Чацвёрты па ліку “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім ужо стаў набыткам гісторыі

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Фестывальнае дзейства пакарыла ўсіх глыбачан і шматлікіх гасцей горада сваім адметным, непаўторным зместам, маштабам, шырынёй, размахам… На працягу мінулага тыдня ўсё Глыбокае жыло фестывалем. Яго жыхары, ад малога да дарослага, станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі фестывальных падзей.

Дзякуючы шчырым намаганням кіраўніцтва раёна, органам раённай улады, той вялікай арганізацыйнай рабоце, якая была праведзена напярэдадні, дзякуючы праяўленай ініцыятыве, энергіі нераўнадушных, творчых жыхароў горада і раёна, “Вішнёвы фестываль” з’яўляецца не толькі своеасаблівым брэндам нашага краю. Ён стаў унікальнай падзеяй у культурным і грамадскім жыцці вобласці і краіны. Яго па праву можна называць міжнародным. У пацвярджэнне гэтаму і шырокая вядомасць пра наш фестываль у многіх краінах, і вялікая колькасць замежных гасцей. Так, сёлета разам з ганаровымі гасцямі, прадстаўнікамі рэспубліканскіх і абласных органаў улады ў фестывальных мерапрыемствах прымалі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін, афіцыйныя дэлегацыі больш чым з 10 рэгіёнаў і гарадоў такіх краін, як Латвія, Літва, Расія, Грузія, Германія і Малдова, творчыя калектывы з Расіі, Грузіі, Латвіі і Літвы. Усяго – каля 300 замежных гасцей. Не злічыць было і турыстаў, якія наведалі ў гэтыя дні Глыбокае…

Яркімі, радаснымі, шматколернымі, спеўна-меладычнымі імгненнямі быў напоўнены кожны фестывальны дзень, кожная фестывальная падзея. А апагеем усёй вялікай святочнай дзеі стаў заключны фестывальны дзень. Ён быў асабліва багатым на цёплыя незабыўныя сустрэчы, эксклюзіўныя выставы, захапляючыя канцэртныя праграмы, на салодзячыя і слых, і зрок, і смак вішнёвыя ўражанні. Пра галоўную цэнтральную афіцыйную дзею “Вішнёвага фестывалю” з удзелам ганаровых гасцей і прадстаўнікоў шырокай грамадскасці і хочацца нагадаць нашым чытачам у гэтых нататках.

Пачатак усяму – прэс-канферэнцыя

Адкрываўся галоўны фестывальны дзень прэс-канферэнцыяй у вялікай зале пасяджэнняў Дома Саветаў, у якой прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Алег Морхат і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. Адкрыла канферэнцыю ўпраўляючы справамі райвыканкама Іна Пачопка. Напачатку Іна Анатольеўна прадставіла гасцей, прадстаўнікоў дэлегацый г. Тэлаві (Грузія), шэрагу рэгіёнаў Латвіі, Літвы, гасцей з Пермскага краю (Расія), нямецкіх сяброў, а таксама прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай галін улады суседніх раёнаў і гарадоў Віцебскай вобласці і, канешне ж, прадстаўнікоў раённых, абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Першым, афіцыйна-ўрачыстым момантам канферэнцыі стала падпісанне дакументаў аб дружбе і супрацоўніцтве. Так, дагавор аб супрацоўніцтве паміж Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам і адміністрацыяй Грамячынскага сельскага пасялення Осінскага раёна Пермскага краю падпісалі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат і глава Грамячынскага сельскага пасялення Віктар Жыгуноў. Пратакол намеру аб супрацоўніцтве паміж Глыбоцкім раённым Саветам дэпутатаў і Швянчонскім раённым самакіраваннем Літвы падпісалі старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч і мэр самакіравання Швянчонскага раёна Кліпчутас Рымантас.

Далей, у адпаведнасці з праграмай прэс-канферэнцыі, вёўся дыялог паміж арганізатарамі фестывалю і прадстаўнікамі СМІ. На пытанні журналістаў газет “Культура”, “Сельскай газеты”, абласной – “Витебские вести”, інтэрнэт-парталаў “Край.бай” і “Ледзі.бай” адказвалі старшыня райвыканкама Алег Морхат і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч.

Пішучую і здымаючую брацію цікавіла, як удаецца ўтрымліваць такую высокую планку правядзення брэндавага фестывалю, адкуль чэрпаюцца цікавыя творчыя ідэі, і як будзе далей развівацца “Вішнёвы фестываль”. На ўсе пытанні былі дадзены вычарпальныя адказы.

У прыватнасці, Алег Віктаравіч Морхат акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў прэсы на тое, што “Вішнёвы фестываль” адкрывае новыя таленты, ён аб’ядноўвае, дапамагае рэалізаваць многія творчыя ідэі. “Радуе, што на Цэнтральнай плошчы Глыбокага развіваюцца сцягі іншых дзяржаў. Вітаючы нашых дарагіх гасцей, нам хацелася б сябраваць, аб’яднацца з рэгіёнамі тых краін, дзе праводзіцца падобны фестываль”, — адзначыў кіраўнік раёна.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта “Весніка Глыбоччыны” аб узнікненні ідэі стварэння скульптурнай кампазіцыі “Сям’я”, Алег Віктаравіч нагадаў пра тое, колькі давялося народу Беларусі перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны, што падчас ліхалецця бяда напаткала кожную сям’ю. Вось чаму цяпер Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, Урад Беларусі прадпрымаюць усё для таго, каб мір, спакой і стабільнасць панавалі на нашай зямлі. А грамадства тады развіваецца паспяхова, калі кожная сям’я будзе ўзрастаць на прынцыпах любві і згоды.

Алег Віктаравіч зазначыў, што не на словах ведае, што значыць вялікая дружная сям’я, бо сам нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і.

Менавіта ад галоўнага – захавання, умацавання і памнажэння сямейных каштоўнасцей – і зыхо-дзіла ідэя стварэння такой скульптуры.

—Хочацца, каб гэтая кампазіцыя, устаноўленая на Цэнтральнай, самай шматлюднай плошчы горада, дзе недалёка знаходзіцца сквер маладажонаў, стала любімым месцам адпачынку, — сказаў Алег Віктаравіч. – Побач – лавачка, на якую можа прысесці любая сямейная пара, прысесці, абняцца, прымірыцца, калі ў чымсьці не ў згодзе, асэнсаваць свае ўчынкі і пакрочыць дружна далей па жыцці.

Адметнай старонкай канферэнцыі сталі прывітальна-віншавальныя выступленні гасцей фестывалю. Першым павіншаваў з фестывалем Алега Віктаравіча і Галіну Уладзіміраўну, а ў іх асобах усіх жыхароў Глыбоччыны, старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат” Юрый Гарулёў. Са словамі захаплення нашым фестывалем, найлепшых пажаданняў звярталіся намеснік старшыні РГА “Белая Русь” Сяргей Пігараў, кіруючыя работнікі суседніх Ушацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, горада Наваполацка, прадстаўнікі замежных дэлегацый: Утэна, Швянчоніса (Літва), Віляне, Рэзэкнэ, Ліваны, Прэйлі, Рыебіні (Латвія), г. Тэлаві (Грузія). Госці з сяла Грамячына, што ў Пермскім краі Осінскім раёне, правялі невялікую відэапрэзентацыю рэгіёна і запрасілі на свой “Вішнёвы фестываль”.

А завяршыў прэс-канферэнцыю ўрачысты цырыманіял гашэння паштовай маркі “Вішнёвага фестывалю”, які правяла начальнік Глыбоцкага РВПС Наталля Крупская. Ганаровую місію гашэння першай фестывальнай паштовай маркі выканала старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. Цікава, што ўсе пісьмы, паштоўкі ў гэты дзень адпраўляліся бясплатна і пад штэмпелем ”Вішнёвага фестывалю”. А гэта азначае, што весткі пра наш фестываль распаўсюдзяцца па ўсім свеце.

Сям’я – галоўная каштоўнасць

Ля скульптурнай кампазіцыі “Глыбоцкая вішня” плошчы яблыку недзе было ўпасці. Жыхары горада і госці спяшаліся на чацвёртую сустрэчу з Вішнёвай каралевай. А пакуль чакалі яе Вялікасць, прысутных вітаў казачны герой, няўрымслівы барон Мюнхгаўзен (П. Пеляёнак). І вось у прыгожай карэце пад’ехала сама Вішнёвая каралева (С. Дзякун) і ўзвышана мовіла словы:
—Рада вітаць вас на слаўнай глыбоцкай зямлі.
Каралева прадставіла высокіх гасцей свята: Старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанку, Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леаніда Анфімава, міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, кіруючых работнікаў аблвыканкама. Асаблівы вітальны жэст Вішнёвая каралева зрабіла ў бок маладой сям’і, шлюб якой быў заключаны падчас фестывалю мінулых гадоў. Гэта сям’я Людмілы і Аляксандра Белых са сваім маленькім сыночкам Ягоркам.

Затым адбылося святочнае шэсце на Цэнтральную плошчу горада, да месца, дзе ўстаноўлена новая скульптурная кампазіцыя “Сям’я”, створаная па ініцыятыве старшыні райвыканкама Алега Морхата. Звяртаючыся з прамовай да ўсіх глыбачан і гасцей горада, Алег Віктаравіч адзначыў:

—Важнейшай каштоўнасцю чалавецтва з’яўляецца сям’я. Яна – крыніца любві і павагі. Сям’я – гэта крэпасць, дзе нас акружаюць самыя блізкія і дарагія людзі, гэта той фундамент, на якім будуецца цывілізаванае грамадства.

Наша дзяржава праяўляе вялікі клопат, каб у сем’ях панаваў мір і спакой. З гэтай мэтай паспяхова рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы па падтрымцы сем’яў розных катэгорый. Мудрасць гаворыць: колас багаты зернем, ніва ўраджаем, а бацькоўскі дом багаты любоўю дзяцей. Галоўнае прызначэнне сям’і – прадаўжэнне роду, выхаванне дзетак. Таму з пачуццём радаснага хвалявання мы адкрываем у вішнёвай сталіцы скульптуру “Сям’я” як знак глыбокай павагі да ўсіх выдатных глыбоцкіх сем’яў.

Ад раённай улады і ад сябе асабіста Алег Морхат падзякаваў глыбачанам за падтрымку ў рэалізацыі ідэі, а скульптару Івану Казаку — за яе творчае ўвасабленне.

—Кожны з нас шчаслівы, калі шчаслівы дома, у сям’і, — падкрэсліў у сваёй прамове Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. – Вы ўсе сведкі таго, якую вялікую ўвагу ўмацаванню статуса сям’і, вырашэнню дэмаграфічных праблем надае Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І сённяшні фестываль – гэта таксама свята для кожнай сям’і.

Карысным павучальным зместам былі прасякнуты прамовы благачыннага цэркваў Глыбоцкай акругі, протаіерэя Міхаіла Ізаіткі і ксяндза вікарыя касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім Івана Кароткіна.

Гарачымі апладысментамі віталі ўдзельнікі ўрачыстасці аўтара гэтай скульптуры, члена Беларускага саюза мастакоў, віцябчаніна Івана Казака (ён жа – аўтар скульптурнай кампазіцыі «Глыбоцкая вішня»). Старшыня райвыканкама Алег Морхат горача падзякаваў за працу выдатнаму стваральніку жанравых скульптур, а таксама Ігару Шостаку, заснавальніку прадпрыемства “Віткампазіт”, дзе была адліта скульптура, і ўручыў Івану Казаку Падзяку Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.

На цырымоніі адкрыцця скульптуры “Сям’я” ўшаноўваліся глыбачане Марыя Адольфаўна і Мікалай Аляксандравіч Цяліцы, якія сёлета адзначылі залатое вяселле. А затым пад дробат барабанаў (упрыгожаннем свята быў узорны ансамбль барабаншчыц “Віват”) старшыня райвыканкама Алег Морхат і скульптар Іван Казак перарэзалі сімвалічную стужку… Яшчэ адна цудоўная скульптурная кампазіцыя ўпрыгожыла наш слаўны горад Глыбокае. Упэўнены, месца ля гэтай скульптуры стане самым любімым для кожнай сям’і.

Урачыстасць прадоўжылася на летняй сцэне Цэнтральнай плошчы горада. Сардэчна вітаў усіх удзельнікаў “Вішнёвага фестывалю” старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Шмат добрых цёплых слоў прагучала і з вуснаў Кіраўніка парламента краіны. Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, прадаўжаючы галоўную сюжэтную лінію сёлетняга фестывалю – ушанаванне сям’і – перадаў падарунак для мнагадзетных сем’яў, сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, Сертыфікат на набыццё ад фірмы “Марка” 70 пар абутку. Сардэчна віталі ўдзельнікаў “Вішнёвага фестывалю” міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін…

Падзеі заключнага дня “Вішнёвага фестывалю” захаплялі, заварожвалі, дарылі непаўторныя пачуцці, эмоцыі, уражанні… Квітней, наш фестываль!

 

Анатоль Зінкевіч

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

14 + тринадцать =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/14/%d1%87%d0%b0%d1%86%d0%b2%d1%91%d1%80%d1%82%d1%8b-%d0%bf%d0%b0-%d0%bb%d1%96%d0%ba%d1%83-%d0%b2%d1%96%d1%88%d0%bd%d1%91%d0%b2%d1%8b-%d1%84%d0%b5%d1%81%d1%82%d1%8b%d0%b2%d0%b0%d0%bb%d1%8c/