Глыбоцкі РАУС: жыццё на сутках

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Глыбоцкі РАУС: жыццё на сутках. Ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) для затрыманых ці ўзятых пад варту – гэта тое месца, дзе за масіўнымі жалезнымі дзвярыма жыве няволя. Для тых, хто правініўся перад законам, камеры ператвараюцца ў своеасаблівую школу выхавання, дзе ёсць час падумаць, асэнсаваць зробленае, ацаніць кошт свабоды; і  на нейкі час яны становяцца домам, у якім існуюць свае правілы і парадкі. Сёння раскажам пра тое, як сядзяць на сутках, якія там умовы ўтрымання, што ядуць і як праводзяць час зняволеныя, а таксама пра спецыфіку службы ў ізалятары.

Глыбоцкі РАУС: жыццё на сутках
Изображение использовано в качестве фотоиллюстрации

Ізаляцыя па нормах і правілах

У блоку ізалятара Глыбоцкага РАУС ёсць следчы кабінет, чатыры камеры для затрыманых, асобны санвузел, душавая і туалет, кладоўка, дзе захоўваюцца матрацы, пасцельныя прыналежнасці і рэчы затрыманых, а таксама пост дзяжурнага міліцыянера.

Першае “знаёмства” з затрыманымі адбываецца ў следчым кабінеце, які адначасова служыць пакоем для іх сустрэч з роднымі. У ім нічога лішняга:  тэлефон, стол, прыкручаная да падлогі на пэўнай адлегласці ад яго табурэтка, ніякіх іншых прадметаў, краты на акне. У гэтым кабінеце афармляюць неабходныя дакументы, знаёмяць затрыманых з правамі і абавязкамі, з рэжымам утрымання, парадкам падачы хадайніцтваў. Тут праводзяць асабісты дагляд затрыманых, у ходзе якога адымаюць рэчы і прадметы, што ўяўляюць небяспеку, а таксама грошы і каштоўныя рэчы, якія захоўваюцца ў спецыяльным сейфе. Затым арыштаваных разводзяць па камерах: жанчын і мужчын  паасобку. Кожная камера  разлічана на чатырох чалавек, норма на кожнага – не менш за 2,5 метры квадратныя. У камеры – двух’ярусныя ложкі, ёсць стол і месца для захавання сродкаў асабістай гігіены.  

На час знаходжання ў камерах арыштаваным выдаюць матрацы, пасцельную бялізну і ручнікі, посуд і сталовыя прыборы. На кожныя трое сутак затрыманыя атрымліваюць па 20 грамаў гаспадарчага мыла, туалетнага – па 5 грамаў мужчыны і па 10 жанчыны, па 2,5 метры туалетнай паперы. Для піцця кожнаму штодня даюць ахалоджаную кіпячоную ваду, два разы ў тыдзень пад наглядам дзяжурнага –  брытвенныя прыналежнасці, нажніцы і нажы для рэзкі прадуктаў. Курыльшчыкі атрымліваюць запалкі, праўда, курыць можна толькі падчас работы ці прагулак на  свежым паветры. Настольныя гульні выдаюцца з разліку адзін камплект на камеру.

Арыштаваным дазволена мець свае цыгарэты, адзенне без рамянёў, гальштукі, галаўныя ўборы, сезонны абутак, спартыўны касцюм, нацельную бялізну, шкарпэткі, пальчаткі, тапкі, туалетныя прыналежнасці, сумку, акуляры, вазелін, вату, жанчынам – касметыку, бігудзі, усім – аўтаручку і паперу, туалетную паперу, кнігі і газеты, фотаздымкі, настольныя гульні, лекі, якія прыпісаў урач, кішэннае люстэрка, наручны гадзіннік, электракіпяцільнік.

Пад’ём у ізалятары – у 6 гадзін раніцы. Арыштаваныя прыбіраюць ложкі, робяць зарадку. З сямі да васьмі – ранішняя праверка, затым сняданак. Да абеда, які па раскладзе з 13.00 да 14. 00, і пасля яго – да 18.30, пакуль не пачнецца вячэра,  з “жыхарамі” ізалятара праводзіцца выхаваўчая работа, яны прыбіраюць у камерах, чытаюць кнігі, гуляюць у настольныя гульні. Адбой у дзесяць вечара. Кожны тыдзень арыштаваныя ідуць “ у лазню”, а ў чацвер займаюцца генеральнай уборкай камер.  

Затрыманыя могуць пісаць пісьмы дамоў. Цэнзура тэкстаў ёсць, але выкрэсліваецца толькі інфармацыя, якая датычыць следства і якая можа чым-небудзь нашкодзіць працэдуры яго вядзення.

Сустракацца з роднымі  сутачнікам дазволена ў любы дзень, па часе абмежаванняў няма. Сустрэчы праходзяць у кабінеце следчага пад наглядам дзяжурнага. Калі ў адзін дзень і час “збягаюцца” некалькі сустрэч, яны праходзяць па “жывой”  чарзе.

Каб арыштаваным няволя не здавалася  мёдам, з шасці раніцы і да адбою  ім забаронена ляжаць у  ложках, можна толькі сядзець і хадзіць, а гэта не так лёгка, калі  тэрмін ізаляцыі вымяраецца дзясяткамі сутак. Нельга таксама парушаць  цішыню, закрываць дзвярное акенца для надгляду, карыстацца мабільнымі тэлефонамі, гуляць у азартныя гульні, псаваць маёмасць, ігнараваць патрабаванні дзяжурнага міліцыянера. За парушэнне парадку можна атрымаць папярэджанне, вымову, пазачарговае дзяжурства па камеры ці застацца без сустрэчы з роднымі.

На момант майго наведвання ізалятара, усе камеры былі занятыя. У дзвюх з іх  было па чалавеку. Акрамя глыбачан, у ліку затрыманых – жыхары пасёлка Калодзішчы, Відзаў, адзін англічанін. Двое затрыманых нават не скончылі школу, адзін – мае дзве вышэйшыя адукацыі. Жанчына цыганскай нацыянальнасці, з якой давялося пагаварыць, сказала, што ўмовы ўтрымання яе задавальняюць, дзяжурныя міліцыянеры ветлівыя, усялякія пытанні вырашаюцца, а таму ў яе ніякіх нараканняў няма. “А тое, што тут знаходжуся – сама вінаватая”, – сказала жанчына.

У адзіночнай камеры з 25 мая сядзіць англійскі бізнесмен Алан Сміт, які абвінавачваецца ў арганізацыі канала незаконнай міграцыі ў Еўропу. Пакуль ідзе суд, ён знаёміцца з глыбоцкім ізалятарам і беларускай сістэмай правасуддзя.

–Ніякіх прывілей ён не мае. Рэжым дня, харчаванне ў яго такое ж, як у астатніх. Ды ён і прэтэнзій ніякіх не прад’яўляе, кажа, што ўсё “окэй”, – тлумачыць начальнік ІЧУ, падпалкоўнік міліцыі Віктар Адамовіч.

Рэжым харчавання сутачнікаў

Уласнай кухні ў ізалятары няма. Трохразовае харчаванне дастаўляюць сутачнікам з рэстарана, з якім РАУС заключыў дагавор. Начальнік ізалятара сам дастаўляе ежу, а дзяжурны міліцыянер, які мае санітарную кніжку, апранае белы халат і раздае яе арыштаваным. Існуе норма прадуктаў харчавання на суткі на аднаго чалавека. У рацыёне затрыманых павінна быць 300 грамаў хлеба, 5 грамаў мукі, 90 грамаў розных круп, па 100 грамаў рыбы ці мяса, 25 – маргарыну, 20 – алею, 100 грамаў – малака, адно яйка, 30 грамаў цукру, 15 – солі,  паўкілаграма бульбы, 250 – гародніны, 1 грамм чаю (у расфасаваным пакеце 2 грамы), а таксама ў вызначанай колькасці тварог, масла, сыр, кісялі, гарчыца. Кошт аднаразовага харчавання аднаго затрыманага  складае 2 рублі 8 капеек, з улікам 40%-ай рэстараннай нацэнкі   выходзіць 3 рублі 93 капейкі. Кошт харчавання ў суткі  аднаго чалавека – 11 рублёў 50 капеек. Гэтыя грошы вылічваюць з арыштаваных. Усе астатнія расходы на ўтрыманне ў ізалятары аплачвае рэспубліканскі бюджэт.

Калі ў каго добры апетыт і яму сутачнай нормы не хапае, ён можа мець свае прадукты, якія не псуюцца  (у ізалятары няма халадзільніка) і  напіткі агульнай вагой да 5 кілаграм.

–Праблема ў тым, што да нас трапляюць такія грамадзяне, якія не ў стане аплаціць расходы на харчаванне. З абавязаных асоб, якія працуюць,  гэтыя сумы вылічваюць, а з астатнімі – складана, таму ўсе ізалятары па краіне маюць вялікі доўг па аплаце, і ён з кожным годам  расце. Наш ізалятар летась павінен быў аплаціць 3 тысячы 363 рублі, а аплаціў толькі 2 тысячы 49 рублёў.  Недаплата ў суме 1  тысяча 314 рублёў перайшла на гэты год. Сёлета мы павінны аплаціць 2 тысячы 806 рублёў, за паўгода пакуль вярнулі 1 тысячу 441 рубель і плюс леташні мінус. І паказчык разлікаў па Глыбоцкім раёне адзін з лепшых у вобласці. І летась, і сёлета мы знаходзімся недзе на другой пазіцыі зверху, у ліку лепшых, – гаворыць Віктар Вікенцьевіч. – Што датычыць іншай статыстыкі, то летась праз ізалятар прайшлі 254 арыштаваныя, за 6 месяцаў гэтага года – ужо 226. Працаваць даволі складана, бо катэгорыя грамадзян гэта асаблівая, мы нясём адказнасць і за іх здароўе, і за бяспеку, у дадатак шмат усялякіх дакументальных працэдур.

Працоўнае выхаванне: неабходнасць ці забава?

Дзень без работы, як вядома, цягнецца марудна, таму многія арыштаваныя хочуць працаваць. У гэтым плане больш шанцуе абавязаным асобам. З імі УП ЖКГ заключае дагаворы. За работу яны атрымліваюць заробак, з якога выплачваюць падатак, штрафы, аліменты, 30% сродкаў паступаюць на рахунак райаддзела і ідуць на пагашэнне сум за харчаванне. Астатнія затрыманыя прыбіраюць камеры, выконваюць грамадска-карысныя работы, якія не патрабуюць пэўных прафесійных ведаў і навыкаў, але без усялякай аплаты.

–Мы перадаём УП ЖКГ пашпартныя і ўстановачныя дадзеныя арыштаваных, прывозім на прадпрыемства, праводзім інструктаж па тэхніцы бяспекі, афармляем дагавор падрада, перадаём начальніку ўчастка, які праводзіць паўторны інструктаж, забяспечвае нашых падапечных неабходнымі прыладамі працы, кантралюе якасць работы. Рабочы дзень не перавышае 8 гадзін, ёсць гадзінны абедзенны перапынак. Аплата ідзе за выкананы аб’ём работ па нормах і расцэнках ці па тарыфных стаўках прадпрыемства. Дыскрымінацыі няма ніякай:  нашым абавязаным, як і сваім работнікам, УП ЖКГ разлічваецца за зробленае ў поўным аб’ёме, – тлумачыць Віктар Адамовіч.

Служаць ці сядзяць на сутках?

А гэта, як кажуць, з якога боку паглядзець. У ізалятары працуюць 4  міліцыянеры. Кожнае дзяжурства – па 12 гадзін, прычым сядзець на ім – забараняецца. Усю рабочую змену супрацоўнікі міліцыі  знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі, за такімі ж жалезнымі дзвярамі і замкамі, як арыштаваныя. З экіпіроўкі ў дзяжурнага – гумовая палка і  наручнікі, ёсць блок сігналізацыі з выхадам на ахову і дзяжурную часць райаддзела. А яшчэ ў дадатак  – белы халат і каўпак на галаву, бо прыходзіцца раздаваць абеды, а затым збіраць посуд.

Дзяжурны вядзе пастаянны кантроль за арыштаванымі. Яго якасць можна праверыць у любы час сутак з дапамогай дзеючай  сістэмы лічбавых жэтонаў, якія вывешваюцца перад уваходнымі дзвярамі  камер праз кожныя 15 хвілін. Акрамя таго, пры вывадзе  і вяртанні ў камеру, у час ранішняй ці вячэрняй праверкі ён праводзіць  асабісты дагляд арыштаваных, іх рэчаў і вобыск камер. Ён заключаецца ў тым, каб праверыць на спраўнасць дзверы, запорныя ўстаноўкі, аконныя краты, на моц – сцены, столь, падлогу, ложкі, табурэткі, умацаванні ўмывальнікаў, радыятары ацяплення, каналізацыйныя і вадаправодныя трубы. Супрацоўнікі ізалятара адказваюць за бяспеку арыштаваных, за мікраклімат у камерах, за канваіраванне ў суды, за ахову і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ізалятара, а яшчэ – за выхаваўчую работу. Гэтыя абавязкі дапамагаюць ім быць пры справе і неўпрыкметку  адбыць змену.

Адрозненне ІЧУ ад СІЗА

ІЧУ створаны для таго, каб у ім ўтрымліваліся падазроныя і абвінавачаныя ў перыяд паміж затрыманнем і арыштам. У ІЧУ таксама падчас папярэдняга следства этапіруюць падазроных і абвінавачаных для следчых дзеянняў. Сама назва кажа за сябе — ізалятар часовага ўтрымання. У СІЗА ж абвінавачаныя, у дачыненні да якіх абрана мера ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту (арышт) знаходзяцца пастаянна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

три + 17 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: