«Люблю цябе такой, якая ёсць, Зямля мая, зямля бацькоў святая…»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

«Люблю цябе такой, якая ёсць, Зямля мая, зямля бацькоў святая…». Гэтага свята няма ў календары, але яно любімае для тых, хто нарадзіўся і жыве на малой радзіме, працай праслаўляе бацькаўшчыну, прадаўжае свой род, хто знайшоў шчасце не ў мітуслівым мегаполісе, а на вясковых прасторах. На свята аграгарадка Карабы 2, якое адбылося ў канцы чэрвеня,  прыйшлі  амаль усе жыхары, ад малога да вялікага, усе тыя, хто кожны  дзень беражліва захоўвае ў сваім сэрцы мілы вобраз роднага краю.

DSC_3339

Па адной з легендаў назва вёскі пайшла ад гаспадара па прозвішчы Кораб, які трымаў у гэтай  мясцовасці карчму, па другой –  жыхары займаліся корабапляценнем, і гэтае рамяство было вядомым на ўсю акругу. Але паколькі вёска з такой назвай ужо была,  другая, у знак адрознення, займела лічбавае ўдакладненне  і стала “Карабамі 2”.

DSC_3333
Першы  калгас, створаны ў 1941 годзе, узначальваў Рыгор Шальскі, а ў 1955 годзе – ветэран Вялікай Айчыннай вайны,  знаўца хлебаробскай справы Павел Жулеба. Пры ім вёска стала цэнтрам калгаса, тут пабудавалі стадыён, валейбольную пляцоўку, клуб, ФАП. У 80-ыя гады мінулага стагоддзя старшынёй калгаса “XXII партз’езд” стаў  Уладзімір Якаўлеў. Пры ім пабудавалі 2-павярховую школу, будынак праўлення калгаса, новую ферму, “выраслі” новыя вуліцы. Гаспадарка мела выдатныя працоўныя паказчыкі, зайздросныя  прыбыткі, слава пра калгас-мільянер “грымела” далёка за межамі Глыбоччыны…

DSC_3345
І людзі, і кіраўнікі ў гэтым краі былі шчырымі і працавітымі. Віктар Асон, які прыехаў сюды маладым спецыялістам і напачатку працаваў заатэхнікам, узначаліўшы  гаспадарку,  прыкладаў максімум намаганняў, каб памножыць дасягнутае яго папярэднікамі, замацаваць стабільнае развіццё, забяспечыць  дабрабыт вяскоўцаў. У 2008 годзе Карабы 2 атрымалі статус аграгарадка.

DSC_3371
Сведчаннем таго, што карабоўцы не засталіся ў баку гістарычных і культурных падзей – помнік загінуўшым  у гады вайны землякам, а таксама царква Архістраціга Міхаіла, пабудаваная па ініцыятыве Фёдара Міхалевіча, пры падтрымцы Яўгеніі Пракапёнак, Віктара Асона і ўсіх вяскоўцаў. Тут моляцца за землякоў-герояў і ўзносяць Богу славу за хлеб надзённы, за здароўе родных- блізкіх і за  бацькаўшчыну.

DSC_3376
На свяце вёскі, што вялі Ірына  Баран і баба Агата, у ролі якой выступіла Таццяна Фярковіч, усе прысутныя “пісалі” Кнігу рэкордаў Карабоў. Сярод рэкардсменаў па ўзросце – самы старэйшы жыхар Ян Адамавіч Галяк, якому ў наступным месяцы споўніцца 89 гадоў,  малышы Вікторыя Ралавец і Ягор Апяцёнак, народжаныя сёлета.

DSC_3380
60 гадоў сумеснага жыцця адзначылі Пракофій Журко і Марыя Косцік, 55 – Антон і Франя  Пачкоўскія. Як сказаў Антон Калексавіч, у яго было каханне з першага погляду. Убачыў Франю на вяселлі і праз тры дні замуж пазваў. “Ёй не было яшчэ 18 гадоў, не хацелі распісваць, але людзі памаглі, і мы ажаніліся. Ні разу не пашкадаваў, што так спяшаўся. А каб быць сямейнымі доўгажыхарамі, трэба і працаваць, і адпачываць разам, адзін аднаму памагаць і паважаць”, — такую параду даў мужчына маладым хлопцам і дзяўчатам.

DSC_3388
Рэкардсменамі па багацці, якім лічацца дзеці, сталі Ігар і Мая Канапелькі. Яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Руплівыя, клапатлівыя, актыўныя яны ўдзельнічалі ў раённым конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я 2017 года” і занялі 2 месца. У Ігара, які быў адзіным у сям’і, была мара: мець братоў і сястрычак. Мара, як бачыце збылася: у яго дзяцей праблем з адзіноцтвам дакладна  няма.

DSC_3404
У намінацыі “Гаспадары зямлі” ўшаноўвалі рэкардсменаў у працы: жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў, сямейныя пары і дынастыі, якія прысвяцілі дзесяцігоддзі свайго жыцця роднай гаспадарцы і, не пакладаючы рук, даілі, палолі, касілі, сушылі, аралі, сеялі, убіралі, будавалі, рамантавалі тэхніку, варылі ежу, лічылі…

DSC_3407
У пачэсным спісе дзясяткі прозвішчаў: Антаніна Гірстун, Марыя Васілёнак, Ванда Бясецкая, Гелена Жадзейка, Яніна Бекіш, Ганна Бахір, Ждана Ючковіч, Яніна Ралавец, Франц Ралавец, Зінаіда Кашко, Людміла Бародзіч, Ірына Пачкоўская, Ганна Зязюля, Ядвіга Чарняніна, Галіна Шымко, Людміла Спірковіч, Юзефа Катовіч, Зінаіда Гіль, Пётр Татун, Мікалай Карнацэвіч, Мар’ян Крэміс, Вячаслаў Счасны, Віктар Талкач, Часлаў Пачкоўскі, Аляксандр Вышадка, Макар Барыла,  Леанід Пракапёнак, Віктар Курцэвіч, Алег Пачкоўскі, Часлава Сярдзюк, Браніслаў Ралавец, Альдона Ралавец, Галіна Татун, Глафіра Мяшко, Марыя Васілеўская,  Марыя Шурпік, Святлана Раманоўская, Гунэфа Пачкоўская, Людміла Шаура.

Прысутныя апладзіравалі сямейным парам — Уладзіміру і Людміле Сноркам, Васілю і Вользе Корбанам, Віктару і Таццяне Ралаўцам, Барысу і Аляксандры Канапелькам, Антону і Франі Пачкоўскім, Аляксандру і Галіне Шылёнкам, Уладзіміру і Ларысе Федаровічам. Мужчыны і жанчыны расказвалі аб рабоце і ўспаміналі яркія моманты асабістага жыцця. Так Уладзімір Міхайлавіч, які называе сябе мясцовым Петрасянам, бо  пастаянна жартуе, расказаў, што служыў у горадзе, дзе нарадзіўся Сталін, працаваў на шахтах ва Украіне і адтуль прывёз сабе жонку-прыгажуню, з якой і пражыў усё жыццё. Для ўкраінкі Ларысы Міхайлаўны карабоўская зямля стала роднай, бо тут пайшлі ў рост карэньчыкі роду Федаровічаў – іх дзеці і ўнукі.

Своеасаблівымі рэкардсменамі  можна назваць Браніслава Ралаўца, пячніка, які за жыццё паклаў сотні тысяч цаглін і  каля печак, зробленых ім, грэецца добрая палова карабоўцаў і жыхароў навакольных вёсак; Генадзя Чашуна, выдатнага токара, які перадаў сваё майстэрства сыну і двум унукам. Цяпер маладыя прадаўжальнікі працоўнай дынастыі Чашуноў могуць і дом сваімі рукамі пабудаваць, і ў тэхніцы разбіраюцца. Гонар і слава сямейным дынастыям – Вікенцію і Леаніле Пачкоўскім, Чаславу Вікенцьевічу, Івану Вікенцьевічу і Валянціне Уладзіславаўне; Люсі Арлоўскай і яе сынам Генадзю і Пятру; Віктару Іванавічу Арлоўскаму, Івану, Міхаілу, Лёлі і Ядвізе Іванаўне.

Выдатнікамі працы з’яўляюцца паважаныя Дзмітрый і Валянціна Касперы, Яўген і Алена Барылы, Мікалай і Анастасія Сікоры. Яны не раз былі занесены на Дошку гонару гаспадаркі, мелі ўзнагароды і пашану за нястомную працу. Да прыкладу, Яўген Барыла прадстаўляў Глыбоччыну на абласных “Дажынках”. Мужчына стараецца і сёлета ўтрымліваць лідарскія пазіцыі і “хварэе” душоў за вынікі ў гаспадарцы.

У намінацыях “Хуткая дапамога”, “З любоўю  да працы і дзяцей”, “З добрай навінай у хату”, “Лепшы рахункавод” падарункі і найлепшыя пажаданні  атрымалі былая санітарка ФАПа Галіна Пачкоўская, настаўніца Аліна Рачыцкая, памочніца выхавальніка Галіна Вышадка, лабарант школы Людміла Талкач,  тэхнічныя работнікі Ніна Мацкевіч і Аляксандра Шчасная, повар Ядвіга Бясецкая, работнікі паштовага аддзялення сувязі Яўгенія Пракапёнак, Вольга Арлоўская, Ада Арлоўская, прадаўцы  Зінаіда Аляхновіч, і Людміла Дырко. Падзяку і падарункі за доўгія гады працы ў Карабоўскім сельсавеце былым работнікам Любові Міхасёнак і Генрыцы Касцюкевіч уручыў цяперашні старшыня сельсавета Яўген Татун.

Рэкардсменкай-ардэнаносцам з’яўляецца Галіна Прадзед. Яна 30 гадоў адпрацавала кладаўшчыцай на малочнакансервавым камбінаце. Мае ўзнагароду Вярхоўнага  Савета СССР “За працоўную адзнаку”.

Дзмітрый Шарабайка прыехаў у Карабы 2 з жонкай Таццянай. Тут у іх нарадзіліся двое дзетак. Гаспадар руплівы, працавіты, ініцыятыўны. Заклаў сад і плануе  паставіць садаводчую справу на прамысловыя “рэльсы”. Займаецца пчалярствам. Маладыя задор і аптымізм, падтрыманыя роднымі людзьмі, без сумневу, дадуць свой плён.

“Утульны дом” стаў завяршальнай намінацыяй. Самымі дагледжанымі, добраўпарадкаванымі, упрыгожанымі кветкамі і творчай фантазіяй,  прызнаны сядзібы  Алены Пачкоўскай, Аляксея і Вольгі Кенько. Яўген Татун уручыў  гаспадарам падарункі і прапанаваў вяскоўцам раўняцца на пераможцаў конкурсу. Шчырую падзяку старшыня сельсавета выказаў усім, хто прыгатаваў салодкія пачастункі, асабліва Таццяне Зяваліч за прыгожы і смачны торт.

Надвор’е святу не перашкодзіла, песняў і музыкі хапала, а таму настрой у прысутных вяскоўцаў быў выдатны. Ствараць яго дапамаглі творчыя таленавітыя землякі і госці:  спевакі Святлана Якімовіч, Марына Кадушкевіч, Анжаліка Сауліч, Валянціна Шнітко, Ганна Фёдарава, Ігар і Кацярына Рамбальскія, Таццяна Прахаронак, Алена Шалак. А з  сям’і Дзмітрыя і Зоі Якімовічаў  удзел у канцэрце прымалі трое яе членаў: гаспадар, яго жонка і  малодшы сын Улад.

Будзьце здаровыя, жывіце ў шчасці, майце дабрабыт, паважаныя карабоўцы!

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

четыре × три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: