Інтэрв’ю з галоўным урачом Глыбоцкай цэнтральнай бальніцы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

DSC_0279

Інтэрв’ю з галоўным урачом Глыбоцкай цэнтральнай бальніцы. На тэму здароўя, яго каштоўнасці і бясцэннасці, сказана і напісана шмат. Напярэдадні ж прафесійнага свята медработнікаў мы пагаворым з галоўным урачом УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” Вячаславам Вячаслававічам Сабынічам пра тых людзей, якія стаяць на кругласутачнай варце  і ахове жыцця  чалавека.

DSC_3188—Якім быў  асабіста Ваш шлях у прафесію, і колькі гадоў медыцынскай выслугі маеце?

— Скончыў Падсвільскую СШ, затым Віцебскі медуніверсітэт. Першае месца працы — у Талачынскім раёне. Праз год  перавёўся на Глыбоччыну, быў галоўным урачом Удзелаўскай участковай бальніцы. Затым  два гады сям’ёй служылі ў  Чырвонасцяжнай Далёкаўсходняй акрузе: я —  урачом медыцынскай часці, жонка – санінструктарам-дазіметрыстам артдывізіёна. У пачатку 90-ых гадоў  мог змяніць  жыццё і звязаць яго з арміяй, бо былі прапановы застацца, але на сямейным савеце мы вырашылі вярнуцца на радзіму. Да 2000 года працаваў у Удзелаўскай бальніцы, затым – урачом-фтызіятрам у Глыбоцкай раённай. У 2013 годзе быў прызначаны намеснікам галоўнага ўрача, а з мая 2015 – узначаліў Глыбоцкую райбальніцу. Медыцынскі стаж – больш за  трыццаць гадоў.

—Раскажыце пра рабочы дзень галоўнага ўрача раённай бальніцы?

— Пачынаецца ён  з інфармацыі дзяжурнага дыспетчара “хуткай дапамогі” аб здарэннях па нашым профілі, якія адбыліся ў раёне за суткі. Кожны дзень праводжу пяціхвілінку для загадчыкаў аддзяленняў і дзяжурных урачоў, па пятніцах – вытворчая нарада для загадчыкаў структурных падраздзяленняў раёна, адзін раз у месяц – медыцынскі савет. Кожную сераду з 9.00 да 12.00 працую на “прамой лініі” бальніцы, адказваю на пытанні жыхароў, дапамагаю ў вырашэнні важных для іх пытанняў, удзельнічаю ў “прамых” і “гарачых” лініях, якія праводзяць старшыня райвыканкама і губернатар вобласці, у раённых нарадах і выязных пасяджэннях райвыканкама. Адзін-два разы ў месяц, як адміністратар, дзяжуру па бальніцы. Дамаўляюся наконт закупкі медыкаментаў, медабсталявання, кантралюю працэс рамонту, які ідзе ў бальніцы,  падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона. У райбальніцы  створаны пярвічныя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, Савет жанчын, шматлікая прафсаюзная арганізацыя, вядзецца культурна-масавая і спартыўная работа – нейкі час трэба выдзяляць, каб вырашаць  пытанні ў гэтым накірунку. Мой  рабочы дзень ненарміраваны, заканчваецца далёка  пасля пяці гадзін вечара.  Калі здараюцца надзвычайныя ці пазаштатныя сітуацыі, прыязджаю на работу ў выхадныя і ў любы час сутак.

—Аб’ём работы  не малы, ці пад сілу справіцца аднаму?

— У мяне ёсць каманда, мая прафесійная сям’я, члены  якой  падтрымліваюць і бяруць на сябе  частку абавязкаў. Хачу выказаць падзяку маім  намеснікам: па медыцынскай частцы — Святлане Макаранка,  па ўрачэбнай экспертызе і рэабілітацыі – Тамары Далманавай,  па паліклінічнай рабоце —  Вераніцы Сямчонак, загадчыцы арганізацыйна-метадычнага кабінета Алене Ціхановіч, галоўнай медсястры, старшыні прафсаюзнай арганізацыі Ганне Гайковіч. Яны адказныя, дасведчаныя, працуюць граматна і аператыўна, за што ім вялікі дзякуй.

—Калі чалавек мае багаты стаж, вопыт, з’яўляецца прафесіяналам сваёй  справы, займаецца самаадукацыяй, яго праца, кажуць,  вартая знака якасці.   Хто з вашых калег заслугоўвае гэтую ганаровую адзнаку?

—Словы падзякі за шчырую нястомную шматгадовую працу заслугоўваюць урач-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы Ларыса Антонаўна Раманоўская, урач-эндаскапіст, былы галоўны ўрач райбальніцы Леанід Францавіч Васілёнак, Святлана Міхайлаўна Макаранка. Яны прафесіяналы і спецыялісты вышэйшай катэгорыі.

Добрасумленна амаль 15 гадоў выконвае працоўныя абавязкі загадчык аддзялення рэанімацыі Пётр Васілевіч. Ён родам з Глыбоччыны, пасля вучобы вярнуўся на радзіму. У красавіку бягучага года быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася тэрапеўт Іна Хахолка. Першыя крокі ў прафесію зрабілі тэрапеўт Яўген Баранчук і ўрач-анколаг Таццяна Кліманская-Кучыц, але ўжо  зарэкамендавалі сябе сур’ёзнымі  і адказнымі  спецыялістамі.

У дзень прафесійнага свята Граматы ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама атрымалі ўрач-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Алена Глінская, медсястра СШ№2 Наталля Ільінчык, медсястра неўралагічнага кабінета паліклінікі Таццяна Шчэбет, фельчар Мнюцкай урачэбнай амбулаторыі агульнай практыкі (ААП) і фельчар зубны Ломашаўскай ААП Ірына Круцько. Ганаровымі граматамі Глыбоцкага райвыканкама ўзнагароджаны Вераніка Сямчонак і Таццяна Кліманская-Кучыц, Падзякамі  райвыканкама – старшы фельчар аддзялення хуткай меддапамогі Ірына Буйніцкая і старшая медсястра хірургічнага аддзялення Глыбоцкай райбальніцы Алена Кацейка, граматамі Савета дэпутатаў – урач-неўролаг тэрапеўтычнага аддзялення – Марыя Садоўская і медсястра-масажыст фізкабінета паліклінікі Алена Батыгіна.

—Многія выпускнікі медыцынскіх ВНУ лічаць раённыя цэнтры не прэстыжнымі месцамі для працы і стараюцца знайсці работу ў абласным цэнтры ці ў сталіцы. Каго і адкуль запрашаеце на  вакантныя месцы Вы?

—Кадравае пытанне стараемся вырашаць на карысць жыхароў раёна. Выдаём мэтавыя накіраванні на вучобу, каб мець гарантыю, што маладыя спецыялісты вернуцца да нас; тым, хто мае патрэбу, прапануем службовае жыллё; калі трэба – накіроўваем на перакваліфікацыю. Сёлета ў жніўні па размеркаванні да нас прыедуць 9 маладых спецыялістаў, чацвёра з іх – выпускнікі школ Глыбоччыны. Спадзяюся, што яны едуць да нас працаваць, а не адпрацоўваць устаноўлены тэрмін.

—У райбальніцы працягваецца рамонт. Што ўжо зроблена і што плануеце на перспектыву?

—Ад імя адміністрацыі і  калектыву райбальніцы, нашых пацыентаў і жыхароў раёна выказваю словы ўдзячнасці нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, які пасадзейнічаў выдзяленню фінансавых сродкаў – амаль 448 тысяч дэнамінаваных рублёў. За іх ужо зроблены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў Глыбоцкай райбальніцы, заканчваюцца будаўнічыя работы ў дзіцячым аддзяленні. Словы падзякі адрасуем старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату за прадбачлівасць, рацыянальны дзелавы падыход і аператыўнасць у вырашэнні пытанняў, звязаных з рамонтам і матэрыяльна-тэхнічным аснашчэннем бальніцы. Мы цэнім падтрымку раённага Савета дэпутатаў і яго старшыні Галіны Уладзіміраўны Унуковіч. За дапамогу ў рамонце палат дзіцячага аддзялення дзякуем Глыбоцкаму камбікормаваму заводу,  мяса- і малочкакансерваваму камбінатам; за нераўнадушша да  дзяржаўных спраў і адчувальную дапамогу  — індывідуальным прадпрымальнікам Дзмітрыю Якімовічу і Ігару Гражэўскаму. Яны закупілі будматэрыялы, аплацілі работу будаўнічай брыгады, купілі свяцільнікі і новую мэблю для блока дзіцячага аддзялення. Наша шчырая падзяка добрым людзям за добрыя справы, зробленыя для маленькіх хворых пацыентаў.

Як толькі праектна-каштарысная дакументацыя пройдзе экспертызу, пачнём рамонт інфекцыйнага аддзялення бальніцы, на які са сродкаў раённага бюджэту выдзелены 464 тысячы рублёў. Да канца года плануем завяршыць увесь аб’ём рамонтных работ на аб’екце.

—Што пажадаеце калегам у дзень прафесійнага свята?

—Здароўя, якое трэба берагчы, павагі пацыентаў, дабрабыту, добрага “надвор’я” ў сем’ях, душэўнай гармоніі, дабрыні, якая з’яўляецца  незамянімым дадаткам да прафесіяналізму.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

18 + четыре =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: