На прыканцы мінулага тыдня на Глыбоччыне праходзіла выяздное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Тэма яго – “Аб рабоце, праводзімай у Віцебскай вобласці па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Невыпадкова наш раён быў выбраны месцам яго правядзення – менавіта гэта і падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, адкрываючы пленарную частку пасяджэння ў Глыбокім.

Уладзімір Уладзіміравіч, у прыватнасці, адзначыў, што Глыбоччына з’яўляецца тым унікальным рэгіёнам Віцебскай вобласці, дзе праводзіцца досыць маштабная і шматвектарная работа па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дзякуючы зладжаным, граматным дзеянням кіраўніцтва раёна, спецыялістаў адпаведных службаў, суб’ектаў гаспадарання, дэпутацкага корпуса, грамадскага актыву і духавенства тут зроблена вельмі і вельмі многа. У рабоце пасяджэння прымалі ўдзел старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Віктаравіч Морхат, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Уладзіміраўна Унуковіч, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Хрыстафораў.

Праграма выязнога пасяджэння была змястоўнай, насычанай і надзвычай карыснай у плане ўзбагачэння неабходнымі ведамі, атрымання неацэннага вопыту, выпрацаванага на Глыбоччыне. І адным з адрасатаў, куды адразу накіраваліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння, стаў аграгарадок Празарокі – радзіма пачынальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага, 155-гадовы юбілей з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Мясцовасць сапраўды ўнікальная і па сваёй гістарычнай састаўляючай, і па змесце ўсяго, што зроблена тут на ніве адраджэння, зберажэння і папаўнення гістарычнай спадчыны.

Празарокі не проста звычайны населены пункт. Сёння з поўным правам мы можам гаварыць аб стварэнні ў гэтай мясцовасці ўнікальнага гісторыка-культурнага асяродку. І створаны ён пры непасрэднай падтрымцы раённай улады, намаганнямі людзей творчых, неардынарных, з неўтаймаванай энергіяй, шчырых, апантаных патрыётаў свайго роднага краю. Гаворачы пра такіх, у першую чаргу маю на ўвазе дырэктара мясцовай школы, дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Падсвільскай выбарчай акрузе №8 Вольгу Дзмітрыеўну Гінько, старшыню Празароцкага сельскага Савета дэпутатаў Інэсу Іванаўну Міхайлоўскую. Менавіта яны ініцыятары ўсіх добрых спраў, скіраваных на праслаўленне Празароччыны, папулярызацыю яе гісторыка-культурнай спадчыны.

Празарачане, а разам з імі і артысты народнага тэатра фальклору “Цярэшка”, сустракалі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў на шырокім пляцы перад касцёлам і сельскім Домам культуры. Кветкі, прывітальныя песні, каравай – усё для дарагіх гасцей! Не без гонару за сваю родную Празароччыну старшыня сельскага Савета дэпутатаў Інеса Міхайлоўская паведала пра слаўную гісторыю краю, пра знакамітых людзей краю і тую спадчыну, якую вельмі шануюць тутэйшыя жыхары. Сярод аб’ектаў, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, размешчаных на тэрыторыі Празароцкага сельсавета: касцёл Унебаўзятай Найсвяцейшай Дзевы Марыі, царква Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Празароках, царква Святой Параскевы Пятніцы ў Чарневічах, надмагільны помнік І. Ц. Буйніцкаму, курганны могільнік ранняга Сярэднявечча.

Інеса Міхайлоўская расказала таксама пра выпрацаваную ў Глыбоцкім раёне сістэму работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў шляхам правядзення выязных пасяджэнняў райвыканкама, святаў вёсак. Пры падрыхтоўцы гэтых мерапрыемстваў калектывы прадпрыемстваў і арганізацый горада выконваюць даручэнні старшыні райвыканкама Алега Віктаравіча Морхата і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Уладзіміраўны Унуковіч, дапамагаюць мясцовым жыхарам у добраўпарадкаванні вуліц і сядзіб. Узгадала выступоўца і пра тое, як дзякуючы намаганням раённай, абласной улад і дапамозе нашага дэпутата, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі быў адкрыты летась сучасны будынак сельскага Дома культуры ў Чарневічах. І гэта не проста факт, сёння ва ўстанове культуры дзейнічаюць творчыя аб’яднанні таленавітых людзей, якія клапоцяцца аб зберажэнні культурнай спадчыны.

Затым удзельнікі пасяджэння пабывалі ў касцёле Унебаўзятай Найсвяцейшай Дзевы Марыі і ў царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла, пакланіліся памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і памяці заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага, усклалі да помнікаў кветкі.

Асобным аб’ектам наведвання стала дзяржаўная ўстанова адукацыі “Празароцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа”, калектыў якой узначальвае выдатны педагог, арганізатар, апантаны краязнаўца і творца, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Вольга Гінько. Час, праведзены ў школе, па прызнанні многіх удзельнікаў выязнога пасяджэння ўзбагаціў не столькі пазнаннем новага і цікавага па гісторыі краю, колькі ўмацаваў, памножыў духоўныя сілы, падарыў шмат цеплыні і радасці. Вольга Дзмітрыеўна са сваімі калегамі-настаўнікамі і вучнямі літаральна пакарыла ўсіх сваёй шчырасцю, шчодрасцю, няўрымслівасцю, сваёй бязмежнай любоўю да роднага краю, да высакароднай справы па захаванні і памнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Перад гасцямі сапраўды адкрылася школа духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Пра стройную сістэму работы па гэтым накірунку расказвалі ўсе: ад дырэктара да першакласніка.

Ступіўшы на “палавічок пажаданняў” госці апынуліся ў асяродку душэўнай цеплыні, пяшчоты і павагі, у асяродку, дзе свята зберагаюць традыцыі. У гасцёўні “У дзядзькі Ігната” прэзентаваліся стравы нацыянальнай кухні. Падчас экскурсіі па школе госці пачулі энцыклапедычны расказ пра летапісную гісторыю школы і Празароччыны, пра сённяшнюю бурную дзейнасць школьных дзіцячых грамадскіх фарміраванняў, клубаў, гурткоў. І, канешне ж, важнейшым аб’ектам у прэзентацыі стаў школьны музей І. Ц. Буйніцкага. Пра шматграннае школьнае жыццё расказвалі ўсе: і вучні, і настаўнікі. Пакарыла шчырым прызнаннем (прачытала сваё эсэ) у любві да сваёй школьнай сям’і Вольга Дзмітрыеўна. Па традыцыі з гасцямі развітваліся ў садку адчуванняў і пахаў. І сапраўды, кожны з удзельнікаў пасяджэння адчуў сэрцам, насамрэч пераканаўся, як на Глыбоччыне, у Празароках, клапоцяцца, дбаюць пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны, як выхоўваюць у дзяцей сваіх любоў да гісторыі сваёй Радзімы.

Пленарнае пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў праходзіла ў Глыбокім, у актавай зале СШ №1 імя П. В. Сухога. Адкрыў яго старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. З дакладам па вынесенай на абмеркаванне тэме выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на самых актуальных пытаннях рэалізацыі Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, у прыватнасці, на правядзенні ахоўных мерапрыемстваў, размяшчэнні ахоўных дошак на помніках, складанні пашпартоў, стварэнні ахоўных зон для аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, правядзенні рэстаўрацыйна-ўзнаўляльных работ і інш.

У сваім садакладзе старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч падрабязным чынам раскрыла сістэму работы ў раёне па зберажэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Ахарактарызаваўшы ў агульным плане аб’екты, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, Галіна Уладзіміраўна расказала пра тое, што зроблена і робіцца на Глыбоччыне па даследаванні і захаванні гістарычнай спадчыны, аб рабоце раённага каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, аказанні практычнай дапамогі суб’ектам гаспадарання, якія з’яўляюцца ўласнікамі гістарычных каштоўнасцей, агучыла шэраг праблем і шляхі іх вырашэння на перспектыву, асобна спынілася на папулярызацыі гістарычнай і культурнай спадчыны праз арганізацыю экскурсій, правядзенне акцый і рэалізацыю цікавых праектаў. У пацвярджэнне сказанаму стала выступленне ўдзельнікаў тэатра моды “Аліса” цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна з дэманстрацыяй дзвюх калекцый адзення: “Жамчужыны Глыбоцкага краю” – з малюнкамі самых вядомых мясцін раёна і “Родныя вобразы” – па матывах творчасці Язэпа Драздовіча.

Аб папулярызацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны праз удзел у міжнародных праграмах і праектах у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва еўрарэгіёна “Азёрны край” паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Выступленне старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз мастакоў” Святланы Баранкоўскай было прысвечана дзейнасці мастакоў Віцебшчыны па захаванні культурнай спадчыны.

У Глыбокім удзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў пабывалі ў саборы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы і ў касцёле Святой Тройцы, агледзелі будынкі, узведзеныя ў канцы ХІХ пачатку ХХ стагоддзяў, наведалі выставу мастака Ф. Ястраба, размешчаную ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. А завяршылася выязное пасяджэнне знаёмствам з сістэмай работы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Пліскім сельсавеце. Прадстаўнікі дэпутацкага актыву вобласці наведалі таксама новы санаторна-курортны комплекс “Пліса”.  Уведзены нядаўна ў эксплуатацыю сучаснейшы аб’ект — яскравы прыклад таму, як праз рэалізацыю інвестыцыйнага праекта паспяхова папулярызуецца наша гістарычная спадчына.

 

Анатоль Зінкевіч   

Новинку 2016 года фильм Механик: Воскрешение скачать торрент 720 HD получилось на сайте Torrent-v-HD.net

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

1 × четыре =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/14/%d0%bd%d0%b0-%d0%bf%d1%80%d1%8b%d0%ba%d0%b0%d0%bd%d1%86%d1%8b-%d0%bc%d1%96%d0%bd%d1%83%d0%bb%d0%b0%d0%b3%d0%b0-%d1%82%d1%8b%d0%b4%d0%bd%d1%8f-%d0%bd%d0%b0-%d0%b3%d0%bb%d1%8b%d0%b1%d0%be%d1%87%d1%87/