Метэаролагі паведамляюць: а за акном то дождж, то снег…

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Кожны свой працоўны дзень аграрыі Глыбоччыны пачынаюць са зводкі надвор’я, якую атрымліваюць з Докшыцкай метэаралагічнай станцыі УП “Віцебскаблгідрамет”, і на яе аснове плануюць рабочы графік. Каб даведацца аб тым, як працуе станцыя, чым займаюцца яе спецыялісты, які працэс папярэднічае састаўленаму прагнозу, мы адправіліся ў камандзіроўку ў суседні раён.

Надвор’е – самая хадавая тэма

Згодна апытанню,  дзевяць чалавек з дзесяці менавіта з надвор’я пачынаюць размову пры сустрэчы. Для вяскоўцаўагароднікаў, работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, фермераў,  асабліва падчас сезонных  пасяўных і ўборачных работ, прагнозы сіноптыкаў – самая чытаемая “белетрыстыка”.  Надвор’е цікавіць будаўнікоў, леснікоў, выратавальнікаў на вадаёмах, работнікаў страхавых кампаній,  вадзіцеляў, прадпрымальнікаў, пажарных і міліцыю; таго, хто збіраецца ў адпачынак і спадзяецца правесці водпуск у максімальна камфортных умовах; усіх нас, абывацеляў, якія, ідучы на работу, хочуць   ведаць: браць з сабой парасон ці не і як апрануцца ў адпаведнасці з кліматычнымі ўмовамі. А ўгадаць з гэтым цяпер даволі складана: у надвор’я, як і ў некаторых людзей, бывае “сем пятніц на нядзелі”.

Апошнім часам, здаецца, надвор’е пераблытала полюсы, геаграфічныя каардынаты, поры года і само пастаянна знаходзіцца ў дрэнным настроі, а таму і крышыць, ламае, зносіць, залівае, высушвае… У сувязі з гэтым многія цяпер часцей заглядваюць на сайты прагнозаў і чытаюць адпаведную  інфармацыю ў газетах: няхай сабе на сто працэнтаў ад капрызаў прыроды засцерагчыся неяк, але хоць можна падрыхтавацца да яе нечаканых праяў.

У  Беларусі працуюць 56 метэаралагічных станцый. 46 з іх, у тым ліку і Докшыцкая, — 3 разраду, 10 станцый — 2 разраду, у ліку іх 7 авіяцыйных метэаралагічных  грамадзянскіх. “Па-суседству” з Докшыцкай знаходзяцца Шаркаўшчынская, Лепельская і станцыя ў Бярэзінскім запаведніку. Першыя назіранні за надвор’ем у Докшыцах пачалі праводзіць у кастрычніку 1950 года і робяць гэта да цяперашняга. 65 гадоў – даволі важкая лічба ў плане набытага вопыту і калі дадаць, што  два гады назад станцыя стала аўтаматычнай і ўзначальвае яе спецыяліст з вышэйшай гідраметэаралагічнай адукацыяй, можна дапусціць, што верагоднасць памылкі прагнозу ў нашых раёнах зведзена да мінімуму.


Інфармацыя з першых вуснаў

Размяшчаецца станцыя на ўскрайку Докшыц па вуліцы Піянерскай і больш нагадвае падвор’е рацыяналізатара,  дзе сабраны  ўсе яго вынаходніцтвы. Тут ёсць забаранаваны ўчастак з тэрмометрамі і датчыкамі, на высокай металічнай жэрдцы-флюгер, які многія  дзеля забаў рабілі ў дзяцінстве, пара будачак, падобных на міні-галубятні, прыстасаванне, падобнае на кветку з  пялёсткамі з бляшанкай унутры, у якую раней у вёсках злівалі падоенае малако, ліхтар на металічнай “ножцы”, якія многія падключаюць у хлявах, гаражах і на вуліцы. Але так бачаць вочы абывацеля, для спецыялістаў  усё гэта – цэласная ўзаемазвязаная сістэма, датчыкі якой фіксуюць  параметры розных з’яў прыроды. Адны дадзеныя счытваюць прама на пляцоўцы, другія  аўтаматычна падаюцца  на спецыяльны апарат на  станцыі.

—Тут вымяраем тэмпературу глебы. Апускаем надглебавы насціл, каб не слядзіць на доследным участку, і глядзім, што паказваюць два тэрмометры, якія даюць  мінімальныя і максімальныя паказанні, — тлумачыць начальнік станцыі Марына Мікалаеўна Вайцяховіч. – Сёння, 14 верасня, па-веснавому цёпла: тэмпература глебы +29,5, а паветра +17,5 градусаў.

Гэта прыборы для вымярэння  вадкіх ападкаў: адзін сучасны з датчыкам, другі, ападкамер Траццякова, — стары варыянт. Унутры яго бляшанка, дзе збіраецца дождж. Кожную раніцу ў 9 гадзін, затым  у 6 і 9 гадзін вечара мы зліваем   яе змесціва ў спецыяльную шклянку і вылічваем у міліметрах колькасць выпаўшых за пэўны перыяд ападкаў, — расказвае жанчына і згаджаецца, што падобны збор дадзеных – гэта ўчарашні дзень метэаралогіі, але даволі карысны пры параўнальным аналізе дадзенных, узятых з дзвюх установак.

“Міні-галубятні” аказаліся псіхраметрычнымі ўстаноўкамі з чатырма  псіхрометрамі ТМ-4, якія вымяраюць тэмпературу і вільготнасць паветра і аўтаматычна адпраўляюць дадзеныя на ўстаноўлены ў памяшканні станцыі анемарумбаметр (на здымку). Верхнія лічбы на ім –  паказчыкі атмасфернага ціску, сярэднія – накірунку і хуткасці ветру, ніжнія – вышыні воблачнасці. Вулічны ліхтар на слупе — гэта станок, які вымярае галалёдна-шэраневыя з’явы і больш запатрабаваны позняй восенню і зімой.

Рэдкая, але такая патрэбная прафесія

Працоўны дзень тэхніка-метэаролага – з  8 раніцы да 10 вечара. Кожную працоўную змену, пяць разоў  — у 9.00,  12.00, 15.00, 18.00, 21.00 – ён здымае паказанні ўсіх датчыкаў, складае сінаптычны бюлетэнь, шыфруе і па электроннай пошце адпраўляе ў Віцебскаблгідрамет. Адтуль дадзеныя з усіх станцый трапляюць у Белгідрамет. На іх аснове  метэаролагі робяць сінаптычную карту прагнозу надвор’я на бягучы, наступны дзень і на бліжэйшы тыдзень.

– Змены ў прыродзе цяпер, як бачыце, імгненныя, таму рабіць прагноз на месяц  і сцвярджаць, што ён  дакладны, нельга. Што датычыць урагана, які нядаўна абрушыўся на Шаркаўшчыну, мы яго ўбачылі за тры гадзіны аб чым папярэдзілі райвыканкамы і ўпраўленні  сельскай гаспадаркі сваіх раёнаў. Іншая справа, што за такі кароткі час папярэдзіць усіх жыхароў раёна аб небяспецы немагчыма, — кажа Марына Вайцяховіч. — Грамадзяне самі павінны быць больш уважлівымі і звяртаць увагу на літары ўверсе кожнага прагнозу — НЗ  абазначае небяспечныя з’явы, А НЗ –  папярэджанне аб небяспечных з’явах, — а таксама на ўзровень небяспекі, які бывае  чатырох відаў. Зялёны – усё спакойна, жоўты —  туман, дрэнная бачнасць, аранжавы – навальніцы і ліўні, чырвоны – штармавое папярэджанне. На станцыі ёсць архіў  надвор’я за два апошнія гады,  аўтаматычная сістэма дазваляе зняць паказанні ў любы час сутак. Так што запыты пажарнікаў, міліцыі, следчага камітэта, мясцовага радыё без адказу не застаюцца.

Працуе ў штаце станцыі і аграметэаролаг, за якім замацаваны 200 гектараў зямлі, дзе пасеяны азімыя зерневыя, канюшына, рапс. Спецыяліст пастаянна там бывае, сочыць за тэмпературай і вільготнасцю глебы, за ўзыходжаннем культур, развіццём кораневай сістэмы,  яе ростам. З дапамогай  маналітаў, якія  ён выразае на полі ў студзені-лютым, робіць заключэнне аб стане каранявой сістэмы раслін, састаўляе дэкадныя тэлеграмы, на аснове  якіх спецыялісты  прагназуюць будучы ураджай. У абавязку аграметэаролага — вымярэнне вышыні і шчыльнасці снежнага покрыва, глыбіні прамярзання глебы, састаўленне аграметэарагічных бюлетэняў.

Работа наша цікавая, але непаседлівая, клопатная і адказная: кантралююць нас не толькі вышэйстаячыя органы, але і прэса, і жыхары двух раёнаў, — кажа Марына Мікалаеўна.

У рэдакцыю мы вярнуліся пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага і з прагнозам у руках на бліжэйшыя 4 дні. Пакуль рыхтавала матэрыял да друку, уважліва  правярала адпаведнасць прагнозу рэаліям. Абяцаны на 16 верасня месцамі  кароткачасовы дождж у Глыбокім быў, тэмпература, воблачнасць і атмасферны ціск адпавядалі – так што докшыцкія метэаролагі справу сваю ведаюць добра. Застаецца  папрасіць у іх, каб менш паведамлялі ліўні, шквалы, бураны і ўсялякую непагадзь, якая рушыць нашы планы і  псуе настрой.

*****

Дзень метэаралагічнай службы Сусветная метэаралічная арганізацыя  зацвердзіла ў 1961 годзе. Летась супрацоўнікі Белгідрамета працавалі пад дэвізам “Веды пра клімат, як аснова для дзейнасці па клімаце”, сёлета – “Спякотней, сушэй, вільготней. Заглядваючы ў будучыню”.

Галіна СУТУЛА

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

одиннадцать − 10 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/19/%d0%bc%d0%b5%d1%82%d1%8d%d0%b0%d1%80%d0%be%d0%bb%d0%b0%d0%b3%d1%96-%d0%bf%d0%b0%d0%b2%d0%b5%d0%b4%d0%b0%d0%bc%d0%bb%d1%8f%d1%8e%d1%86%d1%8c-%d0%b0-%d0%b7%d0%b0-%d0%b0%d0%ba%d0%bd%d0%be%d0%bc-%d1%82/