«Мой родны куточак, тут дом мой, мае карані…». Свята аграгарадка Абруб Абрубскага сельсавета, які з’яўляецца цэнтрам філіяла “Каралі” ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, адбылося ў нядзелю 9 ліпеня.
Пачалося яно ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцам. Кветкі да манумента ўсклалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, старшыня Абрубскага сельвыканкама Анатоль Славецкі, дырэктар філіяла “Каралі” Уладзімір Новікаў і былы кіраўнік гэтай гаспадаркі Мікалай Германовіч. Затым святочная дзея перамясцілася ў двор школы, дзе ад малога да вялікага сабраліся аднавяскоўцы.
Вядучыя свята Дзмітрый Крывёнак і Анастасія Станкевіч зрабілі экскурс у гістарычнае мінулае і нагадалі прысутным самыя значныя і адметныя даты ў жыцці вёскі.
У 1896 годзе ў Абрубе была адкрыта школа царкоўнай граматы. Згодна перапісу 1897 года ў вёсцы пражывалі 390 чалавек (цяпер тут 290 чалавек). У 1921 годзе яна ўвайшла ў склад Глыбоцкай гміны Дзісненскага павета Віленскага ваяводства, а ў 1939 – у склад БССР. Два гады да вайны і пяць пасля яе вёска знаходзілася ў Ластавіцкім сельсавеце, у 1949 годзе – стала цэнтрам калгаса імя Кірава. У свой час гаспадарку ўзначальвалі Раман Багдановіч, Сяргей Сыраватка, Мікалай Прашковіч, Багдан Гурскі, Карп Піскуновіч, Мікалай Германовіч, Анатоль Славецкі, Генадзь Лютынскі, Міхаіл Краўчонак, Міхаіл Піскуновіч, цяпер — Уладзімір Новікаў.
На франтах Вялікай Айчыннай ваявалі 17 жыхароў Абруба, з іх толькі 8 вярнуліся дамоў жывымі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых герояў-аднавяскоўцаў Лаўрыновічаў – Уладзіміра Якаўлевіча, Мікалая Кандрацьевіча, Канстанціна Апанасавіча, Піскуновічаў – Івана Казіміравіча, Уладзіміра Карнеевіча, Мікалая Хрысанфавіча, Тадэвуша Восіпавіча, Фёдара Авяр’янавіча Сыраваткі, Аляксандра Васільевіча Шаўчонка.
Вярнуліся героямі-ардэнаносцамі, працавалі, узнаўлялі гаспадарку Георгій Пашковіч, Мікалай Піскуновіч, Пётр Піскуновіч, Міхаіл Піскуновіч, Назар Сівіцкі, Тэадор Супранёнак, Сапрон Шаўчонак, Віталь Шмайлаў.
Праз гарніла Афганскай вайны прайшлі Генадзь Маршалаў і Васіль Пчолка, ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС быў Міхаіл Амбрасовіч. Гэтыя мужныя людзі да цяперашняга шчыруюць на палетках роднай гаспадаркі і ў асабістых падворках, паказваючы прыклад працалюбства.
З віншаваннямі да прысутных звярнулася Галіна Унуковіч. Яна падзякавала вяскоўцам за ўменне і жаданне працаваць, за вернасць роднай зямлі, пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, больш светлых дзён у жыцці і ўручыла Грамату райсавета дэпутатаў “за актыўную жыццёвую пазіцыю і плённую працу” і каштоўны падарунак загадчыцы ФАПа, дэпутату мясцовага Савета дэпутатаў Ірыне Шаўчонак.
На свяце ўшанавалі самых старэйшых жыхароў вёскі – 88-гадовага Вікенція Карзюка і 85-гадовую Аляксандру Багдановіч, а таксама самага маленькага Марата, якому ўсяго тры месяцы. Хлопчык стаў другім дзіцяткам у сям’і Максіма і Святланы Зубковых.
Падарункі, шчырыя пажаданні і песні гучалі ў той дзень у адрас лепшых паляводаў, жывёлаводаў, механізатараў гаспадаркі, патомных хлебаробаў, руплівых гаспадароў, чые падворкі радуюць вока сваёй дагледжанасцю і кветкавым хараством. На сёння ў вёсцы жывуць 63 былыя работнікі калгаса імя Кірава, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
У ганаровы летапіс славы Абруба занесены ветэран працы, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, каваль і токар Іосіф Дамінеўскі, рабочая біяграфія якога пачыналася ў 1951 годзе; Альдона Спірыдонава, якая за высокія ўраджаі атрымала медаль “За працоўную доблесць”; Стэфан Лаўрыновіч, лепшы каваль ваколіцы, і яго жонка Леаніда Уладзіміраўна, якая любую работу выконвала якасна і добрасумленна; Ягор Краўчонак, трактарыст і камбайнер, “Ударнік камуністычнай працы”, медаліст і яго жонка, свінарка і даярка Ніна Васільеўна; Міхаіл Шаўчонак, які працаваў трактарыстам, быў вядомым млынаром, і яго жонка, палявод Марыя Ігнацьеўна; вадзіцель, рамонтнік, пячнік, майстар на ўсе рукі Мікалай Піскуновіч і яго жонка, ураджэнка Магілёўшчыны, майстар-будаўнік Ларыса Васільеўна; жывёлавод Яўгенія Шаўчонак, цялятніца Вера Лукашэвіч, механізатар Леанід Шаўчонак, які сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей з дня нараджэння і хутка разам з жонкай Тэрэзай Антонаўнай справяць 55-годдзе сумеснага жыцця; механізатар Васіль Супранёнак і яго жонка, бухгалтар Алена Пятроўна, якая пастаянна дапамагала гаспадарцы на палявых сезонных работах; жывёлавод Анатоль Піскуновіч, загадчыца склада Фаіна Лаўрыновіч, даярка Валянціна Стоцік, цялятніца Зінаіда Ломыш, заатэхнік Таццяна Жук, палявод Вера Піскуновіч, механізатар Віктар Піскуновіч, шчырыя працаўнікі, рупліўцы Клеапатра Раманюк, Пётр Баран, Уладзімір Піскуновіч, Фёдар Піскуновіч. Цяпер у філіяле “Каралі” працуюць Антон і Святлана Бернатовічы, якія прыехалі на Глыбоччыну з Прыбалтыкі, абжыліся, вырасцілі траіх дзяцей і разам з імі паспяхова працуюць і на сваёй гаспадарцы. Васіль і Святлана Пчолкі выхавалі чацвёра дзяцей. Васіль працуе механізатарам, яго жонка — у дзіцячым садку.
На свяце віталі добрых шчырых людзей Часлава Пажогу і Івана Піскуновіча, у лёсе якіх надарылася цяжкая хвароба і якім так патрэбна дапамога і ўдзел родных, Фаіну Кузьменка, якая ўсё жыццё прысвяціла сваім дзецям, Ліліту Генаву, Наталлю Канавалюк, Таццяну Фянько, Таццяну Апанасёнак, Ларысу Шылёнак, Аксану Арэхаву, Аксану Скараходаву-Шаўчонак і ўсіх матуль, добрых ласкавых спагадлівых і самых лепшых на свеце.
Але вёска – гэта не толькі поле і ферма, гэта школа, дзіцячы садок, ФАП, магазін, паштовае аддзяленне – сацыяльная сфера, работнікі якой ствараюць камфорт вяскоўцам і аказваюць паслугі, такія неабходныя кожнаму.
Словы падзякі за нястомную шматгадовую працу былі выказаны ветэранам педагагічнай працы – Тэрэзе Шаўчонак, Генадзю і Данаце Хаціловічам, Марыі Піскуновіч, Алене Пажога, Анатолю Ільюшчанкаву.
Алена Станіславаўна была загадчыцай дзіцячага садка, працавала настаўніцай пачатковых класаў, яна – прыёмная мама, творчы чалавек, аўтар зборніка вершаў “Дзівачка”. Генадзь Хаціловіч адзін з першых у рэспубліцы атрымаў грант фонда Сораса за поспехі ў навучанні юных фізікаў. Анатоль Ільюшчанкаў адпрацаваў настаўнікам фізкультуры ў Кіраўскай СШ 48 гадоў. Яго выхаванцы неаднаразова займалі прызавыя месцы на спаборніцтвах розных узроўняў. У 2014 годзе Анатоль Уладзіміравіч узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Усе вяскоўцы добра ведаюць Заслужаную настаўніцу Рэспублікі Беларусь, былога дырэктара Кіраўскай СШ Лізавету Дзмітрыеву. Яна была дэлегатам III Усебеларускага народнага сходу, мае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2016”, тройчы Лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Геня Бартко працавала настаўніцай і сакратаром Абрубскага сельсавета. У 2015 годзе, дзякуючы яе выпускніку Пятру Нікіціну, выдала кнігу вершаў “Калейдаскоп маёй душы”. На свяце Геня Станіславаўна прачытала творы- прысвячэнні аднавяскоўцам. Газеты і часопісы, радасныя весткі, пісьмы і тэлеграмы прыносілі ў дамы супрацоўніцы паштовага аддзялення ў Абрубе Вера Піскуновіч і Наталля Бурлакова.
Плён працавітых рук бачны на падвор’ях Надзеі Астаф’евай, Леаніды Лаўрыновіч, Ларысы Піскуновіч, Зоі Багдановіч, Святланы Пчолка, Фаіны Кузьменка, Марыі Шаўчонак, Ірыны Піскуновіч, Леакадзіі Ільюшчанкавай, Маргарыты Русак. З самай ранняй вясны ў агародчыках буяюць кветкі: люба дорага воку паглядзець.
—Напярэдадні свята мы выбіралі лепшыя сядзібы, але пры гэтым улічвалі не толькі чысціню і прыгажосць ля дамоў, але і парадак у хатах, наяўнасць дамашняй гаспадаркі, зямлі, “надвор’е” ў сям’ях. Па выніках аб’езду камісійна мы прынялі такое рашэнне: трэцяе месца ў намінацыі “Лепшае падвор’е” раздзялілі Стэфан і Леаніда Лаўрыновічы, Міхаіл і Марыя Шаўчонкі, другое занялі Багдановіч Зоя Уладзіміраўна і яе маці Аляксандра Спірыдонаўна, першае месца прысуджана сям’і Мікалая і Ларысы Піскуновічаў, — агучыў спіс пераможцаў Анатоль Славецкі і ўзнагародзіў пераможцаў.
Анатоль Міхайлавіч пажадаў вяскоўцам шчаслівага жыцця на роднай зямлі, спакою і ўзаемаразумення ў сем’ях, здароўя і дабрабыту.
Музычныя падарункі вяскоўцам дарылі салісты студыі “Архіў” Глыбоцкага ГДК.