Аўта-шоу «Маладосць, спорт, сяброўства!» праходзіла на аўтадроме ДТСААФ г. Глыбокага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У рамках Дня моладзі на “Вішнёвым фестывалі” маладых аўталюбіцеляў у каторы раз запрасілі пазмагацца за званне лепшага вадзіцеля. Аўта-шоу “Маладосць, спорт, сяброўства!”, якое праходзіла на аўтадроме ДТСААФ, і на гэты раз сабрала нямала ўдзельнікаў і балельшчыкаў.

Арганізатары мерапрыемства – райкам ГА “БРСМ”, РАС ДТСААФ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі Глыбоцкага РАУС – штогод прапануюць удзельнікам конкурсу яшчэ раз вытрымаць экзамен, які кожны курсант аўташколы здае для атрымання вадзіцельскага пасведчання. Гэта значыць – сесці за руль вучэбнага аўтамабіля, дакладна і хутка праехаць усе элементы на пляцоўцы, а таксама здаць тэсціраванне па правілах дарожнага руху.

—Аўта-шоу ладзіцца ў Глыбокім шосты год запар, — расказала першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Эла Ждановіч. – Выпрабаванні застаюцца з года ў год нязменнымі, але кожны раз мы стараемся прыўнесці ў тэарэтычны і практычны конкурсы штосьці новае. Сёлета, напрыклад, падрыхтавалі для ўдзельнікаў сюрпрыз – трэці конкурс з удзелам рэгуліроўшчыка. Нам падалося, што такое выпрабаванне будзе і цікавым, і складаным. На самой справе – з ім выдатна справіліся ўсе канкурсанты.

Найбольш складаным для вадзіцеляў быў экзамен па ПДР. Ці то яны занадта хваляваліся, ці то былі не вельмі ўважлівымі, але без памылак тэсты не ўдалося здаць ні аднаму з дванаццаці ўдзельніку аўта-шоу. Затое на аўтадроме многія паказалі выдатныя навыкі кіравання аўтамабілем. Без памылак справіліся з усімі заданнямі – эстакада, змейка, гараж, дыяганальная паркоўка, дворык, рух па кругу– Яўген Казакевіч (РАНС), Яўгенія Тарнацкая (ЖКГ), Мікалай Ткачонак (Глыбоцкая ЦРБ), Вераніка Таркунова і Сяргей Парфёнаў (РВПС). Некаторых падвяла дыяганальная паркоўка, хтосьці не змог заехаць заднім ходам у гараж. За правільнасцю выканання ўсіх элементаў сачыла кампетэнтнае журы – старшыня РАС ДТСААФ Максім Алексін, майстар вытворчага навучання той жа структуры Сяргей Вайцяховіч і інспектар ДПС Глыбоцкага РАУС Юрый Янкін.

Пераможцаў вызначылі па найменшай колькасці штрафных ачкоў і хуткасці выканання практычнага задання. Усе ўдзельнікі аўта-шоу атрымалі граматы і памятныя сувеніры ад арганізатараў мерапрыемства. Падарункі і дыпломы пераможцам уручыў інспектар ДПС Юрый Янкін. Лепшымі з лепшых сталі вадзіцель раённага вузла паштовай сувязі Сяргей Парфёнаў (першае месца), супрацоўнік РАНС Яўген Казакевіч (другое месца) і вадзіцель аўтамабіля хуткай дапамогі Глыбоцкай ЦРБ Мікалай Ткачонак (трэцяе месца). Віншуем пераможцаў!

 

Наталля БЕЛЬСКАЯ  



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru