Трэцяга верасня ля помніка землякам і воінам-вызваліцелям у глыбоцкім парку Перамогі ваеннаслужачыя запасу, прызваныя на вучэбныя зборы тэрытарыяльных войск раёна, урачыста прысягалі на вернасць беларускаму народу і Радзіме.
У парку было шматлюдна. тут сабраліся прадстаўнікі органаў раённай улады, устаноў і арганізацый горада. Па заведзенай падчас правядзення ўрачыстага воінскага рытуала традыцыі ў парк прыехалі і прыйшлі родныя і блізкія. Уся іх увага была скіравана на людзей у вайсковай форме.
Нядзельным сонечным ранкам ваеннаслужачыя далі клятву воіна на вернасць Айчыне. Толькі прыняць ваенную прысягу ім давялося ў другі раз. Справа ў тым, што амаль усе яны, афіцэры і радавыя, упершыню ўрачыста прысягалі, уступаючы ў рады Узброеных Сіл СССР, – у самых розных куточках Саюза, а хтосьці даваў клятву ў сценах акадэміі МУС. Цяпер вайскоўцы прысягалі на вернасць Беларусі і, канечне, роднай Глыбоччыне – ва ўрачыстай абстаноўцы і, што вельмі сімвалічна, ля помніка абаронцам, гераічна выканаўшым свой абавязак салдата, вызваліцелям Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
“…Клянуся дастойна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь”, – героі дня адзін за адным з гонарам прамаўлялі словы прысягі, замацоўваючы непарушны закон уласным подпісам. Урачысты, хвалюючы момант.
Гучна, выразна чаканіў словы прысягі маёр Гуйда. Пэўна, ваенны. Знаёмімся.
– Маёр Гуйда. Анатолій Аляксеевіч, – па-ваеннаму сцісла адказаў той.
– Так, як вы давалі клятву, можна было заслухацца. Гэта ваша другая ваенная прысяга?
– “Так точно”!, – зноў па-ваеннаму адказаў субяседнік (як аказалася работнік Глыбоцкага ЖКГ, прычым нядаўні, бо толькі ў мінулым годзе звольніўся ў запас з ваеннай службы, на якой знаходзіўся з 1995 года) . – Сваю першую прысягу я даваў у 1988 годзе ў Рэспубліцы Казахстан, дзе праходзіў тэрміновую ваенную службу з 1988 па 1989 год у мотастралковых войсках на пасадзе камандзіра аддзялення.
– Прызнайцеся, калі ласка, больш хваляваліся цяпер ці ў першы раз?
– Напэўна, цяпер, бо прысягаў на вернасць Рэспубліцы Беларусь.
Дарэчы, кожнага ваеннаслужачага пасля прыняцця прысягі цёпла віншавалі начальнік раёна тэрытарыяльнай абароны, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, начальнік штаба тэрытарыяльнай абароны, ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі, ваенны камісар Гарадоцкага раёна Аляксандр Марчанка, старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Антон Ждановіч і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Васіль Кляўчэня.
На ўрачыстым мітынгу, прысвечаным прыняццю ваеннай прысягі на вернасць народу Рэспублікі Беларусь, да віноўнікаў урачыстасці і да прысутных звярталіся з прамовай Алег Віктаравіч Морхат і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч.
– Спакон вякоў на беларускай зямлі з бязмернай павагай адносіліся да тых, хто лепшыя свае гады аддаў служэнню Айчыны, – падкрэсліў Алег Віктаравіч.
Настаяцель сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім протаіерэй Сергій Грамыка блаславіў воінаў-абаронцаў.
Пад музыку ўзорнага духавога аркестра Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў са сцягам Рэспублікі Беларусь абаронцы Айчыны прайшлі ўрачыстым маршам па пляцы (на здымку). І як толькі ваеннаслужачым была дадзена каманда “вольна”, да іх паспяшаліся іх родныя і блізкія, каб пагаварыць, палюбавацца на сваіх вайскоўцаў, бо паспелі засумаваць. Дачушкі і сыночкі з гордасцю абдымалі сваіх татаў, з захапленнем разглядалі іх новую форму.
Пасля прысягі, скажаце вы, – звальненне. І памыліцеся. Ваеннаслужачых Глыбоччыны, якія прынялі ваенную прысягу, чакаў святочны канцэрт. Атмасферу святочнасці і надзвычайнасці нядзельнай падзеі прадоўжылі артысты Глыбоцкага гарадскога Дома культуры. Салісты народнай эстраднай студыі “Архіў” Кацярына Глябкоўская, Анастасія Цюкала, Павел Пеляёнак, Віялета Пятровіч, Яўген Ананчанка і маленькія спявачкі з дзіцячай вакальнай студыі “Golden smail” прысвячалі песні абаронцам Айчыны, афіцэрам і… татам (з кім, як не з татам заўсёды на кані!). Ваенных здзіўлялі сваім майстэрствам барабаншчыцы і мажарэткі ўзорнага ансамбля “Віват”. Цудоўную страявую падрыхтоўку прадэманстравалі пераможцы першай Рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка” вучні першай гарадской школы імя П. В. Сухога. А як завірыла вайскоўцаў песнямі і танцамі вакальная група “Глыбоцкія дзяўчаты”! «Брава, біс!» – з удзячнасцю віталі ваенныя кожны нумар.
Нечаканым для ўсіх стала выступленне капітана Анатолія Атопкіна. Пад гітару ён праспяваў афганскую песню і тэматычны твор, музыку да якога склаў уласна сам.
Пра ўражанні пасля канцэрта не магла не запытацца ў радавога Уладзіміра Дулінца. “На гражданке” ён – вадзіцель у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (дарэчы, падчас вучэнняў на Уладзіміра ўскладзены абавязкі вадзіцеля), і, як аказалася, часу палюбавацца на артыстаў не было, таму эмоцыі ад убачанага – самыя лепшыя, як і ад урачыстай цырымоніі ў парку Перамогі:
– Мая першая ваенная прысяга была роўна трыццаць гадоў таму. 1987 год. Горад Масква. Камітэт Дзяржбяспекі. Хвалююча, адказна, кранальна было і цяпер, і тады.
Самыя цёплыя словы ў адрас арганізатараў урачыстага мерапрыемства і ўдзельнікаў святочнага канцэрта гаварыў прадстаўнік ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў:
– І першая афіцыйная частка прайшла добра. У людзей – бляск у вачах. Было бачна, што яны адчувалі сваю значнасць перад краінай, перад Прэзідэнтам. І артысты для нас выступалі з пазітывам, шчыра, ад душы!