі ставала яшчэ нямала яркіх хвалюючых момантаў. Вялікая школьная сям’я, бацькоўская грамадскасць, ганаровыя госці цёпла віталі ўрачысты выхад першакласнікаў і адзінаццацікласнікаў. З замілаваннем глядзелі, змахваючы слязінку радасці таты і мамы на сваіх дзетак– як узмужнеў іх сыночак, як вырасла іх дочачка!

_0005297
Узвышана-ўрачыстыя акорды Дзяржаўнага гімна нашай краіны плылі ў паднябессе. Свята, прысвечанае Дню ведаў адкрыта, дадзены старт новаму навучальнаму году. Пачалося новае падарожжа ў краіну Ведаў. Адпраўляючы школьнікаў у гэты шлях, добрыя наказы — паспяхова вучыцца, берагчы ўсё, што прадставілі для вучобы дарослыя, любіць свой родны край, сваю Беларусь – давалі старшыня райвыканкама Алег Віктаравіч Морхат, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Вячаславаўна Гаўрылава, дырэктар УП ЖКГ Глыбоцкага раёна Андрэй Іосіфавіч Шымковіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” Сяргей Дзмітрыевіч Грыневіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Міхайлаўна Цяліца і клірык сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, іерэй Пётр Дайлідзёнак.

_0005151
У прывітальнай прамове кіраўнік нашага раёна Алег Віктаравіч Морхат адзначыў, што падтрымка сферы адукацыі, стварэнне належных умоў для развіцця школьнікаў з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі, што сёлетні навучальны год стане годам укаранення новых падыходаў у сістэме адукацыі. Алег Віктаравіч пажадаў вучням быць працалюбівымі і настойліва рухацца да новых вышынь у спасціжэнні навукі, новых ведаў, настаўнікам – новых прафесійных дасягненняў і рэалізацыі творчых задум, а бацькам – цярпення і радасці ад поспехаў сваіх дзетак. Грашовыя сертыфікаты на набыццё спартыўнага абсталявання падарылі школе дырэктар УП ЖКГ Андрэй Іосіфавіч Шымковіч і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” Сяргей Дзмітрыевіч Грыневіч.

Са словамі, напоўненымі любоўю і цеплынёй, звярталася да вучняў і ўсіх прысутных на ўрачыстасці дырэктар школы Іна Леанідаўна Савуліч. Яна зазначыла, што роўна 10 гадоў таму школьная сям’я святкавала наваселле ў новым школьным будынку, узведзеным дзякуючы клопатам дзяржавы, клопатам нашага дэпутата, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, клопатам раённага кіраўніцтва.

Затым Іна Леанідаўна прадоўжыла цырымонію ўзнагароджання, адзначыўшы творчую самаадданую працу педагогаў, якія арганізоўвалі летні адпачынак дзяцей, трэнера-педагога Дзяніса Уладзіміравіча Крываротава і баявую каманду дзяцей “Зажигай!” пад яго кіраўніцтвам, таленавітага педагога Аксаны Мікалаеўны Закрэўскай і яе выхаванцаў – юных артыстаў. Харэаграфічная кампазіцыя “Я люблю Беларусь”, з якой яны выступілі на свяце, пакарыла ўсіх. А права даць першы званок было даручана першакласніцам Наталлі Жукоўскай і Еве Савёнак і адзінаццацікласнікам Аляксею Грыбуну і Дзмітрыю Хаданёнку.

Пасля лінейкі адбылася па-сапраўднаму гістарычная падзея — урачыстае адкрыццё метэаралагічнай пляцоўкі. Як адзначыла дырэктар школы Іна Леанідаўна, гэта фактычна першая такая школьная пляцоўка ў вобласці, а, можа, нават і ў рэспубліцы. Яна падзякавала ўсім стваральнікам гэтага вучэбна-даследчага аб’екта, найперш – старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, Лізавеце Міхайлаўне Дзмітрыевай, кіраўнікам і калектывам УП ЖКГ, ДЭУ-45, ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, ДЛГУ “Глыбоцкі доследны лясгас”, Дзвінская эксперыментальная база лесу Нацыянальнай акадэміі навук.

Адкрываючы метэаралагічную пляцоўку, Алег Віктаравіч Морхат выказаў упэўненасць, што школьнікі разам са сваімі настаўнікамі будуць тут праводзіць усе неабходныя даследаванні і супрацоўнічаць з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, з гаспадаркамі раёна. Адбылося ўрачыстае пераразанне чырвонай стужкі. Іерэй Пётр Дайлідзёнак благаславіў усіх на добрую справу, а заслужаная настаўніца Беларусі Лізавета Міхайлаўна Дзмітрыева правяла для ганаровых гасцей, а таксама для вучняў першых і адзінаццатага класаў экскурсію.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

двадцать − семь =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: