Маці, якая нарадзіла 16 дзяцей

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (4 оценок, среднее: 4,00 из 5)
Загрузка...

%d1%84%d0%b5%d0%b4%d1%8c%d0%ba%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87%d0%b8На невялікім хутары Царкоўна, што недалёка ад вёскі Зябкі, жыве звычайная вясковая сям’я. Ён і яна – мясцовыя жыхары, усё жыццё шчыравалі ў калгасе, дома гаспадарку вялікую трымалі, дзетак гадавалі. Жылі, як усе людзі жывуць. Але сям’ю гэту ведалі не толькі ў раёне і вобласці, нават у рэспубліцы. А праславіліся Фядзьковічы тым, што нарадзілі і вырасцілі 16(!) дзетак: 8 дачушак і 8 сыночкаў. Цяпер у Яніны Вікенцьеўны і Івана Канстанцінавіча падрастаюць 33 унукі і 16 праўнукаў. Вось гэта багацце! Вось гэта сям’я!

Патэлефанавалі Фядзіковічам якраз напярэдадні 14 кастычніка. Калі ж яшчэ, калі не ў Дзень Маці, расказаць пра жанчыну, мацярынства якой – сапраўдны подзвіг. Бадзёры жаночы голас у трубцы адказаў: “Прыязджайце, калі вам зручней. Мы ж на пенсіі, цэлы дзень дома.” Дарога да Зябак падалася надта доўгай, мо таму, што хацелася як найхутчэй пазнаёміцца з Янінай Вікенцьеўнай. Цікава было даведацца, як гэта, быць мамай 16 дзяцей?

І вось, здаецца, прыехалі. За вёскай Зябкі, непадалёк ад шашы, як і сказала па тэлефоне Яніна Вікенцьеўна, убачыі на пагорку звячайную вясковую хату, абкладзеную цэглай. Насустрач выйшаў гаспадар, запрасіў увайсці. Яніна Вікенцьеўна і Іван Канстанцінавіч аказаліся надзвычай простымі, шчырымі і жыццярадаснымі людзьмі. Размова пачалася нібы сама сабою.

—Сваю гісторыю мы ўжо шмат каму расказвалі. Нічога ў ёй незвычайнага, — пачаў гаспадар. – Яна на ферме кароў даіла, я быў пастухом – так і пазнаёміліся. Пажаніліся маладымі зусім: было нам па сямнаццаць гадоў. Сталі жыць, дзеці пайшлі. Першы Толік нарадзіўся, праз год – Ванечка, потым Наташа, Іра, Валера, Валодзя, Света, Валя, Лена…

—Штосьці пераблыталі, парадак не той, — гаворыць Яніна Вікенцьеўна. – Давай Рыту пазавём, яна добра ведае, хто за кім. Я памятаю, што нараджаліся два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі…

З суседняга пакоя выглядваюць сын з нявесткай (яны жывуць з бацькамі).
—Сяргей, ты дзясяты? – пытаецца бацька.
—Дзясяты, дзясяты, — пацвярджае нявестка і вядзе пералік далей: Сяргей, Пеця, Аксана, Таня, Жанна, Саша, Дзіма. Шаснаццаць? Здаецца ўсе.

—Цяжка вам было?
—А хто яго ведае. У маладосці здавалася, што цяжка, а цяпер здаецца, што не вельмі, — разважае Яніна Вікенцьеўна. – Дэкрэт быў які? Два месяцы – і на працу, не тое, што цяпер. Але спачатку маці дапамагала, потым старэйшыя даглядалі меншых. Так і выраслі ўсе, адзін за адным. Яшчэ і ўнукаў мы падгадавалі. Адзін з трох месяцаў у нас быў. Цяпер у Псуі жыве, харошы хлопец вырас.

—Дзеці ўсе ў нас добрыя, дружныя, працавітыя, — зноў уключаецца ў размову Іван Канстанцінавіч. – Яны нам, як падраслі, на ферме дапамагалі, кароў кармілі, а потым і даілі. І дома многа працавалі. Бывала, паедзем з жонкай па справах якіх у Глыбокае. Вяртаемся – гаспадарка ў парадку, у хаце ўсё чыста прыбрана, падлога вымытая, печкі вытапленыя, есці зварана. Дзеці нас сустакаюць: сядайце мама з татам клёцкі з душамі есці.

— І ўявіць складана, як такую вялікую сям’ю пракарміць? Як апрануць?
—Накарміць не проста, але мы ўсё жыццё гаспадарку вялікую трымалі: карову, каня, свіней, курэй, гусей… Ежы хапала. І апрануцца прасцей было. Гэта сёння, каб сябе ды дзяцей адзець-абуць трэба мільянерам быць.

… Цяпер Яніна Вікенцьеўна і Іван Канстанцінавіч на пенсіі. Ім ободвум ужо за семдзесят. Усе дзеці выраслі і займелі свае сем’і. Цікава, што ці не палова Фядзьковічаў засталіся на Глыбоччыне і пайшлі па слядах сваіх бацькоў – працуюць у сельскай гаспадарцы. Таццяна, Аксана, Лена, Валянціна – аператары машыннага даення. У гаспадарках раёна шчыруюць таксама Дзіма, Сяргей і Валодзя. Жывёлаводам у Шумілінскім раёне – Валерый. Старэйшыя дзеці жывуць ў Глыбокім, хтосьці застаўся паблізу, ля бацькоў, — у Зябках і Псуі. І толькі адзін з Фядзьковічаў – Пеця – асталяваўся ў сталіцы.

А вось паўтарыць подзвіг сваіх бацькоў і стаць шматдзетнымі адважыліся нямногія.

—Пяцёра дзяцей толькі ў Валянціны. А ў астатніх па адным-два, у кагосьці – тры, — гаворыць Яніна Вікенцьеўна.
—От і добра. Унукаў у нас і так, як гароху. Вы толькі ўявіце, каб усе нашы дзеці, як і мы, шматдзетнымі былі. Гэта ж паў Беларусі Фядзьковічаў! – жартуе гаспадар. – Насамрэч, самі мы з невялікіх сямей: я ў бацькоў адзін, а ў жонкі – ёсць брат і сястра.

—Можа таму і даў нам Бог многа дзетак, каб не сумавалі, — разважае Яніна Вікенцьеўна. – Ведаеце, як у нас весела, калі ўсе збіраюцца разам. Хата, як вулей гудзе – і мы шчаслівыя!
Наталля БЕЛЬСКАЯ.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

восемь − два =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/10/12/%d0%b2%d1%8f%d0%bb%d1%96%d0%ba%d0%b0%d0%b5-%d1%88%d1%87%d0%b0%d1%81%d1%86%d0%b5-%d1%81%d1%8f%d0%bc%d1%96-%d1%84%d1%8f%d0%b4%d0%b7%d1%8c%d0%ba%d0%be%d0%b2%d1%96%d1%87/