Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4-6 кастрычніка знаходзіўся з афіцыйным візітам у Пакістане.%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd6

5 кастрычніка кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, Прэзідэнтам Мамнунам Хусэйнам, спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Сардарам Садзікам. Па выніках сустрэч падпісаны шэраг дакументаў па розных напрамках двухбаковага супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму.


Лукашэнка і Шарыф пацвердзілі імкненне краін паглыбляць дружалюбныя сувязі ў розных сферах
Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве лідараў дзяржаў, якая была прынята па выніках афіцыйных перагавораў.
У заяве адзначаецца, што сустрэча прайшла ў атмасферы высокага даверу і ўзаемаразумення.
Бакі глыбока і ўсебакова разгледзелі ўвесь комплекс беларуска-пакістанскіх адносін, адзначыўшы ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення дружалюбных сувязей паміж дзяржавамі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, сацыяльна-гуманітарнай і іншых сферах.
Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф канстатавалі важнасць падпісання шэрага дакументаў, якія датычацца пашырэння напрамкаў узаемадзеяння ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, барацьбы са злачыннасцю, адукацыі, мытнага і банкаўскага супрацоўніцтва, у паштовай сферы.

Беларусь і Пакістан дамовіліся прадоўжыць практыку ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне
«Бакі, адзначаючы падабенства падыходаў па ключавых міжнародных і рэгіянальных праблемах, пацвердзілі сваю прыхільнасць да агульнапрызнаных норм міжнароднага права, мэт і прынцыпаў Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, умацавання ролі ААН у вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам, такім як міжнародны тэрарызм, распаўсюджванне зброі масавага знішчэння, незаконная вытворчасць і збыт наркотыкаў, гандаль людзьмі, прыродныя і тэхнагенныя катастрофы», — гаворыцца ў заяве.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd1
Па выніках сустрэчы была дасягнута дамоўленасць прадоўжыць практыку ўзаемнай падтрымкі ініцыятыў і кандыдатур дзвюх дзяржаў у ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

Станоўча была ацэнена актыўная дзейнасць урадаў дзвюх дзяржаў па развіцці міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў ключавых галінах эканомікі, а таксама работа сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф таксама віталі стварэнне ў парламентах дзвюх краін адпаведных груп дружбы.

Беларусь і Пакістан будуць больш актыўна развіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва
Лідары краін выказалі зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгадных адносін паміж галіновымі міністэрствамі, актывізацыі прамых кантактаў на ўзроўні сярэдняга і малога бізнесу, стварэнні на тэрыторыі Беларусі і Пакістана сумесных прадпрыемстваў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі (перапрацоўка мяса-малочнай і плодаагародніннай прадукцыі), лёгкай прамысловасці, фармацыі, лясной гаспадаркі.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd2
У дакуменце таксама адзначаецца, што бакі падтрымліваюць развіццё міжрэгіянальных сувязей як важнага складніка двухбаковых адносін, адзначаюць неабходнасць актывізацыі ўзаемных візітаў дэлегацый, рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў, удзелу ў рэгіянальных выставачна-кірмашовых і культурных мерапрыемствах.

Беларусь і Пакістан маюць намер выходзіць на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках перагавораў з прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам.
«Дасягнута разуменне, што Беларусь і Пакістан выйдуць на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Прыклад таго — кітайска-пакістанскі эканамічны калідор», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd3
Паводле слоў Прэзідэнта, бакі абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энергетыкі, пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «І Беларусь, і Пакістан — прыхільнікі развіцця мірнага атама».

У час сустрэчы было адзначана, што Беларусь і Пакістан павінны больш актыўна развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэтымі днямі ў Ісламабадзе быў адкрыты Беларуска-пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. «У час перагавораў дасягнута разуменне, што мы ўзмоцнім сумесную работу ў напрамку сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі. У бліжэйшы час абмяняемся візітамі спецыялістаў для пашырэння супрацоўніцтва па гэтых напрамках, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — У бліжэйшай перспектыве мы зробім канкрэтныя захады па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у лёгкай (пераважна тэкстыльнай) прамысловасці, у лясной гаспадарцы, мытнай справе, стандартызацыі і сертыфікацыі. Мы прапанавалі пакістанскім сябрам паслугі беларускіх кампаній па будаўніцтве».

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што наспела неабходнасць адкрыць паміж Беларуссю і Пакістанам прамыя паветраныя зносіны для павелічэння ўзаемнага пасажыра- і грузапатоку.

«Гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якія мы абмяркоўвалі ў час візіту. Іх далейшае вырашэнне запатрабуе новых сустрэч і кантактаў, таму я з вялікім задавальненнем запрасіў майго сябра прэм’ер-міністра Наваза Шарыфа чарговы раз наведаць Беларусь у любы зручны для яго час. Для нас вельмі важна захаваць сістэмнасць у палітычным дыялогу і асабісты кантроль за выкананнем прынятых намі рашэнняў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пакістан мае намер развіваць дружалюбныя адносіны з Беларуссю на прынцыпах узаемнага даверу — Лукашэнка
«Нашы падыходы да развіцця двухбаковых адносін не змяніліся з часу папярэдніх сустрэч. У мяне толькі ўмацавалася ўпэўненасць у шчырасці намераў пакістанскіх партнёраў развіваць дружалюбныя адносіны з Мінскам на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што Пакістан перажывае няпростыя часы, у прыватнасці, у адносінах з суседзямі.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd5
«Вы ведаеце прыхільнасць маю і нашай дзяржавы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з суседзямі, мы жадаем вам міру», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Шарыф падзякаваў Лукашэнку за асабісты ўклад у развіццё адносін паміж Беларуссю і Пакістанам
Наваз Шарыф адзначыў, што чарговы візіт Прэзідэнта Беларусі з’яўляецца яркім знакам гатоўнасці краіны развіваць дружалюбныя адносіны з Пакістанам. «Я ўдзячны вам за асабісты ўклад у інтэнсіўнае развіццё нашага двухбаковага супрацоўніцтва. Абмен візітамі на вышэйшым узроўні прывёў да росту супрацоўніцтва і вывеў яго на якасна новы ўзровень», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, у час плённых перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам бакі дасягнулі дамоўленасцей аб далейшым развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферах адукацыі, культуры, навукі і тэхналогій.

«З радасцю заяўляю, што мы падпісалі сумесную заяву па выніках сустрэчы, якая сведчыць аб цвёрдым намеры бакоў прадаўжаць супрацоўніцтва ў многіх сферах», — дадаў Наваз Шарыф.

Беларусь і Пакістан вывучаюць магчымасць стварэння сумесных прадпрыемстваў у харчовай сферы
Размова аб гэтым ішла ў час афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа ў пашыраным фармаце.

На сустрэчы было адзначана, што ў Беларусі чакаюць з візітам міністра нацыянальнай харчовай бяспекі і даследаванняў Пакістана і дэлегацыю дзелавых колаў.

У сувязі з гэтым бакі абмеркавалі прыезд у Пакістан, у тым ліку ў правінцыю Пенджаб, кіраўнікоў буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. Прадугледжваецца, што візіт, у час якога беларускія спецыялісты азнаёмяцца з існуючымі магчымасцямі для стварэння сумесных прадпрыемстваў, можа адбыцца да канца года.

Яшчэ адной тэмай перагавораў стала развіццё супрацоўніцтва ў прамысловай сферы. Абмяркоўвалася наладжванне кааперацыйнага ўзаемадзеяння пакістанскіх кампаній з беларускімі прадпрыемствамі, у тым ліку з МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Амкадор», «Гомсельмаш», «Лідсельмаш», «Бабруйскаграмаш».

Бакі сышліся на думцы, што перспектыўнымі сферамі партнёрства паміж краінамі таксама з’яўляюцца лёгкая прамысловасць, міжбанкаўскае супрацоўніцтва, рэалізацыя інфраструктурных праектаў і іншыя.

Беларусь і Пакістан падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах /дапоўнена/
Беларусь і Пакістан падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Адпаведныя мемарандумы, пагадненні і пратаколы падпісаны пасля завяршэння перагавораў у Ісламабадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа.

Падпісаны пратакол абмену ратыфікацыйнымі граматамі аб уступленні ў сілу дагавора паміж Беларуссю і Пакістанам аб дружбе і супрацоўніцтве. Дакумент замацоўвае завяршэнне адпаведных унутрыдзяржаўных працэдур. Аналагічныя пратаколы падпісаны і адносна дагавора аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

У сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва бакі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі і Агенцтвам па развіцці гандлю Пакістана. Гэты дакумент стварае механізм абмену гандлёвай і эканамічнай інфармацыяй з мэтай развіцця двухбаковага гандлю.

Удакладняюцца ўмовы прымянення рэжыму прадухілення двайнога падаткаабкладання. На гэта накіраваны пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у адпаведную канвенцыю паміж урадамі дзвюх краін ад 23 ліпеня 2004 года.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd7
Нарматыўна-прававая база міжведамаснага супрацоўніцтва папоўнілася мемарандумам аб узаемаразуменні паміж Нацбанкам Беларусі і Дзяржаўным банкам Пакістана.

На развіццё навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння накіравана палажэнне аб стварэнні пакістана-беларускага цэнтра навукі і тэхналогій.

У сферы гуманітарнага супрацоўніцтва заключаны шэраг пагадненняў. У іх ліку пагадненне паміж урадамі аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, мемарандум аб намерах супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай адукацыі паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам федэральнай адукацыі і прафесійнага навучання Пакістана, пагадненні аб супрацоўніцтве БДТУ і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры з універсітэтам Каід-і-Азам.

Падпісаны таксама пагадненні аб супрацоўніцтве БДТУ з Нацыянальным універсітэтам сучасных моў і з Нацыянальным універсітэтам навукі і тэхналогій. Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж БНТУ і Лахорскім універсітэтам інжынірынгу і тэхналогій.

Заключана пагадненне паміж Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам і Нацыянальным універсітэтам сучасных моў аб стварэнні цэнтраў/кафедраў беларускай мовы і мовы урду.

У сферы транспарту падпісана пагадненне паміж урадамі Беларусі і Пакістана аб паветраных зносінах, якое стварае нарматыўную базу для рэгулявання двухбаковых паветраных зносін.

На палях афіцыйнага візіту таксама адбылося падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве ў сферы паштовай дзейнасці.

Лукашэнка: Беларусь можа стаць для Пакістана інвестыцыйным акном у Еўропу
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму.

«Безумоўна, актывізацыя беларуска-пакістанскага інвестыцыйнага супрацоўніцтва будзе садзейнічаць росту эканомікі як Пакістана, так і Беларусі. І важная роля ў гэтым працэсе павінна належаць бізнесменам і прадпрымальнікам, якія сабраліся ў гэтай зале», — лічыць Прэзідэнт.

На жаль, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, да гэтага часу краіны не могуць пахваліцца поспехамі ў гэтым напрамку. «Аднак рост вашай эканомікі, павелічэнне яе магчымасцей па замежным укладанні капіталаў ствараюць спрыяльныя перадумовы для таго, каб Беларусь па праву стала для Пакістана інвестыцыйным акном у Еўропу», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што за апошні год Беларусь і Пакістан абмяняліся чатырма афіцыйнымі візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. У час кожнага праводзіўся дзелавы і інвестыцыйны форум, што сведчыць аб цвёрдым намеры бакоў развіваць плённыя адносіны паміж дзелавымі коламі дзяржаў.

Лукашэнка ўпэўнены ў перспектыўнасці інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі з Пакістанам
«Звяртаючыся да ўдзельнікаў нашага форуму, я запрашаю пакістанскіх бізнесменаў укладваць інвестыцыі ў выгадныя для вас праекты на тэрыторыі Беларусі. Упэўнены, у такога супрацоўніцтва добрыя перспектывы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі дзейнічае шэраг прэферэнцый, якія могуць быць карысныя для замежных кампаній.

«З пункту гледжання падатковага планавання і аптымізацыі прэферэнцыі ўключаюць спецыяльныя льготныя ўмовы гаспадарання пры арганізацыі бізнесу ў рамках шасці свабодных эканамічных зон. Замежныя кампаніі таксама могуць атрымаць дадатковую выгаду, максімальна знізіўшы інвестыцыйныя затраты і падатковую нагрузку пры ўкладанні капіталаў у нашых малых і сярэдніх гарадах», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб актыўным будаўніцтве пад Мінскам Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» — у гэтым міжнародным праекце жадаюць удзельнічаць кампаніі розных краін. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт акцэнтаваў на транспартна-лагістычных магчымасцях Беларусі, праводзімай у краіне палітыцы «кропкавай» прыватызацыі і кадравым патэнцыяле рэспублікі.

Беларусь і Пакістан дамовіліся дасягнуць тавараабароту $1 млрд за чатыры гады
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму.

%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d0%b8%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd-4
«Мы дамовіліся з прэм’ер-міністрам на працягу чатырох гадоў вывесці наш тавараабарот на ўзровень $1 млрд. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады $1 млрд, не менш (больш можна), павінен быць», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прадстаўнікоў дзелавых колаў абедзвюх краін.
Лукашэнка заклікаў бізнесменаў Пакістана больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі

«Заклікаю пакістанскіх бізнесменаў больш шырока выкарыстоўваць нашы прамысловыя магчымасці ў рэалізацыі разнастайных інфраструктурных праектаў у вашай краіне. Гатовы да супрацоўніцтва з вамі такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, «Амкадор», «Бабруйскаграмаш», «Гомсельмаш», «Лідсельмаш», якія добра зарэкамендавалі сябе на сусветных рынках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што трэба зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне перапрацоўкі мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. «Нам трэба абавязкова вызначыць 3-4 важныя для Беларусі і Пакістана праекты і неадкладна пачаць іх рэалізацыю. Заўсёды нешта пачынаецца з малога. На гэтых прыкладах усе бізнесмены як у Беларусі, так і ў Пакістане ўбачаць, як трэба працаваць. Тыя, хто пойдуць на гэтыя першыя праекты, будуць першаадкрывальнікамі, першапраходцамі. І праз іх Пакістан і Беларусь больш цесна азнаёмяцца з магчымасцямі ў той і другой краіне», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адной з асноў эканамічнай формулы двухбаковых адносін разам з прамысловай кааперацыяй можа стаць сельская гаспадарка.

У бліжэйшай перспектыве могуць быць сур’ёзныя зрухі па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у сферах лёгкай прамысловасці, лясной гаспадаркі, мытнай справы, у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Абмяркоўваецца пытанне аб адкрыцці паміж Беларуссю і Пакістанам прамых паветраных зносін. «Гэты праект цалкам залежыць ад вас, калі вы пачняце перамяшчацца з Пакістана ў Беларусь і наадварот, не адзін маршрут будзе адкрыты паміж нашымі краінамі», — заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў бізнесменам больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял тых міждзяржаўных механізмаў, якія былі створаны для іх, перш за ўсё міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рабочыя групы па прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. «Калі трэба, мы будзем ствараць такія рабочыя групы і па іншых напрамках нашага супрацоўніцтва. Мы таксама дамовіліся аб рэгулярнасці нашых сустрэч. Як бачыце, практычна штогод мы робім візіты ў нашы дзяржавы, каб кантраляваць прынятыя рашэнні, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Вельмі важна, каб адносіны паміж нашымі краінамі мелі даверны характар, напаўняліся рэальным эканамічным зместам. І яшчэ раз хачу адзначыць, што беларускі бок адкрыты для інтэнсіўнай і карпатлівай работы з пакістанскім бізнесам па ўсіх узаемавыгадных напрамках».

Шарыф падтрымаў удзел Беларусі ў будаўніцтве кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора
Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, праект, у рэалізацыю якога неабходна ўкласці $46,7 млрд, прадугледжвае стварэнне шырокай інфраструктуры: аўтамабільных трас, чыгунак, нафта- і газаправодаў і іншых аб’ектаў.
«Гэта будзе самая вялікая свабодная эканамічная зона ў свеце. Мы знайшлі падтрымку з боку прэм’ер-міністра Пакістана. Нам паабяцалі, што Беларусі будзе выдзелена некалькі праектаў у гэтым калідоры. Па сутнасці справы, гэта наш экспарт паслуг», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў Беларусі ёсць вопыт удзелу ў такіх праектах. Так, прадпрыемствы краіны пабудавалі некалькі заводаў і жылых кварталаў у Венесуэле.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што для таго, каб узвесці неабходныя аб’екты або пракласці дарогу, аднымі намаганнямі будаўнікоў і праекціроўшчыкаў не абыдзешся: неабходна будзе выкарыстоўваць і матэрыялы, і тэхніку. Гэта таксама мае пэўную выгаду.

Беларусь і Пакістан прапрацоўваюць некалькі напрамкаў супрацоўніцтва ў нафтаздабыўной сферы
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка расказаў, што гэтымі днямі правёў сустрэчу з федэральным міністрам нафты і прыродных рэсурсаў Пакістана. На сустрэчы бакі вызначылі шэсць-сем напрамкаў, па якіх можна развіваць супрацоўніцтва.

«Яны не ўсе могуць спрацаваць, але прынамсі некаторыя з іх павінны. Мы чакаем у бліжэйшыя два тыдні спецыялістаў у сферах нафтаразведкі, здабычы нафты і газу, перапрацоўкі нафты, у галіне абсталявання», — адзначыў Уладзімір Сямашка.

Эканамічныя адносіны Беларусі і Пакістана абавязкова выйдуць на ўзровень палітычных — Лукашэнка
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго цяперашні афіцыйны візіт у Пакістан стаў асаблівым, бакі зрабілі нямала для ўмацавання адносін паміж краінамі. «Адчуваю, што лёд крануўся, крануўся салідна, і праз чатыры гады мы дасягнём жаданых вынікаў, пабудуем фундамент нашых адносін у выглядзе гандлю і вырашэнняў пытанняў у сферы эканомікі», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Пакістанам абавязкова выйдзе на ўзровень палітычных адносін паміж краінамі і іх лідарамі.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што ў час сустрэч бакі дакладна вызначылі, у якім напрамку рухацца далей і якія сферы дзейнасці ўяўляюць узаемны інтарэс.

«Цяпер засталося гэтыя напрамкі «зазямліць», гэта значыць звесці беларускую кампанію з пакістанскай або прадаставіць ім магчымасць працаваць бесперашкодна і ствараць за чатыры гады той $1 млрд, аб якім мы гаварылі», — звярнуў увагу беларускі лідар.

У сваю чаргу Мамнун Хусэйн падкрэсліў, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан умацуе не толькі гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі, але і ўзаемадзеянне ў навуковай, культурнай, адукацыйнай і іншых сферах.

Лукашэнка надае асаблівае значэнне рабоце парламентаў у развіцці адносін Беларусі і Пакістана
Гэта было адзначана на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Садзікам.

На сустрэчы было адзначана, што пытанні развіцця двухбаковых адносін паміж краінамі не трэба аддаваць толькі на водкуп урадам. «Тое, што могуць і павінны парламенты, ніколі не зробяць урады, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Работа і супрацоўніцтва парламентаў — гэта вышэйшая ступень народнай дыпламатыі».

У сваю чаргу Сардар Садзік звярнуў увагу, што Беларусь і Пакістан рэгулярна абменьваюцца візітамі на розных узроўнях. Так, у бліжэйшы час спікер Нацыянальнай асамблеі мае намер запрасіць у сваю краіну кіраўніцтва беларускага парламента.

Прамы авіярэйс Мінск — Ісламабад можа з’явіцца да сярэдзіны 2017 года
Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Уладзімір Косцін. 5 кастрычніка паміж урадамі Беларусі і Пакістана было падпісана пагадненне аб паветраных зносінах, якое стварае нарматыўную базу для рэгулявання двухбаковых паветраных зносін.
Дырэктар дэпартамента сказаў, што пагадненне дасць магчымасць адкрыць прамы авіярэйс паміж Ісламабадам і Мінскам.

«Белшына» паставіць пакістанскай кампаніі прадукцыю на 15 млн еўра
Адпаведны кантракт быў падпісаны 4 кастрычніка ў час бізнес-форуму ў Пакістане, паведаміў журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксей Якаўлеў.

Паводле слоў Аляксея Якаўлева, заключаны паміж ААТ «Белшына» і пакістанскай кампаніяй кантракт разлічаны на чатыры гады. «Сумарная яго ёмістасць каля 15 млн еўра», — адзначыў ён.

Яшчэ адным сур’ёзным напрамкам супрацоўніцтва беларускага прадпрыемства з кампаніямі Пакістана можа стаць стварэнне сумеснага прадпрыемства.

Прадпрыемствы «Беллегпрама» заключылі ў Пакістане дагаворы на $3,5 млн
Аб гэтым паведаміў старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык.
Мікалай Яфімчык адзначыў, што рынак Пакістана даволі складаны для беларускіх вытворцаў, паколькі краіна займае лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па вытворчасці бавоўны і тэкстылю. «У нас наогул ніколі не было экспарту ў Пакістан. У гэтым годзе мы ўжо адгрузілі на $284 тыс. — гэта высокааб’ёмная пража вытворчасці Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі і пінскага «Палесся». Сёння «Палессе» падпісала з пакістанскай фірмай дагавор па пастаўцы аб’ёмнай пражы на $2 млн. Для нас гэта поспех, — расказаў Мікалай Яфімчык. — «Па «Беллегпраме» мы будзем мець на наступны год больш за $3,5 млн».

Цяперашні візіт у Пакістан Мікалай Яфімчык ацаніў як паспяховы.

МТЗ заключыў у Пакістане кантракты на 2017 год на суму больш за $30 млн
Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар ААТ «МТЗ» Фёдар Дамаценка.
«У нас гатовы кантракты ў аб’ёме больш за $30 млн на 2017 год», — расказаў Фёдар Дамаценка. Ён дадаў, што дзеючыя кантракты таксама будуць выкананы ў аб’ёме каля $30 млн.

Разам з тым гендырэктар падкрэсліў, што перспектывы ў МТЗ на пакістанскім рынку вялікія, таму кіраўніцтва завода мае намер прыняць кардынальныя рашэнні для дасягнення лепшага выніку.

«Амкадор» на працягу месяца запусціць вытворчасць спецтэхнікі ў Пакістане
Аб гэтым паведаміў старшыня савета дырэктараў прадпрыемства Аляксандр Шакуцін у час IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму.

Аляксандр Шакуцін расказаў, што ў гэтым годзе «Амкадор» набыў долю трактарнага завода Fecto Belarus Tractors і хутка пачынае вытворчасць спецыяльнай тэхнікі ў пакістанскім Лахоры. «Думаю, што яна запрацуе на працягу месяца», — адзначыў ён.

Пакуль на прадпрыемстве будуць вырабляць пагрузчыкі рознай мадыфікацыі.

Паводле слоў старшыні савета дырэктараў, бягучы год быў для прадпрыемства даволі паспяховым. «Мы адаптавалі і пачалі пастаўку гідраўлічных вузлоў на другасны рынак Пакістана — пастаўлена ўжо на $500 тыс. Цяпер падпісаны кантракт на пастаўку гідраўлічных вузлоў на трактарны завод у Лахоры на суму $1 млн, — адзначыў ён. — Думаю, што ў бліжэйшы час мы ўжо зможам пастаўляць толькі гідраўлікі на $5-10 млн».

Пакістанская правінцыя Сінд закупіць самазвалы БелАЗ для распрацоўкі кар’ераў па здабычы вугалю
Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БелАЗ-Холдынг» Пётр Пархомчык.

«Праведзены вельмі сур’ёзныя перагаворы з кіраўніцтвам правінцыі Сінд, дзе будзе распрацоўвацца адзін з найбуйнейшых кар’ераў па здабычы каменнага вугалю для цеплавых электрастанцый. Мы сёння падпісалі пагадненне, у рамках якога прадугледжваецца пастаўка кар’ерных самазвалаў. Першая партыя ў колькасці 18-20 штук пойдзе ў 2017 годзе», — расказаў Пётр Пархомчык.

Пётр Пархомчык таксама дадаў, што пакістанскі бок зацікаўлены закупляць не толькі самазвалы, але і іншую тэхніку, у тым ліку пагрузчыкі, бульдозеры і экскаватары.

Вучоныя Беларусі і Пакістана пачалі сумесныя распрацоўкі ў сельскай гаспадарцы і ахове здароўя
Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Аляксандр Шумілін.

Кіраўнік ДКНТ і федэральны міністр навукі і тэхналогій Пакістана Рана Танвір Хусэйн падпісалі дагавор аб адкрыцці ў Ісламабадзе Беларуска-пакістанскага цэнтра па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Беларускае аддзяленне цэнтра ўжо функцыянуе ў Мінску.

Рана Танвір Хусэйн сказаў, што краіны маюць вялікі патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы тэхналогій.

Цэнтр беларускай мовы і культуры адкрыўся ў Ісламабадзе
Цэнтр беларускай мовы і культуры адкрыўся ў Нацыянальным універсітэце сучасных моў Пакістана.
Паводле слоў міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова, адным з напрамкаў дзейнасці цэнтра стануць падрыхтоўчыя курсы па вывучэнні беларускай і рускай моў.

Як правіла, у Пакістане зацікаўлены ў атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па прамысловых і медыцынскіх спецыяльнасцях, а таксама вышэйшай адукацыі ў медыцыне і IT-сферы. Цікавіцца пакістанская моладзь таксама фундаментальнымі даследаваннямі па матэматыцы, хіміі і фізіцы.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

один + десять =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/10/17/%d0%b2%d1%96%d0%b7%d1%96%d1%82-%d0%bf%d1%80%d1%8d%d0%b7%d1%96%d0%b4%d1%8d%d0%bd%d1%82%d0%b0-%d0%b1%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d1%80%d1%83%d1%81%d1%96-%d1%9e-%d0%bf%d0%b0%d0%ba%d1%96%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd/