«Вянок сяброўства» сплецены на Глыбоччыне

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

З назвай канцэртнай праграмы арганізатары “Вішнёвага фестывалю” не прагадалі. Падчас выступлення замежных калектываў Цэнтральная плошча Глыбокага нагадвала квяцістую палітру, колеры якой штохвіліну перамешваліся ці наогул мяняліся. Хто з іх латышы ці літоўцы, рускія ці беларусы – не здагадацца. Многіх, канешне, выдавалі касцюмы.

Мерапрыемства сабрала шмат гледачоў, і сярод іх – ужо гарачых прыхільнікаў замежных гасцей вішнёвай сталіцы. Справа ў тым, што напярэдадні некаторыя калектывы ўжо пакарылі сэрцы глыбачан на этна-вечарынцы “У вішнёвым садзе”, а таксама падчас святочнай праграмы “Віват, фестываль!”.

Перадаць усе эмоцыі, якія ахапілі прысутных ад убачанага і пачутага, немагчыма. І, напэўна, не трэба: лепш адзін раз убачыць. Гэта празрысты намёк чытачам – у наступным годзе падобнае мерапрыемства ўключыце ў спіс абавязковага наведвання. Магчыма, зноў да нас прыедуць юныя віртуозы-лыжкары з пасёлка Калінава Няўянскага раёна Свярдлоўскай вобласці, неаднаразовыя лаўрэаты расійскіх і міжнародных фестываляў-конкурсаў.

– Нам вельмі спадабалася ў Глыбокім, – прызналіся самыя маленькія ўдзельнікі калектыву дзіцячай інструментальнай творчасці “Майстры”, якія толькі два гады таму ўвайшлі ў яго склад і ўжо гастралююць.

– Не супраць пабываць яшчэ раз на “Вішнёвым фестывалі”?

– Калі запросяць, то з радасцю, – да размовы далучылася Эльвіра Ржаннікава, дырэктар Дома культуры пасёлка Калінава, пры якім калектыў працуе. – У Аляксандра Ушатава, кіраўніка лыжкароў, нашага наватара, ужо ёсць шмат цікавых ідэй: і найперш уключыць у рэпертуар, у дадатак да эстрадных мелодый і рускіх, татарскіх народных песняў, беларускую музыку.

– А павялічыць колькасць інструментаў плануеце? – не магла не задаць пытанне, паглядзеўшы нумар, дзе звінелі на розныя лады пілы, пральныя дошкі, грымелі каструлі.

Госця з Расіі заўсміхалася:

– Думаем дадаць яшчэ чыгункі, лапаты. Засталося толькі іх сабраць. Можа, заадно і яшчэ што цікавае знойдзем.

Заінтрыгавалі расіяне.

А грузіны ўразілі, заваражылі экспрэсіўнымі танцамі! Неаднойчы чула такое выказванне: каб танцаваць грузінскія танцы, трэба нарадзіцца грузінам. І сапраўды, такога глыбоцкая публіка яшчэ не бачыла. Сцэна, здавалася, і ўсё навокал яе накалілася ад той экспрэсіі, эмоцый танцораў з сонечнай Грузіі: артыстаў з заслужанага ансамбля песні і танца “Марыі” пад кіраўніцтвам Лэлы Гвенцадзэ і дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Тэлаві” (кіраўнік Георгій Кевхішвілі, харэограф Ніно Бахбахашвілі). Яны паказвалі не толькі сваё танцавальнае майстэрства з адточанымі рухамі на мяжы фантастыкі, але і цікава расказвалі ў танцах пра нацыянальныя традыцыі.

Відовішча – не адарваць вачэй, так-так, і ад надзвычайнай пластыкі танцораў, і ад каларытных грузінскіх касцюмаў.

Глыбачане і госці фестывалю пасля ўражлівых выступленняў грузінаў, і дарослых, і юных, не стрымлівалі пачуццяў: стоячы горача апладзіравалі героям сцэны. Воклічы “брава”, “біс” адрасаваліся і абаяльнай прыгажуні за яе неверагодную грацыёзнасць і велічнасць у танцах, і ваяўнічым, мужным мужчынам і юнакам за іх смелыя піруэты, высокія скачкі, якія нагадвалі хутчэй складаныя акрабатычныя трукі.

Канцэрт працягваўся выступленнем іншых замежных калектываў, а да грузінскіх юнакоў спяшаліся глыбоцкія прыхільніцы іх талента. І з кожнай хвілінай групка новых сяброў ля фестывальнай сцэны расла: знаёмствы, усмешкі, фота на памяць… Што ж, кветачка за кветачкай уплятаецца ў “Вянок сяброўства”.

Пасля грузінскіх гарачых танцаў, напэўна, было складана астатнім удзельнікам канцэртнай праграмы здзіўляць прысутных. Але..

Вакальны ансамбль “Гармонія” з латвійскага Рэзэкнэ – сёлетні пятнаццацігадовы юбіляр – заспяваў народныя песні і на рускай, і на беларускай мовах. Пад іх песні яшчэ адна ўдзельніца калектыву іграла жартоўныя мініяцюры. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, латышка і з грузінам “пасябравала” і ўдала станцавала пад песню “Вішня белая”, якую ансамбль падрыхтаваў якраз да глыбоцкага фестывалю.

З “вішнёвай” песняй выступіла і славянская культурная суполка “Узоры” з Ліванскага краю (Латвія) – “Ой, да осыпается вишнёвый сад”. І хаця ў яе складзе ў асноўным беларусы з рускімі – спяваюць яны на латышскай, украінскай, польскай, літоўскай мовах. А якая шматнацыянальная “Кадрыль” у гэтага калектыву атрымалася: на танец удзельнікі “Узораў” запрасілі беларусаў і расіян, латышоў і грузінаў…Яшчэ адна кветачка ўплеценая ў “Вянок сяброўства”.

Вакальны фальклорны ансамбль «Купалінка» з Даўгаўпілса (Латвія) пад кіраўніцтвам Вячаслава Пятрова здзіўляў выкананнем беларускіх песень і жадаў, спяваючы, удзельнікам фестывалю “Няхай вас не пакіне Бог!”, танцаваў пад “Рэчаньку”, захапляў беларускай полькай… І думкі нават не ўзнікала, што на сцэне артысты з замежнай краіны.

Вясёлымі рытмамі пачалі сваё выступленне музыканты народнай капэлы “Бумбурнэйгус” (“BUMBURNEICYS», Віляны, Латвія). Чатыры жанчыны з акардэонам, скрыпкай, барабанам і цытрай (дзіўным інструментам з дзівосным гучаннем) мілагучнай латгальскай музыкай і спевамі запаланілі сэрцы гледачоў на Цэнтральнай плошчы. А танцавальны калектыў Вілянскага Дома культуры ўнёс яшчэ больш нацыянальнага каларыту самабытнымі танцамі Латгаліі.

Апошнюю квецень у “вяночак” уплялі салісткі жаночага вакальнага ансамбля з Пабрадскага цэнтра культуры з Літвы. Яны гарманічна выглядалі на глыбоцкай фестывальнай сцэне ў сукенках вішнёвага колеру, і галасы іх былі такімі сакавітымі… А “Песенку про хорошее настроение” разам з літоўскімі спявачкамі выконвалі, здаецца, усе гледачы, якіх ледзь змяшчала плошча.

– Як цудоўна, калі мы разам і нас усіх аб’яднаў “Вішнёвы фестываль”! – звярнуўся да ўдзельнікаў канцэртнай праграмы старшыня райвыканкама Алег Морхат. Разам са словамі ўдзячнасці Алег Віктаравіч дарыў гасцям вішнёвыя падарункі.

– Нядаўна наш родны горад Ліваны адзначыў 900-годдзе. Мы бачым столькі шчаслівых усмешак і ў вас – гэта значыць, што людзі разумеюць адзін аднаго і будучыня будзе цудоўнай, – адзначыла кіраўнік “Узораў” Лідзія Знотыня.

Ларыса Ісачэнка, кіраўнік літоўскага жаночага вакальнага ансамбля адзначыла:

– Мы вельмі рады, што нас запрасілі на “Вішнёвы фестываль”, дзе мы пазнаёміліся з добрымі людзьмі, утульным вашым гарадком, цудоўнымі гледачамі, якія дарылі шмат апладысментаў. Спадзяёмся, што мы яшчэ сустрэнемся.

– І мы яшчэ спяём, – абнадзеіў усіх прысутных Алег Віктаравіч.

…І не адзін “Вянок сяброўства” спляцём!

 

Алена Хайноўская   

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

13 + 7 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в:
http://vg-gazeta.by/2016/09/14/%d0%b2%d1%8f%d0%bd%d0%be%d0%ba-%d1%81%d1%8f%d0%b1%d1%80%d0%be%d1%9e%d1%81%d1%82%d0%b2%d0%b0-%d1%81%d0%bf%d0%bb%d0%b5%d1%86%d0%b5%d0%bd%d1%8b-%d0%bd%d0%b0-%d0%b3%d0%bb%d1%8b%d0%b1%d0%be/