Ураджэнка Глыбоччыны – удзельніца «Гонкі Герояў»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Ураджэнка Глыбоччыны – удзельніца «Гонкі Герояў». у маі гэтага года, у горадзе Гудэрмесе Чачэнскай Рэспублікі на базе Міжнароднага вучэбнага цэнтра сіл спецыяльнага прызначэння праходзіла “Гонка Герояў. Новая Вышыня”. Удзел у спаборніцтвах прымалі больш за дзве тысячы спартсменаў з розных краін былога Савецкага Саюза, якія прайшлі папярэдні адбор. У ліку іх была і ўраджэнка Глыбокага Таццяна Пехцерава (у дзявоцтве Макатун). Наша зямлячка ў чарговы раз паказала  вышэйшы клас:  паспяхова прайшла экстрэмальныя выпрабаванні і перамагла. Прыз гонак – сертыфікат на суму 1 мільён расійскіх рублёў ёй уручыў прэзідэнт Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў.

IMG_3661

Турызм і спорт – “любоў” з першага погляду

У сям’і Паўла Антонавіча і Валянціны Аляксандраўны падрасталі дзве дачкі –  Вольга і Таццяна. Таня вучылася ў СШ№3 горада да таго часу, пакуль па сямейных абставінах маці не пераехала ў Пінск.  Дзяўчыне прыйшлося на новым месцы шукаць сяброў і справу па інтарэсах. Аднойчы знаёмы прывёў яе на заняткі ў гурток па турызме і, як кажуць,  гэта была любоў з першага погляду. Турызм, спорт, экстрэмальныя ўмовы спаборніцтваў, якія выпрабоўвалі на фізічную сілу і моц духу, прыцягвалі Таццяну, як магнітам.  Пастаянныя трэніроўкі, спартанскія ўмовы выхавання сталі  нормай яе  жыцця. У 9-10 класах дзяўчына трэніравалася ў Цэнтры дзіцячага і юнацкага турызму ў Пінску пад кіраўніцтвам Аксаны Сідарчук. Будучы школьніцай, выканала праграму кандыдата ў майстры спорту па турысцка-прыкладным шматбор’і (ТПШ). Калі маці сказала дачцэ, што яны вяртаюцца ў Глыбокае, тая паставіла ёй свае ўмовы: “ Паеду, калі ты будзеш адпускаць мяне на трэніроўкі і спаборніцтвы і дазволіш паступаць у фізкультурны ўніверсітэт”. Настойлівасць  дапамагла дабіцца “кансенсуса” – маці згадзілася на ўмовы дачкі.

IMG_6630
Падчас вучобы ў Глыбокім Таня  займалася лёгкай атлетыкай, але па-ранейшаму выступала за каманду Брэсцкай вобласці. Запаветная мара збылася, калі яна паступіла на факультэт менеджменту спорту і турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  фізічнай культуры. З 2004 па 2009 год, пакуль вучылася ў ВНУ,  трэніравалася ў турысцкім клубе “Зніч” на базе СШ№190 у Мінску. У 2006 годзе выканала праграму майстра спорту па турысцка-прыкладным шматбор’і. Яна ўдзельнічала ў спаборніцтвах, была першай, радавалася поспехам, не спынялася на дасягнутым, яшчэ больш настойліва трэніравалася і прыступка за прыступкай  узыходзіла на п’едэстал славы. Наўрад ці думала яна тады, што турызм і спорт  дапамогуць ёй  не толькі знайсці справу ўсяго жыцця, стаць прафесіяналам, але і сустрэць чалавека свайго лёсу.

IMG_7999

Жаніх і нявеста – “з аднаго цеста”

З мінчанінам Сяргеем Пехцеравым Таццяна сустракалася на спартыўных спаборніцтвах у Брэсце.

IMG_0289
–Я была яшчэ падлеткам, а ён – прыгожы хлопец, старэйшы  за мяне, вопытны турыст да ўзроўню якога  мне было расці і расці. Ні пра якія адносіны я тады і не думала, – гаворыць Таццяна. – Бліжэй мы пазнаёміліся на спаборніцтвах у Мінску, а на апошнім курсе ўніверсітэта я выйшла за яго замуж. Стаўшы сямейным чалавекам,  Сяргей сваё захапленне пакінуў на другі план, а я па-ранейшаму трэніруюся, кожны год падымаю для сябе планку спаборніцтваў і бяру яе. Ну а тое, што перамагаю, то гэта не толькі мая заслуга, але і мужа, бо ён мяне падтрымлівае, ездзіць  разам на спаборніцтвы, дае тэхнічныя парады па пераадоленні паласы перашкод, адсочвае мой вынік на дыстанцыі, кантралюе мой і час іншых удзельнікаў, падказвае, калі мне трэба сканцэнтравацца, зрабіць рывок, каб апярэдзіць сапернікаў, карацей, ён бегае не менш, чым я.

IMG_3602
Цяпер у нас падрастаюць дзве дачушкі, Каця і Саша. Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, мы аб’ездзілі ўсю Беларусь: і падарожнічалі, і на спаборніцтвах былі разам. Сяргей з першых дзён нараджэння даглядае малышак, выдатна спраўляецца з роляй няні.  Мой спартыўны каляндар распісаны на тыдні наперад. Як мінімум, кожны месяц у мяне бываюць па два старты. У дадатак, паўсядзённыя трэніроўкі адымаюць шмат сіл і часу, таму гаспадыня і повар з мяне ніякія.  Сяргей без лішніх слоў бярэ на сябе дамашнія клопаты. Бывае, гаворыць, што хацеў бы мець  “звычайную жонку, якая   гатавала б баршчы”, але  ён ніякіх умоў не ставіць, не забараняе займацца справай, да якой ляжыць душа, ганарыцца мной і ўсяляк дапамагае. Цяпер мы  будуем свой дом, і  Сяргей на тэрыторыі ўчастка  зрабіў для мяне паласу перашкод, падобную той, якую мне прыходзіцца пераадольваць на спаборніцтвах. Дзякуючы яму, я трэніруюся, не выходзячы з уласнага двара.

IMG_3672
Калі казаць пра нашых дачушак, то любоў да турызму і спорту ім  у прамым сэнсе слова перадалася з малаком маці. Я ўдзельнічала ў забегах, якія праходзілі ў сталіцы, і на дыстанцыі карміла дачушак, якіх падвозіў муж ва ўказанае месца. Дачушкі заўсёды перажываюць за мяне, падбадзёрваюць і радуюцца, калі я перамагаю. Больш таго, дзеці, якім 6 і 4,5 гады ўжо самі ўдзельнічаюць у дзіцячых гонках. Каця, напрыклад, двойчы пераадолела экстрэмальную дыстанцыю, ведае цану лідарства і не супраць стаць  спартыўнай зоркай, як   Дар’я Дамрачова.

Мэта – спартыўнае даўгалецце

Гэтыя словы і дэвіз спартсменкі Таццяны Пехцеравай, і мэта на перспектыву, трывалы фундамент якой маладая жанчына закладвае сёння настойлівай цяжкай, да сёмага поту, працай. Яе гонкі – не на аўтамабілі. Яна пераадольвае паласу перашкод, якая пралягае праз лес і балота, бегам, крокам, паўзком, падымаючы цяжкасці, якія ўдвая і ўтрая большыя за вагу яе цела.

IMG_3692
– Ёсць такія перашкоды, да якіх не ведаеш з якога боку падступіцца. Прыходзіцца думаць на хаду, разлічваць сілы на бягу, не забывацца пра час, выйсці за рамкі якога не дазволена, перамагчы ўласны страх, трымаць у кулаку сілу волі і мець неперадольнае жаданне быць першай, – расказвае Таццяна Паўлаўна.

IMG_3696
Што датычыць яе ўдзелу ў спаборніцтвах рознага рангу, то каб трапіць на іх, трэба прайсці прафесійны адбор, а права знаходзіцца ў элітнай групе, у якой апошнія гады выступае Таццяна, трэба пацвердзіць не адной узнагародай. Іх у спартсменкі – дзясяткі.

IMG_6424
Таццяна Пехцерава, якая працуе настаўніцай фізкультуры ў адным з дзіцячых садкоў Мінска, – неаднаразовая пераможца чэмпіянатаў і ўладальніца Кубкаў Беларусі па ТПШ у тэхніцы горна-пешаходнага турызму і чэмпіянатаў краіны па ТПШ  у тэхніцы  лыжнага турызму. Пераможца міжнароднага пешага марафона “Школа выжывання ПРС-2015”. Прызёр прыгодніцкіх гонак “Vilnius challenge-2015 — 2016” і  прызёр Кубка “ПрамвадТур”. Лідар мульцімарафона “Люты 2016”. З 2015 года  пастаянна прымае ўдзел у гонках класа “Bison Race”  ў катэгорыі “эліта” і пастаянна перамагае. Неаднаразовы прызёр  і пераможца экстрэмальнага бега на 6,12 і 21 кіламетр гонак “Runmageddon-2016” і  “Barbarian race” ў Польшчы,  “Strong race” – у Латвіі, пераможца “Гонкі Герояў. Зіма” ў парным заліку і  ў “Гонцы Гладыятараў” у Маскве,  у асабістым і камандным заліку гонак “Zone race”, у “Гонцы герояў. Новая Вышыня” ў Гудэрмесе (Чачня).

IMG_7472
Акрамя гэтага Таццяна пастаянная ўдзельніца  сталічных забегаў “Старт усёй сям’ёй” на 12 кіламетраў,  “Толькі для жанчын” напярэдадні 8 сакавіка, калі кожнай спартсменцы на фінішы дораць ружу і віншаванні. На дзіцячых дыстанцыях гэтых забегаў спрабуюць сілы і яе дочкі і ўжо маюць даволі нядрэнны вынік. Даволі арыгінальна адзначыла Таццяна свой юбілейны дзень нараджэння: у студзеньскі мароз яна прабегла роўна 30 кіламетраў – па кіламетры за кожны пражыты год. Што тут сказаць: у прыгажуні жалезная сіла волі, якую мае не кожны мужчына?!

–Надта складанай  была дыстанцыя ў Гудэрмесе. Мы пераадольвалі горную рэчку, глыбокія, напоўненыя вадой, канавы, лясны масіў, праходзілі па “рукаходу”, “паласе разведчыка”. У гэтых спаборніцтвах былі і новыя элементы экстрыма, напрыклад, агнявы рубеж, на якім мы стралялі са спартыўнай зброі. Фактычна, трэба быць універсалам, каб валодаць тэхнікай розных відаў спорту, не спасаваць перад выпрабаваннем, – гаворыць Таццяна, успамінаючы гонкі ў Гудэрмесе. – Калі ўлічыць тое, што за ўдзел у любых гонках трэба плаціць даволі значны фінансавы збор, даязджаць да месца за свае грошы, калі гэта міжнародныя спаборніцтвы, трэба яшчэ і візу за свой кошт рабіць, то выйгрыш у Чачэнскай Рэспубліцы можна лічыць самым значным і, напэўна, адзіным, які пакрыў усе расходы, звязаныя з удзелам у спаборніцтвах. Сродкі гэтыя выдзелены з фонда главы Чачэнскай Рэспублікі. Рамзан Кадыраў асабіста ўручыў мне ружы, і мы сфатаграфаваліся на памяць. У асабістым заліку сярод мужчын, хоць гаспадары гонак і  спадзяваліся на перамогу чачэнца, перамог расіянін Сяргей Пералыгін, якому падарылі новы “Мерседэс”. А я свой выйгрыш патрачу на будаўніцтва дома.

Цяпер  яна трэніруецца ў СФК “Волат” пад кіраўніцтвам Максіма Мазаніка і ў бегавым клубе “Berunner” з трэнерам Аляксандрам Кругленяй.

У чэрвені Таццяна вярнулася з Галандыі, дзе – нарэшце збылася яе мара –  упершыню прыняла ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па гонках з перашкодамі на даўгой дыстанцыі і ў асабістым заліку заняла 5 месца. Мэта – трапіць у дзясятку мацнейшых спартсменаў у Еўропе – ажыццявілася. Наперадзе – мара трапіць на чэмпіянат свету, які пройдзе 15 кастрычніка ў Канадзе. Адбор яна ўжо прайшла, засталіся “невялікія” фармальнасці: сур’ёзна падрыхтавацца і атрымаць візу.

Падчас “Вішнёвага фестывалю” Таццяна прыехала ў роднае Глыбокае. Кажа, што так прыемна адчуваць сябе не мамай дваіх дзяцей, на якой ляжыць адказнасць за кожны іх крок, а дачушкай, пра якую так клапоцяцца і якой так ганарацца бацькі.

–Горад з кожным годам прыгажэе. У глыбачан з’явілася выдатнае месца, набярэжная возера Кагальнае, дзе  ва ўстаноўлены дзень і час можна арганізоўваць масавыя забегі, такія ж, якія праводзім мы, жыхары мінскага мікрараёна па ўласным жаданні. Самі арганізаваліся і самі бегаем каму калі выпадае.  Гэта і здаровы лад жыцця, і адпачынак на прыродзе, і пошук сяброў па інтарэсах, – гаворыць ідэю Таццяна.

Хочацца пажадаць нашай зямлячцы, каб агеньчык яе захаплення, які гарыць у вачах і ў душы,  не згасаў, каб перамагала ва ўсіх гонках, на якіх яна прадстаўляе Беларусь, была каханай, шчаслівай і даўгавечнай у спорце.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

1 × 3 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: