Вясёлы вечар у Глыбокім

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Дождж у той фестывальны вечар разышоўся не на жарт. “У природы нет плохой погоды…» – падумалі арганізатары конкурсу “Вішнёвыя парачкі” – і перанеслі яго з галоўнай гарадской сцэны ў цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Самы час згадаць матэматычнае правіла: ад перамены месц складаемых сума не мяняецца. І перафразаваць: ад перамены месц гледачоў – настрой паляпшаецца.

Канкурсанты – дзве прыгожыя вішнёвыя парачкі самі атрымлівалі асалоду ад выступлення і шчодра дзяліліся эмоцыямі з прысутнымі. Гледачы і не заўважылі, як трапілі ў палон сімпатый – за каго “балець”: за рамантыкаў Івана Мяжэніна і Ірыну Заяц ці за весялуноў Уладзіслава Семянкова і Анастасію Бервячонак… Тое ж адчувала і журы. Дарэчы, таксама “вішнёвае”: начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Таццяна Баранава, якая больш за дзясятак вішнёвых пар зарэгістравала, «Міс Вішнёвага фестывалю» Таццяна Стахоўская, «Містар Вішнёвага фестывалю» Канстанцін Кміта, пераможцы конкурсу «Вішнёвая сям’я» Наталля і Аляксандр Карніловічы.

Канкурсанты аказаліся надзіў артыстычнымі. Доказам таму сталі творчыя мініяцюры, у якіх трэба было расказаць пра сваё рамантычнае знаёмства (без вішанек не абышлося) і паказаць імправізацыю ідэальнага знаёмства ў прапанаванай вядучымі Анастасіяй Станкевіч і Ігарам Скуратам сітуацыі. Як бы вы пазнаёміліся ў такім месцы, напрыклад, высока ў гарах ці ў кабінеце стаматолага? Паспрабуйце пафантазіраваць, толькі не забудзьце пра рамантыку.
Даспадобы прыйшоўся ўсім і “Інтэлект-батл” сваімі займальнымі пытаннямі. У дзяўчат, напрыклад, вядучыя цікавіліся “Браты Бурэ ігралі ў футбол ці ў хакей? Што агульнага паміж дрэвам і вінтоўкай”, у юнакоў – “ Ці кладуць дрожджы ў пясочнае цеста? Для чаго жанчыне можа спатрэбіцца ацэтон?” Гледачы таксама актыўна адказвалі, пэўна, правяралі сябе, хаця ўдзельнікі конкурсу цудоўна спраўляліся і самі.

Крэатыўна падышлі канкурсанты да дамашняга задання. Арганізатары прапанавалі падрыхтаваць дыялог рамантычных герояў з класічных твораў ці кінафільмаў. Вядомыя вершы-песні “Я могу тебя очень ждать” Э. Асадава і “Я тебя никогда не забуду” В. Вазнясенскага глыбоцкія пары пераўтварылі ў міні-спектаклі.

Апошні конкурс, танцавальны, аказаўся вызначальным для канкурсантаў і журы. Якая неўтаймаваная энергія, экспрэсія, фантазія і вынослівасць у вішнёвых парачак! Удзельнікі расійскіх “Танцаў з зоркамі” могуць толькі пазайздросціць. Ламбада, макарэна, танец маленькіх качанят, вальс, рок-н-рол, танга, цыганачка…– Іван з Ірынай і Улад з Анастасіяй іх станцавалі з запалам і куражом, нават лісты паперы, якія напачатку трэба было трымаць, не перашкодзілі.

– У любых конкурсах удзельнічаю з задавальненнем, але ўдваіх са сваім маладым чалавекам упершыню. Сёння ўсё спадабалася: і заданні, і гледачы, – прызналася ўсмешлівая прыгажуня Ірына. Яе разам з Іванам, будучым афіцэрам, журы назвала “Самай рамантычнай парай”. Стапрацэнтнае пападанне.
Эмоцыі перапаўнялі Улада, якому ў Глыбокім даспадобы прыйшлося ўсё: і фестывальныя дні, і сённяшнія арыгінальныя конкурсы, да якіх рыхтаваліся разам з Насцяй, канешне, новае сумеснае званне “Вішнёвая парачка”.

– Я сам з Віцебска, і хачу сказаць, што “Славянскі базар”, на якім заўсёды бываю, не можа зраўняцца па атмасферы весялосці, дабрыні і цяпла з “Вішнёвым фестывалем”. У вашым горадзе так цудоўна! – з захапленнем гаварыў юнак.

Гледачам не хацелася расставацца з маладымі сімпатычнымі парамі, адно супакойвала, можа, яны прыслухаюцца да празрыстай рэкламы вішнёвага вяселля, якая прагучала з вуснаў начальніка ЗАГСа.

 

Алена Хайноўская

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

девять + четыре =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/14/%d0%b2%d1%8f%d1%81%d1%91%d0%bb%d1%8b-%d0%b2%d0%b5%d1%87%d0%b0%d1%80-%d1%83-%d0%b3%d0%bb%d1%8b%d0%b1%d0%be%d0%ba%d1%96%d0%bc/