На жніве ў філіяле «Верхняе» Глыбоцкага раёна

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Па ўраджайнасці зерневых культур філіял “Верхняе” ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” займае пакуль чацвёртае месца ў раёне: на круг збіраюць тут па 36,1 цэнтнера зерня. Дырэктар гаспадаркі Іван Корж у размове прызнаўся, што, нягледзячы на некаторыя праблемы, звязаныя з паломкай тэхнікі, сёлетняе жніво складваецца пакуль добра: устанавілася сухое надвор’е, ёсць паліва, ёсць каму ўбіраць зерне і ёсць каму адвозіць яго.

Верхняе-2017-019

І зноў, як і па вясне, добрыя словы скажам пра галоўнага інжынера гаспадаркі Міхаіла Мурзіча: сейбітам ён быў у час сяўбы яравых культур, а сёння яго можна пабачыць за рулём камбайна – менавіта такім чынам у гаспадарцы вырашылі кадравае пытанне.

Верхняе-2017-002

Разам з ім зерневыя ўбіраюць камбайнеры Міхаіл Зімніцкі і Дзмітрый Хуцкі. З Дзмітрыем мы хвіліну-другую пагутарылі на полі, і ён заўважыў, што ўсе, хто ў гэтыя дні занятыя на уборцы ўраджаю, і свае, і з другіх арганізацый, жывуць адным клопатам:  убраць ураджай хутка і без страт.

—Заробкам задаволены, кормяць смачна, ураджай ёсць, таму і працуем з ахвотай, — заўважыў камбайнер.

Георгій Дайлідзёнак – вадзіцель з Глыбоцкай ПМК, але ў Верхнім на жніве ён працуе ўжо трэці год.

—Мой заробак залежыць ад таго, колькі тон зерня я перавязу. А перавёз я ад пачатку жніва ўжо нямала. У гаспадарцы я ўжо як свой. Арганізацыяй працы, гарачымі абедамі, зарплатай задаволены, — не прытойваў добрага настрою, усмешкі Георгій падчас сціслай размовы.

Так атрымалася: калі дырэктар ААТ “Верхняе” Іван Корж раней  вазіў нас па гаспадарцы  на сваім аўтамабілі, то на гэты раз ужо мы прывезлі яго на поле — вадзіцель на старшынёўскім аўтамабілі паехаў  у горад па прадукты.

Калі пачалі гаварыць з ім пра ўраджайнасць зерневых культур у гэтым годзе, Іван Васільевіч сказаў, што пакуль яна нашмат вышэйшая, чым летась, выказаў спадзяванне, што добры ўраджай, як і азімая пшаніца,  дасць азімае жыта. У прыватнасці – гібрыднае.

—У адным каласку гібрыднага жыта налічыў больш за 50 зярнятак, — зазначыў ён. – Спадзяюся, што падыдуць і яравыя культуры. Убяром жыта, тады возьмемся і за іх.

Учарашняе ААТ “Верхняе” – сёння ўжо філіял ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”. Па словах кіраўніка, галаўное прадпрыемства аказвае вялікую дапамогу калектыву. Так, у час нашай размовы па тэлефоне кіраўніку паведамілі, што з інтэграцыйнай структуры на палі гаспадаркі ідзе камбайн.
Дапаможа прадпрыемства свайму філіялу і з сяўбой азімага рапсу.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru