Сацыяльны стандарт: тавары з дастаўкай у вёску

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У сістэме Глыбоцкага райспажыўтаварыства працуюць 10 аўтамагазінаў, якія абслугоўваюць больш за 200 сельскіх пунктаў, дзе жывуць каля 5 тысяч чалавек, у асноўным пенсійнага ўзросту. у адпаведнасці з распрацаваным графікам, адзін аўтамагазін абслугоўвае за дзень 10-15 вёсак і прыязджае туды па 2-3 разы на тыдзень.

Звычайна для гараджан не існуе праблемы, дзе купіць прадукты і неабходныя тавары: у Глыбокім працуюць дзяржаўныя, камерцыйныя і магазіны фірменнага гандлю, дзе ёсць што хочаш, колькі хочаш, на любы густ і кашалёк. Жыхары сельскай мясцовасці такога выбару не маюць. Гандляры-прыватнікі ў аддаленыя вёскі не едуць, бо на прыбытак не разлічваюць. Пра жыхароў глыбінкі клапоціцца дзяржава: калі ў вёсцы няма свайго магазіна, туды прыязджае аўталаўка. Яе не пужаюць ні далёкія кіламетры, ні тое, што ў вёсцы пражываюць лічаныя людзі, ні тое, што паездкі гэтыя бываюць фінансава стратнымі. “Кожны чалавек, нягледзячы на месца жыхарства, мае права на своечасовае і якаснае абслугоўванне” – гэта адзін з галоўных і нязменных прынцыпаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, які пакладзены ў аснову дзейнасці раённага спажывецкага таварыства.

—Акрамя стацыянарных магазінаў сёння ў сістэме Глыбоцкага райспажыўтаварыства (РайСТ) працуюць 10 аўтамагазінаў, якія абслугоўваюць больш за 200 маланаселеных сельскіх пунктаў, дзе жывуць каля пяці тысяч чалавек, у асноўным пенсійнага ўзросту. У адпаведнасці з распрацаваным графікам, адзін аўтамагазін абслугоўвае за дзень 10-15 вёсак, прыязджае туды па 2-3 разы на тыдзень, знаходзіцца там, у залежнасці ад колькасці пражываючых, на працягу гадзіны, — гаворыць намеснік старшыні праўлення РайСТ Любоў Чарапкоўская. – Каб прадукты не псаваліся і якасць абслугоўвання не зніжалася, у аўталаўках устаноўлена халадзільнае абсталяванне, ёсць электронныя вагі, касавыя апараты, а ў некаторых – нават плацёжныя тэрміналы для безнаяўнага разліку.

Каб паглядзець, як працуе аўтамагазін на выездзе, у адзін з дзён мы накіраваліся па яго маршруце ў вёску Запруддзе. У адрозненне ад населеных пунктаў, якія можна прайсці з канца ў канец за пяць хвілін і не сустрэць ніводнага чалавека, Запруддзе – вёска вялікая і даволі людная. Як толькі аўтамагазін спыніўся ля школы, да яго пачалі падцягвацца пакупнікі: хто пешшу, хто на веласіпедзе, хто на матацыкле ці аўтамабілі. Вяскоўцы з радасцю віталіся з прадаўшчыцай і было бачна, што яны яе чакаюць і паважаюць. Прадаўшчыца хуценька адчыніла вітрыну і пачала рэкламаваць прывезены тавар.

—У асартыменце аўталавак больш за 150 найменняў харчовых і прамысловых тавараў. У абавязковым парадку ёсць сацыяльна-значымыя тавары — малако, тварог, крупы, гародніна, хлеба-булачная і мясная прадукцыя, рыба, паўфабрыкаты, напіткі і сокі, усялякія прысмакі: пернікі, пячэнне, цукеркі. Перад святамі прывозім смачныя булкі, пірагі, торты, іншую застольную прадукцыю. З прамысловых тавараў паўсядзённага ўжытку, якія патрэбны гаспадыням, у наяўнасці пральныя парашкі, мыла, розныя сродкі ачысткі, ручнікі, пасцельнае… А чаго не хапае, можна заказаць і аўтамагазін абавязкова прывязе гэта ў наступны раз. Акрамя таго, у аўталаўцы можна зрабіць заказ на пакупку буйнагабарытных тавараў – тэлевізараў, халадзільнікаў, пральных машын, газавых пліт, мэблі, дываноў, будаўнічых матэрыялаў. Праз нейкі час ужо другая машына прывязе заказаныя рэчы без усялякай дадатковай платы, — дапаўняе Любоў Леанідаўна. – І калі дадаць, што многія з названых тавараў у пяць апошніх дзён кожнага месяца магазіны райспажыўтаварыства прадаюць з растэрміноўкай, без працэнтаў і першапачатковага ўзносу, то варта задумацца і, можа, замяніць рэчы, што надакучылі за жыццё і адслужылі свой бытавы тэрмін.

Пагутарылі мы ў той дзень і з пакупнікамі.

Вольга Велічковіч: “Што б не заказаў нашай Мікалаеўне – усё прывязе, пра кожнага паклапоціцца, спытае, нагадае, каб не забыліся што патрэбнае купіць. Ветлівая, гаваркая, нам яна да душы”.

Марыя Дулінец: “У нашай аўталаўцы ёсць усё. Лета прыйдзе, варэнне, кампоты трэба варыць – ёсць цукар, крышкі для закрутак. Тры разы на тыдзень прадукты возяць, усё свежае, смачнае. Няма чаго бедаваць – былі б грошы”.

Уладзімір Сіманковіч: “Мікалаеўна – сама гаспадыня добрая, яна разумее, што калі пільней трэба, тое і возіць: і для дзён будніх, і для святочных, і на стол пакласці, і ў чарачку наліць, калі нагода. Добрая прадаўшчыца, слоў няма.”

—У нас ёсць аўтамагазіны, дзе вадзіцель працуе і прадаўцом. На гэтым маршруце каманда ў складзе вадзіцеля Алега Вышадкевіча і прадаўца Галіны Дудковай. Галіна Мікалаеўна ў сістэме райспажыўтаварыства працуе 37 гадоў. Яна вопытная спрактываная жанчына, выдатна ўмее абыходзіцца з людзьмі, да кожнага падыход знойдзе, кожнаму патрэбнае слова скажа, усміхнецца. Яна – паважаны чалавек у калектыве і сярод пакупнікоў. Заробак прадаўца залежыць ад здадзенай выручкі, таму, як пастараешся – столькі і атрымаеш. У нас лепшыя аўтамагазіны ў летнія перыяды ў сярэднім за месяц здаюць па 200 мільёнаў рублёў. Галіна Мікалаеўна – прыклад таго, як трэба адносіцца да сваёй справы, — дадала Любоў Леанідаўна.

 

Галіна Сутула

смотреть День патриота трейлер на русском языке

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

десять + 20 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/14/%d1%81%d0%b0%d1%86%d1%8b%d1%8f%d0%bb%d1%8c%d0%bd%d1%8b-%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bd%d0%b4%d0%b0%d1%80%d1%82-%d1%82%d0%b0%d0%b2%d0%b0%d1%80%d1%8b-%d0%b7-%d0%b4%d0%b0%d1%81%d1%82%d0%b0%d1%9e%d0%ba%d0%b0/