На палі Глыбоччыны выйшлі камбайны «New Holland»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,00 из 5)
Загрузка...

На палі Глыбоччыны выйшлі камбайны «New Holland». У інтэграцыйную структуру, створаную на базе ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”,  у гэтым годзе паступіла шмат новай тэхнікі, у тым ліку – імпартныя камбайны  “New Holland”. І ўжо на гэтым тыдні яны прыступілі  да ўборкі зерневых.

_0003494

Каля вёскі Жураўнёва за выхадам у поле імпартных камбайнаў “Нью Холланд” (New Holland) уважліва назіралі старшыня райвыканкама Алег Морхат, генеральны дырэктар ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод “ Мечыслаў Морхат, спецыялісты прадпрыемства
і ААТ “Канстанцінаў Двор”.

–Калі наш камбайн за дзень убірае зерневыя на плошчы 10-12 гектараў і больш, то імпартны – шырыня жняяркі 10,7 метра – нават на дробнаконтурных палях можа скасіць збажыну на 25 гектарах. Такіх новых камбайнаў у раёне тры, значыць, за дзень  будзе 75 гектараў. За дзесяць дзён – 750 гектараў, – зазначыў, пазіраючы, як прыгожа плыве па хвалях збажыны стэпавы карабель, Алег Морхат.

Надарылася добрая магчымасць пагаварыць з кіраўніком раёна пра ход жніва ў раёне, пра нашы бліжэйшыя перспектывы ў вытворчасці зерня.

–Алег Віктаравіч, зможам убраць зерневыя і зернебабовыя культуры да 20 жніўня?

–Дзесяць дзён такога жніва, як сёння, і ў асноўным хлеб будзе ўбраны. У асноўным – таму, што яравыя зернебабовыя яшчэ не гатовы да ўборкі, яравая пшаніца – таксама. Напружанне ў раёне мы стварылі, прырост скошаных гектараў за дзень – больш за тысячу. І цяпер нам застаецца кіраваць працэсам: выяўляць, дзе паломкі, дзе паліва не хапае, і выпраўляць сітуацыю, прымаць рашэнне: куды камбайны перакінуць, каму трэба памагчы. І – маліцца на пагоду, каб не пайшлі дажджы.

–Імпартныя камбайны прыйшлі ў пару?

–Канечне. І на нашых палях – сярэдняя контурнасць у раёне 5,6 гектара – ёсць плошчы, дзе “Нью Холанды” могуць разгарнуцца. Я прытрымліваўся і буду прытрымлівацца такой думкі: не трэба разбіваць нашы палі на дробныя севазвароты. Калі прыехалі ў Жураўнёва, то плошча тут павінна быць да ста гектараў,  каб камбайны не пераязджалі з поля на поле. Нам трэба захаваць прадпрыемства меліярацыі, павышаць культуру земляробства, атрымліваць высокія ўраджаі, а камбайнеры  скажуць сваё слова. У тым ліку і на новай тэхніцы. Сёння ў раёне ёсць магутныя камбайны, аўтамабілі! Скажам, машына з аграсэрвісу ці з аўтатранспартнага прадпрыемства едзе ў Ломашы, забірае адразу 60 тон зерня і вязе на камбікормавы завод. Добра, што ў Глыбокім ёсць такое прадпрыемства. І нам час ужо адыходзіць ад дробных сушылак, сёння трэба мысліць па-новаму. У раёне з кожным днём усё больш і больш заяўляе пра сябе інтэграцыйная структура. Можна і так сказаць, што ўвесь наш раён – гэта інтэграцыйная структура. Генеральны дырэктар ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Мечыслаў Віктаравіч не дзеліць сельскагаспадарчыя арганізацыі на свае і на чужыя. Мы дабіліся і таго, што і работнікі прадпрыемстваў горада ўсвядомілі, што хлеб – наша багацце, што ўсім трэба працаваць на зямлі. У гэтым годзе пачалі асвойваць палі Браслаўшчыны. Нібыта і далёка, але нам вельмі патрэбен свой бялок, паколькі сёння мы купляем яго за валюту, трацім вялікія грошы.  І проста шчасце, што ў раёне ёсць добрыя механізатары, гаспадары, якія жывуць клопатам пра ўраджай, пра родную зямельку. А тэхнолагаў, на жаль, мала.

–На адной з нарад вы сказалі, што час ячменю адыходзіць, што большыя плошчы трэба адводзіць пад азімыя культуры.

–Тэрміны сяўбы азімых культур расцягнутыя: жнівень, верасень. Калі мы нават у кастрычніку пасеем жыта, то атрымаем больш 20 цэнтнераў зерня з гектара. Па вясне азімым не страшныя капрызы надвор’я, бо яны за зіму атрымалі добрую загартоўку. А з яравымі – гэты год паказаў – праблемы. Ячмень быў добры ў савецкі час, калі прасцей было з набыццём угнаенняў, хімікатаў. Мы прааналізавалі вытворчасць зерня за апошнія сем гадоў, і карціна атрымалася такая: нават з улікам таго, што частка азімых прападала, што асобныя плошчы спісвалі, мы атрымлівалі большы ўраджай. А яравыя часам падводзяць: ні ўраджаю, ні саломы. Вясной асноўную ўвагу трэба ўдзяляць кукурузе, рапсу, гароху. Задача нумар адзін – бялок. Паспрабавалі пасеяць сою, але наўрад што атрымаецца: затраты вялікія і ў раёне гэта не наша культура. А вось гарох мы вырошчваць навучыліся.

–І апошняе пытанне, Алег Віктаравіч. Сёлетні ўраджай радуе?

– Некаторыя раёны з першых дзён уборкі пачалі паказваць высокую ўраджайнасць. Я ж за тое, каб ураджайнасць, калі яна ёсць, расла бліжэй к заканчэнню жніва. Як аграном скажу так: калі мы ў гэтым годзе атрымаем на круг пад 28 цэнтнераў зерня, то гэта будзе добра. Нам патрэбен вал, і я думаю, што на 10 тысяч тон зерня збяром больш, чым у мінулым годзе. Галоўнае сёння – працаваць плённа, эфектыўна, без страт. І тады ўсё ў нас атрымаецца.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

1 × 3 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: