Глыбачане адзначылі Дзень будаўніка

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Глыбачане адзначылі Дзень будаўніка . Зусім нядаўна на старонках нашай газеты быў змешчаны артыкул “Дворык сустрэч і добрых надзей”, у якім размова ішла пра тое, што на сваіх суседзяў, жыхароў дамоў № 129 “А” і 135, што ў мікрараёне малочнакансервавага камбіната, па розных прычынах на працягу доўгага часу скардзіцца іх жа суседка. Каб разабрацца ў сітуацыі, на сустрэчу з жыхарамі гэтых дамоў выязджаў старшыня райвыканкама Алег Морхат разам з кіраўнікамі раённых службаў. Размова атрымалася адкрытая, шчырая і канструктыўная. Многія пытанні, што ўзніклі ў ходзе гутаркі, вырашаныя, некаторыя – у стадыі вырашэння.  

DSC_0214


Якраз падчас гэтай сустрэчы спантанна ўзнікла добрая ідэя: правесці ў двары свята, на якое б, як у старыя добрыя часы, сабраліся ўсе суседзі. А чаму і не? Ладзяцца ж на Глыбоччыне святы вёсак, можна і ў мікрараёне яго правесці. Тым больш, практыка правядзення такіх мерапрыемстваў (старэйшае пакаленне глыбачан памятае такую традыцыю) існавала ў нашым раёне. Такую ідэю Алег Віктаравіч прапанаваў, а жыхары двух дамоў з радасцю яе падхапілі і вырашылі ў далёкую скрыню не адкладваць.

DSC_0169
За арганізацыю свята ўзяліся дружна, з запалам. І нагода хутка знайшлася, — Дзень будаўніка. Трыццаць дзевяць гадоў таму шматпавярхоўкі будавала для сваіх работнікаў глыбоцкая ПМК-41, і сёння ў раёне МКК  і ў вышэйназваных дамах, пражывае шмат ветэранаў будаўнічай галіны. Колькі дзён суседзі дружна працавалі: навялі парадак на прыдамавой тэрыторыі, двор вымелі-вычысцілі, усё, як належыць, спланавалі. Адным словам, рыхтаваліся да мерапрыемства адказна. На дапамогу ім прыйшлі работнікі ЖКГ.

DSC_0183
І вось цёплым нядзельным днём гаспадары з двух дамоў сабраліся разам. У госці да іх прыехалі самадзейныя артысты з Падсвільскага Дома культуры — і зладзілі цудоўны канцэрт. Прыгожыя, прыбраныя (свята ўсё ж такі!) усмешлівыя – высыпалі суседзі ў двор і занялі месцы ў “глядзельнай зале”,  ля імправізаванай сцэны, якую самі і арганізавалі. На мерапрыемства прыйшло больш за сотню чалавек. Сапраўдны аншлаг! Тыя, каму не хапіла месца ў зале, глядзелі канцэрт з балконаў і адчыненых акон.

DSC_0184
Канцэрт быў цудоўны! Песні ўсе — як на падбор, краналі за душу (малайцы артысты з Падсвілля!). І не дзіва, пад мелодыі сваёй маладосці многія прысутныя пайшлі ў танцы. Удзячныя гледачы шчыра дзякавалі артыстам апладысментамі, дарылі кветкі і колькі разоў  крычалі “Брава!”

DSC_0188
—У наступным годзе нашаму дому – 40 гадоў. Трыццаць гадоў таму, калі  многія з нас былі нашмат маладзейшымі, мы зладзілі такое свята ў двары. Нашы дзеці падрыхтавалі канцэрт, мы ўпрыгожылі двор, правялі конкурс на лепшы пад’езд. Усё было цудоўна! – расказала жыхарка дома № 129 “А” Лідзія. — Сёння мы нібы ў маладосць вярнуліся. Ва ўсіх прыўзняты настрой, усе шчаслівыя і задаволеныя. Вялікі дзякуй усім, хто дачыніўся да арганізацыі і правядзення свята, — старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату, работнікам райвыканкама, артыстам, маім дарагім суседзям. Спадзяёмся, што такая добрая традыцыя ў нас захаваецца.

DSC_0189
 —Свята атрымалася! Артысты проста малайцы!  У наступным годзе абавязкова арганізуемся! Як добра сабрацца вось так, дружна, разам! – не хаваючы задавальнення, гаварылі паміж сабою суседзі, накрываючы ў двары сталы.

DSC_0191
Да слова, падчас сустрэчы з жыхарамі дамоў старшыня райвыканкама таксама абяцаў прыняць удзел у дваровым свяце і яго з нецярпеннем чакалі ўсе
ўдзельнікі свята.  На жаль, у гэтыя  гарачыя жнівеньскія дні Алег Віктаравіч ці не ўвесь працоўны дзень праводзіць на жніве і пры ўсім жаданні ў яго не атрымалася выкраіць колькі часу. Але старшыня райвыканкама вельмі рад, што свята прайшло добра і спадабалася ўсім жыхарам. Ён спадзяецца, што жыхары гэтых дамоў будуць і найдалей падтрымліваць добрасуседскія адносіны, жыць у дружбе і згодзе, разам вырашаць праблемныя пытанні, разам рабіць свой двор яшчэ больш утульным і разам, дружна, за агульным сталом адзначаць святы.

DSC_0192 DSC_0199 DSC_0215

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

2 × два =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: