Сёлетні год для ААТ “Белаграпрамбанк” – юбілейны: супрацоўнікі банка адзначаюць 25-годдзе з дня яго заснавання. Гэтая дата стала нагодай для правядзення многіх мерапрыемстваў, удзельнічаць у якіх могуць усе кліенты, укладчыкі банка і жыхары Глыбоччыны.
Разлікова-касавы цэнтр (РКЦ) №39 г. Глыбокае філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” прымеркаваў да юбілейнай даты конкурс “Павіншуй Агрыка з днём нараджэння”.
– Агрык – гэта казачны персанаж, які не першы год з’яўляецца сімвалам рэкламнай акцыі “Дзіцячая ашчадная праграма “Расці вялікі”, а таксама талісманам беларускіх спартыўных дэлегацый, з якімі пабываў на I Еўрапейскіх гульнях у Баку (Азербайджан), XIII летнім Еўрапейскім юнацкім фестывалі ў Тбілісі (Грузія), на II зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Лілехаймеры (Нарвегія). Ён стаў сябрам маленькіх укладчыкаў банка, віншуе іх з днём нараджэння, дорыць падарункі, ператварае іх мары ў рэальнасць. Сёлета Агрык сам прымае віншаванні і падарункі. У дзяцей ёсць выдатная магчымасць праявіць сваю фантазію, творчасць, намаляваць ці вырабіць сваімі рукамі нешта арыгінальнае і цікавае, — кажа вядучы спецыяліст па аказанні рознічных паслуг РКЦ №39 Алена Альсевіч. – Конкурс будзе доўжыцца да 31 кастрычніка. Вынікі падвядзём да 4 лістапада. Пераможцы абавязкова атрымаюць нашы падарункі. Так што ўключайцеся ў творчы марафон і падавайце вашы работы па адрасе: г. Глыбокае, плошча 17 верасня,14.
Акрамя аб’яўленага конкурса, супрацоўнікі банка ўдзельнічаюць у дабрачынных справах. Так, 21 верасня ў рамках праекта “25 добрых спраў” яны наведалі дзіцячае аддзяленне Глыбоцкай райбальніцы. Прыход Агрыка быў прыемнай нечаканасцю для хворых дзяцей, падарыў ім хвіліны радасці і прымусіў на нейкі час забыцца на ўколы і таблеткі. Сярод падарункаў, якія атрымалі маленькія пацыенты, была ілюстраваная кніга, выдадзеная на беларускай мове, – “Твае першыя фінансы”. Гэта своеасаблівая азбука, якая ў даступнай форме знаёміць дзяцей з азамі фінансавай граматы, расказвае, што такое банк, інфакіёск, банкамат, банкаўская картка, грашовы уклад, як павялічыць фінансы і правільна распараджацца імі.
Галіна СУТУЛА