На фотаздымку – юныя глыбоцкія чэмпіёны з конна-спартыўнага клуба “Амазонкі” ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”: Арцём Пяткевіч, Кацярына Пазняк, Валерыя Грыневіч, Эвія Казура. Дзякуючы свайму трэнеру Уладзіміру Букату і, канешне, сваім прыгажунам-скакунам, на разнастайных рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтвах яны заўсёды падымаюцца на прыступкі п’едэсталу.
Запрашаем і вас, шаноўныя глыбачане, стаць удзельнікам гэтага клуба і таксама заваёўваць чэмпіёнскія званні.
– Мы прымаем дзетак з 8 гадоў. Заняткі у нас праходзяць кожны дзень, так што сумаваць дзяўчынкі і хлопчыкі не будуць, – кажа трэнер клуба Уладзімір Буката. – Адметна, што да нас у Барок па выхадных прывозяць на заняткі сваіх дзяцей бацькі з Пастаў і нават Віцебска. Ездзяць да нас займацца школьнікі з Плісы (Глыбоцкі раён) і Круляўшчызны (Докшыцкі раён). Крыўдна, што глыбачан не так шмат.
Паважаныя бацькі, у вашых сыноў і дачушак хутка пачнуцца восеньскія канікулы. Скарыстайце гэтую магчымасць і правядзіце іх з карысцю. Не адкладвайце, можаце нават у гэтыя выхадныя арганізаваць сямейны выезд на конях. Дзеці будуць вам толькі ўдзячны.
– Заходзьце і ўвечары да нас. Прыхапіце з сабой ласункі – хлеб, моркву, яблыкі – для нашых выхаванцаў. Час праведзены з імі абавязкова ўздыме настрой у дарослых і вельмі парадуе малышоў.
У выпадку, калі вы вырашылі запісаць ў конна-спартыўны клуб “Амазонкі” сваё дзіця, прыязджайце адразу ў вёску “Барок”, дзе і знойдзеце трэнера Уладзіміра Букату.
Відэа ў тэму: