Зямныя зоркі Святланы Скавыркі

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Святлана Скавырка – загадчык Дома рамёстваў і кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва і роспісу па палатне.

скавырка-1

Мае некалькі персанальных выстаў. Уладальнік многіх прэмій, грамат, дыпломаў за творчую працу па адраджэнні тэхнікі роспісу на палатне, пераможца і лаўрэат шматлікіх конкурсаў. Сярод іх — гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага і сучаснага роспісу “Фарбы нябёсаў”, які праходзіў у рамках праграмы XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску. У 2016 годзе за адраджэнне маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я ёй было прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.

скавырка-2

У 2005 годзе дырэктар раённага Дома рамёстваў Вера Байкова пазнаёміла свой калектыў з новым спецыялістам – з маладой сімпатычнай Святланай Скавыркай. І наўрад хто думаў тады, што пройдзе зусім нямнога часу, і гэтая жанчына, не тутэйшая, прыезджая, праславіць Глыбоччыну на ўсю краіну, і ёй будзе прысвоена высокае званне – “Народны майстар Беларусі”. Так сталася, што менавіта глыбоцкая зямля дала Святлане крылы для творчага палёту, памагла напоўніцу раскрыць таленты, закладзеныя ў душу ад нараджэння.

“І сёння мне сняцца зоркі над Прыпяццю…”

“Хто я, што я? — думаю я часта. — І з якой я далечы прыйшоў? Дзе згубіў сваю падкову шчасця ці яе зусім я не знайшоў?”.Паэтычнымі радкамі загаварыў па той прычыне, што за дзень да напісання гэтых нататак на паэтычным вечары ў раённай бібліятэцы пабачыў сярод прыхільнікаў паэзіі і Святлану Скавырку, і пасля мерапрыемства ў шчырай размове яна адкрылася, што ёй у жыцці пашанцавала, што яна знайшла не адну, а дзве падковы шчасця: адну – у Нароўлі, дзе яна пражыла 16 гадоў, другую – у Глыбокім, дзе сёння жыве і працуе.

Талент чалавеку даецца ў раннім маленстве, і, калі слухаў расказ Святланы пра горад свайго дзяцінства Нароўлю, пра панскі парк на Прыпяці, пра ўсе мілыя забавы той далёкай пары, то захапляўся яе ўменнем сцісла, але трапна, вобразна перадаць свае пачуцці, эмоцыі, перажыванні:

скавырка-3
—Маё дзяцінства прайшло на Прыпяці, на маю думку, гэта самая прыгожая рака ў свеце. Улетку мы з татам лавілі рыбу, а ўзімку на рацэ я каталася на каньках. Гэта – незабыўнае! К вечару ўжо навальваецца стома і, каб крышку адпачыць, кладзешся на снег, на лёд Прыпяці і глядзіш у неба. Глядзіш і марыш аб нечым. А ў небе — буйныя зоркі, ты глядзіш на іх і не можаш адвесці вачэй. І прыходзіць адчуванне, што шчаслівая-шчаслівая, бо ёсць родны дом, тата, мама, браты Сяргей, Валянцін, ёсць гэты дзіўны вечар, ёсць ціхае неба і зоркі на ім, прыгожыя, яркія, падобныя на кветкі, якія ты ўчора малявала.

А маляваць дзяўчынка пачала яшчэ ў дзіцячым садку. З расказу Святланы ў памяці лёгка паўстае такі абразок: садок, мама, Вольга Дзмітрыеўна, яна працуе ў садку, схіляецца над дзяўчынкай, якая ўся ў творчасці: малюе кветкі. “Светачка, — кажа мама, — трэба матэматыкай пазаймацца”. – “Мамачка, навошта матэматыка, калі я так люблю маляваць!”, — не згаджаецца дзяўчынка.

—Колькі сябе помню ў маленстве, я ўсё малявала, малявала, малявала, — усміхаецца Святлана, — але гэта зусім не перашкаджала мне жыць весела і цікава.

Забаўная была ў свае малыя гады Святланка! Па смеласці, па рашучасці не ўступала хлопчыкам: лазіла з імі па дрэвах, па дахах, збівала ледзяшы. І сябравала больш з хлопчыкамі, чым з дзяўчынкамі. А найлепшым сябрам стаў Колька, з якім яна праводзіла ці не ўвесь свой вольны час. Кольку і яе малыя дражнілі нават: “Цілі-цілі цеста, жаніх і нявеста”. Але якая крыўда можа быць у маленстве?!

Дзеці выраслі, Коля застаўся ў Нароўлі, а Святлану лёс закінуў у Глыбокае. І цяпер сябры маленства сустракаюцца часцей на сайце “Аднакласнікі”, чым у жыцці.

—Калі прыязджаю ў Нароўлю, то адразу іду ў панскі парк, дзе на беразе Прыпяці стаяць вялікія панскія крэслы, — гаворыць Святлана. – І амаль заўсёды бачу адно і тое ж: на гэтых крэслах сядзяць, цесна прытуліўшыся, юныя ЁН і ЯНА. І, прызнаюся, бярэ шкадаванне, што ў свой час мне не ўдалося пасядзець гэтак жа. І сёння мне часам сняцца парк, Прыпяць і над ракой у вячэрнім небе – буйныя зоркі.

Тая дзяўчынка, якая любавалася зоркамі ў небе, яшчэ не ведала, што пройдзе час, што многае зменіцца ў яе жыцці, і зоркі яркімі кветкамі заззяюць на яе палотнах.

Ад жывапісу – к маляванкам

На жаль, жыццё непрадказальнае. Калі б не чарнобыльская бяда, то не прыйшлося б бацькам Святланы – клапаціліся пра здароўе дзяцей — пакідаць родны абжыты куток і шукаць прыстанішча і шчасця ў другіх гарадах краіны. Так склалася, што пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча Святлана аказалася ў Вілейцы, і некалькі гадоў адпрацавала мастаком-афармляльнікам у Вілейскім Доме культуры. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Уладзімірам, які пасля заканчэння Полацкага інстытута праходзіў практыку на мясцовым заводзе “Зеніт”, тут упершыню пабывала ў майстэрні вядомага мастака Эдуарда Мацюшонка, які нарадзіўся на Глыбоччыне. Да гэтага Святлана ўжо спрабавала свае сілы ў напісанні карцін алеем, але менавіта ад Эдуарда Мацюшонка пачула, як гэта ўсё не проста, якіх фізічных і душэўных сіл патрабуе ад мастака жывапіс. І наўрад гэтую сустрэчу можна лічыць выпадковай: само па сабе ў жыцці нічога не здараецца. І покліч глыбоцкай зямлі стаўся такім адчувальным, што маладая сям’я Скавыркаў урэшце аказалася на Глыбоччыне.

—На працу ў Дом рамёстваў мяне ўзяла Вера Васільеўна Байкова, — адгортвае наступную старонку свайго жыцця Святлана Скавырка. – І, канечне ж, не магла не заўважыць, што я малюю алеем, пішу карціны. І пакрысе, неўзаметку пачала ўводзіць мяне ў свет традыцыйных і вельмі папулярных на Глыбоччыне маляваных дываноў. У Доме рамёстваў была ўжо калекцыя маляванак, створаная Галінай Пятроўнай Таляронак. Чула я ўжо і пра знакамітага глыбоцкага мастака Язэпа Драздовіча, чые маляванкі колісь віселі на сценах ці не ў кожнай вясковай хаце, пра яго паслядоўніка Фёдара Сухавілу. Скажу шчыра: калі першы раз убачыла маляваныя дываны, яны мне не спадабаліся, і толькі пазней зразумела — чаму: проста я да такой творчасці яшчэ не дарасла, не дацягнулася. Але як работнік дысцыплінаваны, паслухмяны, намалявала некалькі дываноў к традыцыйнаму рэспубліканскаму святу “Вясновы букет”, якое праходзіла ў сталічным Лошыцкім парку. Гэта быў 2007 год, і, хаця мінчане падыходзілі, разглядалі мае маляваныя дываны, хвалілі, мае работы высокаму начальству вельмі не спадабаліся: маўляў, усё не так, усё не тое. І пасля гэтай выставы я – скажу прама – раззлавалася: “Так, вам не спадабаліся мае маляванкі? Спадабаюцца! Я дакажу і сабе і вам, што магу маляваць, і маімі дыванамі вы яшчэ будзеце захапляцца!” Усё пачалося з курсаў у Віцебску ў 2008 годзе. Дзесяць дзён, якія правяла на курсах, былі аддадзены маляванкам. Шмат чытала, яшчэ больш – працавала, не адчуваючы стомы, і дадому прывезла калекцыю работ па матывах Язэпа Драздовіча. Калекцыю, якой у Віцебску далі высокую ацэнку.

Запалі ў душу народнага майстра з Глыбокага і шматлікія сюжэты, паводле якіх былі намаляваны дываны. Адзін з іх такі. Ён – бедны, Яна – багатая. І Яна ўрэшце за такога ж багатага выходзіць замуж. Бедны юнак на вяселлі падарыў каханай маляванку, на якой – два лебедзі, адзін з якіх плача.

Падобныя маляванкі пачалі з’яўляцца і ў Святланы Скавыркі, і ў яе на адным з дываноў таксама плакаў лебедзь.

На шчасце, перыяд вучнёўства хутка прайшоў, і сёння Святлана Скавырка – аўтар арыгінальных высокамастацкіх работ, якімі захапляюцца і спецыялісты і гледачы. Толькі вялікая самааддача, вялікая любоў мастака да таго, чым займаешся, можа стварыць цудоўныя палотны. Так было, так ёсць, так будзе. І сёння Святлана шчыра прызнаецца: “Маляванкі – гэта маё”. Па яе словах, калі пачала даследаваць маляванкі, то ўспомніла, што бачыла маляваныя дываны і ў Нароўлі. У большасці гэты былі сюжэтныя работы, накшталт: лодачка плыве, а ў ёй закаханыя. Віцебскія ж маляваныя дываны – гэта кветкі; фарбы, як і ў Язэпа Драздовіча, пастэльныя, спакойныя.

—Сама я ўраджэнка поўдня краіны, і тэмперамент у мяне паўднёвы, — усміхаецца Святлана. – Таму ёсць пытанні: у сваёй творчасці мне трэба знайсці залатую сярэдзіну паміж буйствам фарбаў поўдня і памяркоўнасцю, спакойнасцю – поўначы. Не магу сказаць, што я знайшла яе, але я шукаю.

І знаходзіць. Новыя маляваныя дываны – “Дзяўчына глыбачанка” і “Дударскі фэст” – сведчаць пра гэта.

Шчаслівая

Кажуць, калі чалавек раніцай з добрым настроем ідзе на працу і з такім жа настроем пасля працоўнага дня спяшаецца дадому, то ён шчаслівы. Насмелюся сцвярджаць, што мая гераіня — з кагорты шчаслівых. Глыбоцкі Дом рамёстваў, дзе яна працуе, – адзін з лепшых у вобласці, і калектыў тут творчы, дружны: адзін за ўсіх, усе – за аднаго. У Святланы — любімы і любячы муж Уладзімір, любімыя дзеці – Дзмітрый і Ксенія. ъ

—Валодзя вельмі перажывае за мяне, — прадаўжае здзіўляць сваёй шчырасцю Святлана. – Ён робіць мне падрамнікі, памагае, чым можа. Не так даўно мы адпачывалі на Нарачы, і ў мяне ўзнікла жаданне зрабіць накіды да фэсту дудароў. А пад рукой – ні ручкі, ні блакнота. І Валодзя схадзіў пешшу ў пасёлак Нарач, купіў сшытак у клетку, ручку, прынёс: “Малюй!”. Усе свае новыя работы найперш паказваю яму і па вачах бачу, што падабаецца, а што – не. На адкрыцці маёй апошняй выставы ў Глыбокім “Вялікае маленькае жыццё” прысутнічалі нашы дзеці. Бачыла, як радаваліся яны, калі чулі пра мяне добрыя словы. Я, можна сказаць, вырасла ў іхніх вачах. Ксюша хоча вучыцца на мастака. Але не ўсё так проста. У сваёй працы, творчасці чалавек павінен быць запатрабаваным. У жывапісе мне гэта не ўдалося, але дзякуючы сваім маляваным дыванам, я знайшла сваю нішу ў мастацтве. Калі ў 2008 годзе мяне вучылі на курсах, як трэба маляваць дываны, то ў 2014 годзе я ўжо сама выступала як выкладчык. Не раз запрашалі ў склад журы на Славянскім базары ў Віцебску. Аднеквалася: маўляў, не маю яшчэ гран-пры конкурсу, які праходзіць у рамках базару. Гран-пры ўжо ёсць. Цяпер можна пабыць і ў журы.

Што тут скажаш больш? Неўтаймоўная яна, Святлана Скавырка. Ёй заўсёды чагось не стае, яна ўся ў творчым пошуку. Была ўжо замужам і мела двое дзетак, а завочна паступіла ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт эстэтычнай адукацыі і паспяхова закончыла яго. (“Хацела дацягнуцца да мужа, які так цікава расказваў пра свае студэнцкія гады”). Як і раней, піша алеем карціны, стварае арыгінальныя работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асвоіла сакрэты валення валёнак (дзед Дзмітрый займаўся гэтым), шапак – і на іх ёсць вялікі попыт. Прызналася, што палюбіла паэзію. Хто ведае, можа, з часам з вуснаў Святланы мы пачуем паэтычныя радкі, напісаныя ёй? Ад такой таленавітай жанчыны можна чакаць самага незвычайнага. Вершаў – таксама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

15 − девять =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: