Многа творчых людзей на радзіме слыннага сына нашай зямлі Ігната Буйніцкага. У гэтым можна было пераканацца яшчэ раз падчас святкавання ў Празароках 155-ай гадавіны з Дня нараджэння заснавальніка нацыянальнага тэатра.
У разнастайнай шматфарбнай праграме свята ярка паказалі сябе мясцовыя артысты, народныя ўмельцы.
Настаўнік Празароцкай СШ Аляксандр Сулімаў, удзельнік фальклорнага калектыву вёскі Празарокі, расказвае:
—Выступаем не толькі перад мясцовымі жыхарамі, даём і выязныя канцэрты. У калектыве – людзі розных прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да песні, да народнага танца, музыкі. Ігнат Буйніцкі любіў слухаць беларускія песні. Адну з іх, “Ой, сівы конь бяжыць”, можа, самую любімую песню бацькі нацыянальнага тэатра, мы ўключылі ў свой рэпертуар і спяваем, дзе б ні выступалі. Адчуванне таго, што жывеш тут, на гэтай зямлі, адкуль пайшоў у вялікі свет Ігнат Буйніцкі, акрыляе кожнага вяскоўца. У гэтым – вытокі нашай творчасці.
Падчас юбілейнага свята ў Празароках шматлікіх наведвальнікаў радавала выстава работ народных майстроў глыбоцкага Дома рамёстваў і народных умельцаў вёскі Празарокі. Пра народных умельцаў — наш расказ.
Марыя Фурс, Людміла Слесаронак, Валянціна Крупко. У кожнай з жанчын – свой лёс, свае адчуванне і разуменне творчасці. Аб’ядноўвае іх – вялікая любоў да сваёй малой радзімы, адданасць бацькоўскаму дому.
—Жывём на хутары, тут бацькоўскі дом, — расказвае Марыя Фурс. – Як толькі муж пайшоў на пенсію, вярнуліся на сваю малую радзіму. Шыць я любіла з малых гадоў: у мамы была машынка Зінгер, і я сядзела каля яе і назірала за яе працай. Спрабавала паступіць у Бабруйскае мастацкае вучылішча. Конкурс – вялізны. 200 чалавек падалі дакументы, а набіралі толькі 30. Таму з Бабруйска паехала вучыцца ў вучылішча хімікаў. Скажу пра творчасць. Сястра Аліна аднойчы папрасіла мяне: “Пашый ляльку”. Я і пашыла, і мне лялька спадабалася самой. Купляла часопісы. Зноў вучылася. І цяпер ужо не шыць не магу. Вось школьніца (бярэ у рукі прыгожую ляльку), давайце ўявім, што яна ідзе ў першы клас. А вось гэта – прафесар, які будзе яе вучыць (цягнецца за другой лялькай). Зрэшты я не думала, што ў мяне такі прафесар атрымаецца. Атрымаўся! Думаеце, проста лялькі шыць? Я ж і дызайнер, і стыліст, і візажыст, і абутнік. Усе прафесіі асвоіла.
Марыя Фурс як народны майстар прымала ўдзел у сёлетнім “Славянскім базары” ў Віцебску і сваімі лялькамі проста зачаравала гараджан і гасцей гэтага фестывалю.
Празарокі – малая радзіма і Людмілы Слесаронак, якую ў вёсцы больш ведаюць як Тумчонак. Муж быў ваенным, таму па свеце давялося паездзіць шмат. Як сама прызналася, у сям’і ўсе былі рамеснікі: бабуля кручком вязала, мама шые і вяжа. Інжынер-будаўнік, Людміла асвоіла яшчэ прафесію дызайнера-фларыста, ландшафтнага дызайнера. Таксама робіць цацкі, лепіць іх з пап’е-машэ. Займаецца роспісам па шкле, цікава, што некаторыя яе работы нясуць у сабе неславянскія матывы.
—Выйшла на пенсію і вярнулася на радзіму, — гаворыць Людміла. – Мае работы вельмі любяць. Імі можна ўпрыгожыць сядзібу, іх можна проста дарыць.
Дорыць свае работы (зрэдчас прадае) і Валянціна Крупко, якая працуе ў мясцовым Доме культуры.
—У Празарокі выйшла замуж і ніколькі не шкадую аб гэтым, — прызнаецца жанчына. – Тут многія займаюцца творчасцю. Паспрабавала і я. У асноўным працую з бісерам. Папросяць мяне зрабіць штось – зраблю. Вяскоўцам падабаецца.
Вось такія яны, народныя ўмельцы вёскі Празарокі: розныя характарам, але падобныя ў сваім захапленні творчасцю. “Творчым людзям цікавей жыць”, – перакананы яны.
Алесь Жыгуноў