Першымі на глыбоччыне пачалі касавіцу ў сельскагаспадарчым філіяле «мнюта». Ужо напрыканцы мінулага тыдня на шырокіх прасторах урочышча максімаў хутар кіпела работа, стракаталі касілкі.
З вялікай адказнасцю шчыруюць у гэтыя дні ў філіяле “Мнюта” ўсе, хто задзейнічаны на корманарыхтоўцы. Ужо з 4 гадзін раніцы кожны ўдзельнік “зялёнага жніва”, што называецца, на нагах. Безумоўна, тон у рабоце задае кіраўнік гаспадаркі. Яраслаў Іванавіч Сінкавец на самым досвітку паспявае “абляцець” усе абшары і, улічыўшы ўмовы надвор’я, карэкціруе далейшы ход падзей гарачай сенакоснай пары.
—Спяшаемся як мага хутчэй правесці касьбу і ўборку траў першага ўкосу, каб потым з поўніцай узяць сакавітыя травы другога ўкосу, — кажа Яраслаў Іванавіч. – У такім разе мы будзем з кармамі. Гэта ўжо дакладна праверана.
…Адчуць рытм сёлетняй касавіцы змог, пабываўшы на сенажацях ва ўрочышчы Максімаў хутар. Прымчалі сюды ўраз, хутка, бо унутрыгаспадарчыя дарогі прагрэйдзіраваныя, падсыпаныя. Да вялікага сезона палявых работ у гаспадарцы падрыхтаваліся як след, сапраўды па-гаспадарску… А касавіца гула, звінела. Адзін за адным, у адзіным рытме па сенажаці рухаліся тры трактары з навяснымі касілкамі “Дыска-30,50”, КДЛ 2,7 і КДН 2,6. Прастору напаўняў “смачны” водар скошаных траў.
Неўзабаве сюды прыбыў і трактар з валкаўтваральнікам. Арцём Самуйла яшчэ раз варушыў пракосы, каб хутчэй прадаставіць фронт работ для самаходкі-змяльчальніка КВК-800. “Зялёны канвеер” працуе рытмічна.
Касавіца ў філіяле “Мнюта” стартавала паспяхова. Усе ў гаспадарцы, механізатары, спецыялісты, працуюць з вялікай адказнасцю, адным словам, шчыруюць. Пажадаем ім здароўя і плёну, дасягнення ўсіх запланаваных рубяжоў.