«Падсвільскі світанак-2017»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...

«Падсвільскі світанак-2017». 19 чысла, у трэцюю суботу жніўня, у пасёлку Падсвілле зноў сабраў мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей “Падсвільскі світанак”, які адкрыўся тэатралізаванай замалёўкай “В некотором царстве, в Подсвильском государстве”. Цікавінкай  свята стала тэатралізаванае прадстаўленне “Спорт+” з удзелам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў пасёлка.

Падсвільскі-світанак-2017-033

Наўрад памылюся, калі скажу, што трэцюю суботу жніўня жыхары Падсвілля штогод чакаюць з асаблівым нецярпеннем: менавіта ў трэцюю жнівеньскую суботу запальвае свае яркія зоркі “Падсвільскі світанак”, галоўнае гадавое  свята азёрнага пасёлка. І рыхтуюцца да яго актыўна. І праходзіць яно заўсёды на “біс!”. Сёлетняе – таксама.
Падсвільскі-світанак-2017-036
—Наш пасёлак проста жыве “Падсвільскім світанкам”, — свяцілася ад радасці вядучая Святлана Дзякун (знаёмая ўсім нам як Вішнёвая Каралева), — з якой мы сустрэліся перад пачаткам свята. – Нават словамі не перадаць, колькі энергіі, эмоцый, душэўных і фізічных сіл затрачваюць жыхары падчас падрыхтоўкі да свята! Што ні свята, – у нас новыя тэмы, новыя ідэі. Паколькі сёлета галоўная  тэма — фізкультура і спорт,  здаровы лад жыцця, а мы прытрымліваемся гэтага, то вы праведзяце  з намі дзень па-спартыўнаму весела і цікава.
Падсвільскі-світанак-2017-049
Да пачатку святочнага дзейства заставалася мінут дваццаць, і запоўніць іх можна было знаёмствам са шматлікімі выставамі, пляцоўкамі, гандлёвымі радамі, якія размясціліся на плошчы. І мясцовыя жыхары,  госці свята, сярод іх – старшыня райвыканкама Алег  Морхат, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, намеснікі старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч, Алег Варша, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама Таццяна Гаўрылава – спаўна скарысталіся гэтым.

Падсвільскі-світанак-2017-070
Многія з цікавасцю знаёміліся з матэрыяламі фотавыстаўкі, прысвечанай 40-годдзю турысцкага клуба “Рамантык”. Быў час, калі гэты клуб, створаны па ініцыятыве Мар’яна Місевіча,  славіўся сваімі дасягненнямі на ўсю Беларусь. Дэбютаваў “Рамантык” у 1979 годзе ў Гомелі на рэспубліканскіх спаборніцтвах,  а ў 1985 годзе на Украіне ўжо прадстаўляў Беларусь на Усесаюзных спаборніцтвах. Напрамкі дзейнасці клуба – паходы, вандроўкі па родным краі, экспедыцыі, спаборніцтвы, злёты – садзейнічалі як павышэнне кругагляду, патрыятычнаму выхаванню юнакоў і дзяўчат, так і прывівалі ім любоў к фізкультуры, спорту, фарміравалі здаровы лад жыцця. І слаўныя традыцыі клуба прадаўжаюць развівацца.
Падсвільскі-світанак-2017-078
Пачалося свята з тэатральнай замалёўкі “В некотором царстве, в Подсвильском государстве” – па плошчы прайшлі і падняліся на сцэну цар з царыцай, царэўнай, аховай,  пісарам, фатографам, купцом, паслом. І ўсё гэта – царскія асобы ў шыкоўным адзенні, маналог цара, яго дыялог з баярынам, заклікі вяшчальнікаў – хораша глядзелася і слухалася, стварала настрой перад, так бы мовіць, афіцыйнай часткай мерапрыемства, перад адкрыццём “Падсвільскага світанку-2017”.

Падсвільскі-світанак-2017-092
Адкрыў яго старшыня Падсвільскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Ярашэвіч.

Падсвільскі-світанак-2017-105
—Свята было і задумана для таго, каб ушаноўваць лепшых людзей пасёлка, дарыць ім цяпло і радасць, а таксама атрымліваць асалоду ад творчасці нашых землякоў, — заўважыў Анатоль Вацлававіч і выказаў словы ўдзячнасці старшыні райвыканкама А. В. Морхату за пастаянныя клопаты аб развіцці пасёлка, яго добраўпарадкаванні, нагадаў, што кіраўнік раёна нядаўна адзначыў сваё 50-годдзе і ад Падсвільскага сельвыканкама ўручыў Алегу Віктаравічу падарунак, ад мясцовых садаводаў – яблыньку беларускую салодкую.

Падсвільскі-світанак-2017-112
Алег Віктаравіч шчыра падзякаваў за гасцінцы, за цёплыя словы  і ў  кароценькім выступленні павіншаваў удзельнікаў свята з Яблычным Спасам, пажадаў міру,  дабра, узаемаразумення, моцнага здароўя, зазначыў, што на свяце ў Падсвіллі ён ужо восьмы раз, што прыехаў з  падарункам ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, падарункам, які да дэнамінацыі каштаваў мільярд рублёў. Пад гарачыя апладысменты кіраўнік раёна ўручыў дырэктару Падсвільскай СШ Людміле Савуліч  ключы ад школьнага аўтобуса, і па плошчы пракацілася дружнае “Дзякуй!”, у якім, канечне ж, звінелі дзіцячыя галасы.
Падсвільскі-світанак-2017-116
Цікавінкай свята стала тэатралізаванае прадстаўленне “Спорт+”: свае адносіны к фізкультуры, спорту, сваю прыхільнасць да здаровага ладу жыцця выказалі ў  спартыўных замалёўках  ( пра гэта не раскажаш, гэта трэба было пабачыць) работнікі бальніцы, дзіцячага садка, Падсвільскай СШ, ПМК-48, Дзвінскай эксперыментальнай базы, музычнай школы, вінзавода.

Мы пабачылі цуды на роліках, танга з мячамі, шэсце пад класічную музыку шахматных каралёў і каралеў са сваімі світамі, велапрабег, абразок з жыцця турыстаў, паслухалі  ў іх выкананні  мілую песню Алега Міцяева “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”, і гэтая песня хораша яднала ўсіх удзельнікаў свята і дарыла ўсім нам цудоўны настрой.

І тут хочацца выказаць словы захаплення жыхарамі пасёлка, іхняй актыўнасцю, смеласцю, уменнем пераўвасабляцца, уваходзіць у розныя ролі. Скажам, свята прысвячаецца бульбе – калі ласка, усе становяцца бульбаводамі, асвойваюць гэтую тэматыку;  прысвячаецца – азёрам, рыбе – усе рыбакі і аматары рыбнай лоўлі; культуры –  праяўляюць сябе як акцёры і спевакі; фізкультуры і спорту, як на гэты раз, —  надзяваюць спартыўныя касцюмы і – на старт.

Словам, “Падсвільскі світанак” – свята, якое ствараюць не асобныя арганізатары, актывісты, а самі жыхары Падсвілля – для сябе, для сваіх сем’яў, сяброў і блізкіх, і — трэба ж не толькі сябе паказаць, але і на людзей паглядзець, — для шматлікіх гасцей.

Цырымонія ўзнагароджвання на свяце была працяглай па часе.  З вуснаў вядучых Святланы Дзякун і Юрыя Стрэльчанкі прагучалі прозвішчы лепшых прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Падсвілля – Людмілы Казачок, Валянціны Курылёнак, Вячаслава Васілевіча, Кацярыны Піскуновіч, Міраславы Гугалімскай, Міхаіла Верташонка, Алы Лебядзевіч, Любові Рудак, Людмілы Малчун, Валерыя Драздовіча, Ванды Тупіцынай, Уладзіміра Гужонка. Узнагароды атрымалі і творчыя людзі пасёлка – Антон Чарны і Генадзь Салаўёў (рэзідэнцыя Вішнёвай Каралевы – адна з іхніх работ), народны майстар Валерый Мацюшонак,  Аляксандр Зелянкоўскі, Валянціна Сеньчанка.

На свяце падведзены вынікі агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні пасёлка і бліжэйшых вёсак. Пераможцы ў намінацыях “Лепшая сядзіба”, “Мой утульны дворык”, “Лепшы кветнік” таксама атрымалі ўзнагароды.

Вызначаны таксама пераможцы па добраўпарадкаванні сярод прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў пасёлка. Гэта Дзвінская эксперыментальная база, Падсвільская СШ, Падсвільскі сад-яслі, Падсвільская бальніца.

Паланіла ўсіх цікавая і разнастайная праграма свята: у ёй – выстаўка “Шахматы на асфальце”, фотазона “Злаві гэтае лета”, атракцыёны для дзяцей, тэатралізаваная праграма “Маша і Мядзведзь”, канцэрт “Песні нашага двара”, шоу-праграма “Па слядах цудоўнай сямёркі”, “Падсвільскі хіт-парад”, харэаграфічная замалёўка “Усходнія казкі” і шмат чаго іншага.

Працавалі падворкі, гандлёвыя рады.

А ў 22 гадзіны неба над пасёлкам расквецілі букеты святочнага феерверку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

2 × три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: